Ушаноўваючы Кузьму Чорнага
20 чэрвеня на радзіме выбітнага беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага ў а/г Цімкавічы Капыльскага раёна адбылося юбілейнае літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”. Традыцыйна штогод у гэтым мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, аматарскія калектывы раёна, мясцовыя жыхары і прыхільнікі творчасці Кузьмы Чорнага. Арганізатары свята – Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Капыльскі райвыканкам. Актыўны ўдзел на розных святочных пляцоўках прынялі і пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ. У музеі Кузьмы Чорнага прайшла літаратурная гасцёўня “Мелодыя жаночай душы”, дзе з лірычнымі вершамі выступілі паэты Рагнед Малахоўскі, Галіна Нупрэйчык, Паліна Дваранская, а таксама пачынаючыя творцы Аляксандра Жалязнова, Мацвей Лішын і Наталля Голубева. На галоўнай сцэне Падзякай за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны ўнёсак у арганізацыю і правядзенне літаратурна-музычнага свята “Цімкавіцкія вытокі” на працягу 5 гадоў Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры быў адзначаны старшыня аддзялення Леанід Крыванос.

Прэс-служба МАА СПБ




















