Зімовыя вершы

Лёля Багдановіч

Паімчаліся ў дзяцінства (маёй роднай вёсачцы Градзянка)

Новы Год ужо на ганку,
Дык спяшайцеся хутчэй –
Запрагайце зоркі ў санкі
І сядайце ў іх ямчэй!

Паімчаліся ў дзяцінства!
Там усіх чакае цуд.
Наша вёсачка-калыска:
Самы родны ў свеце кут! 

Мама з таткам, дзед, бабуля,
І браточкі, і сябры.
Будзем разам ладзіць гулі
Каля ёлкі і ў двары!

Прымацуем бабе снежнай
Састарэлы свой смартфон,
Каб не ведаючы межаў,
Зарапад лічыла дзён.

Заіскрыцца ўмомант вёска!
Зазвініць дзіцячы смех!
Каляровыя дзівосы
Вернуць да жыцця яе!

Аляксандр Быкаў

СНЕЖАНЬ

Снежань бясснежны,

Зоркі-калючкі.

У золкім бязмежжы

Ўсё не па-людску.

Ўсё недарэчна,

І не фартова.

Згорблены плечы,

Страчаны словы.

Лёсу скрыжалі

Сэрцам збалелым

Перамяшалі

Чорнае з белым.

Там, за парогам

Хаты прадзьмутай

Шэрань-аблога —

Як перад смутай…

Карнаухова Ирина

СНЕЖИНКА

На вязаную варежку снежинка опустилась,
Резная и лучистая, на солнышке искрилась.
«Какое чудо зимнее! – подумала девчонка. –
Ей холодно, наверное!» И дунула легонько.
Малышка вдруг красивая исчезла… От потери
Расстроилась Иришка, глазам своим не веря.

В. Гіруць-Русакевіч

 *   *   * 

Зімка зноўку засявае

залацінкі-зоркі,

Завіруха заспявала –

замяла задворкі,

засваволіла задзіра,

заскуголіла-завыла,

зухавата заіскрыла,

заінела, засняжыла,

звонка замарозіла,

зорным ззяннем зіхатлівым

зноў знянацку захапіла,

зноў закарагодзіла…

Марыя Шакун

 Калядачкі

Зімка, зімачка прыйшла,

Мяккая, пушыстая,

На зямельку прылягла

Воблачкамі чыстымі.

На зямельку прылягла

Белымі палотнамі

І сцяжынкі замяла

Снежнымі сумётамі.

Ах, зіма, зіма, зіма,

Любыя Калядачкі.

Свята лепшага няма –

Гульні, заляцаначкі.

Свята лепшага няма –

Пачастункі-чарачкі,

Ах ты, зімачка-зіма.

Светлыя Калядачкі!

Зімка, зімачка, кругом

Лёгкія сняжыначкі,

Запушыла серабром

Елачкі, хваіначкі.

Усё прыбрала, падмяла,

Навяла парадачак

І ў чаканні замярла –

Святак і Калядачак.

Ах, зіма, зіма, зіма,

Шчочкі разгараюцца,

Свята лепшага няма –

Новы год спяшаецца

І Хрыстова Ражаство,

Дзед Мароз, падарачкі.

Ах ты, зімачка, зіма,

Любыя Калядачкі!