З жыцця літаб’яднанняў

У літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка” Уздзенскай цэнтральнай бібліятэкі імя П. Труса адбылося чарговае пасяджэнне уздзенскага літаратурнага аб’яднання “Нёманец”. Удзел у ім прынялі “старажылы” творчага працэсу раёна. Сярод іх адметна выдзяляліся члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Шытыка, Дзмітрый Вінаградаў і Віктар Сабалеўскі.

Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю выслухалі паведамленне аўтара шматлікіх раманаў Валянціны Шытыка аб працы над новай трылогіяй. Празаік Дзмітрый Вінаградаў чакае выхаду ў свет трох сваіх кніжак, рукапісы якіх ужо знаходзяцца ў выдавецтвах, адначасова ўдзельнічае ў міжнародных літаратурных конкурсах. Публіцыст і паэт Віктар Сабалеўскі падзяліўся ўражаннямі аб удзеле ў складзе абласной пісьменніцкай арганізацыі ў святкаванні на Стаўбцоўшчыне стогадовага юбілею коласаўскай паэмы “Новая зямля”.

Актыўны ўдзельнік літаб’яднання, ветэран Узброеных Сіл Міхаіл Чыгір запрасіў літаратараў прыняць удзел у падрыхтоўцы ўспамінаў, твораў, прысвечаных удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, чые прозвішчы змешчаны на помніку ў аграгарадку Сямёнавічы. Ухвальна сустрэлі прысутныя чарговыя лірычныя замалёўкі Ніны Лятун, новыя вершы членаў “Нёманца” Тамары Каляды, песні пра лета Вольгі Бокуць-Чабатаровай.

Напрыканцы сустрэчы былі вырашаны новыя напрамкі сумеснага культурнага і літаратурнага супрацоўніцтва ў раёне.

Прэс-служба МАА СПБ