Застанецца для нашчадкаў
“Дом, у якім мы жывём” – так называецца новая краязнаўчая кніга Віктара Сабалеўскага, што нядаўна выйшла ў маладзечанскай друкарні “Перамога”.
2021-2022 гады былі аб’яўлены гадамі гістарычнай памяці. З гэтай нагоды журналістамі і музейнымі работнікамі Уздзеншчыны быў распрацаваны сумесны праект, у ходзе якога жыхарам раёна нагадвалі пра найбольш адметныя падзеі, факты з мінулага роднага краю. Падрыхтаваныя за апошні час журналістам, пісьменнікам Віктарам Сабалеўскім нарысы, апавяданні, замалёўкі, публіцыстычныя нататкі были сабраны ў кнігу “Дом, у якім мы жывём”.
Асобны раздзел прысвечаны землякам, якія пакінулі значны след у гісторыі роднага краю – навукоўцам, пісьменнікам, мастакам, музыкам, людзям іншых прафесій, у лёсе якіх аўтар адшукаў малавядомыя раней эпізоды, факты, якія павінны зацікавіць чытачоў. У раздзеле “У райцэнтры і побач” сабраны звесткі пра тое, як жылі мястэчка, гарадскі пасёлак, горад Узда, некаторыя іншыя населеныя пункты раёна пяцьдзясят и болей гадоў таму, якія з архітэктурных помнікаў і старых будынкаў захаваліся і цяпер сведчаць пра жыццё нашых продкаў. А турысты, госці горада адшукаюць тут адрасы для цікавых знаёмстваў.
Кніга будзе карыснай для краязнаўцаў, настаўнікаў, школьнікаў, усіх, хто цікавіцца нашай мінуўшчынай, любіць і шануе спадчыну роднага краю.
Прэс-служба МАА СПБ

















