З. Прыгодзіч. Вершы пра каханне

Каханне прыносіць не толькі шчасце, радасць, асалоду, але і трывогі, расчараванні, а, здараецца, і пакутлівы боль. I ўсё ж, калі б прапанавалі выбіраць — душэўны спакой ці каханне з усімі яго непазбежнымі выдаткамі, — я, не вагаючыся, выбраў бы каханне. Бо спакой душы — гэта прыжыццёвая смерць. Паўнату ж, паўнакроўнасць, сапраўднае багацце жыццю надае толькі каханне.

Вершы, сабраныя ў гэтай падборцы, — пра тое ж.

Спатканне

Я так даўно цябе чакаў!

Ішоў скрозь вёсны, леты, зімы,

Але нідзе не сустракаў

Я той, каго б назваў любімай.

Я так даўно цябе шукаў

Па сцежках, бальшаках,

гасцінцах.

Але нідзе не напаткаў

Я той, каго б назваў адзінай.

Я вобраз твой у мроях ткаў

З рэальнага і незямнога.

Цярпліва верыў і чакаў

Я тую, што даецца Богам.

I раптам —

як вясёлка ўваччу

I плынь святла жывога…

Смяюся я, і плачу, і шапчу:

Нарэшце ты прыйшла…

Любімая!..

Адзіная!..

Ад Бога…

Не прыедзе…

Дожджык сее спорна, густа

З адзінокай хмары рванай…

Як няўтульна мне і пуста

Без каханай, без каханай!..

Папрасіў я ветрык ранні

Для тае, каго кахаю,

Перадаць маё пасланне:

«Я чакаю! Я чакаю!..»

І Над лесам, над далінай

Угары пачуўся недзе

Крык самотны жураўліны:

«Не прыедзе… Не прыедзе…»

Не дарую ніколі…

Зацяжному дажджу,

што спатканне

з табою сарваў, —

я даўно дараваў.

І на снег-ветравей,

што дарогу

к табе замятаў,

крыўдаваць я не стаў.

Дый на лёс свой,

што позна

цябе спаткаў,

я ні разу не наракаў.

Нат на тых,

хто хацеў нас

з табой разлучыць,

сэрца маё маўчыць.

А вось грыпу,

які аж на тыдзень

цябе змог адняць,

я, напэўна, навек

не змагу дараваць.

* * *

Я прадчуваў, што бура будзе,

Ўзарвецца купал цiшынi…

А сэрца замiрала ў грудзях,

А сэрца прагла вышынi.

I вось прабег шумок па лiсцi,

Гул нарастаў, iшоў здаля…

I паплыла з-пад ног кудысьцi

Ды закружылася зямля.

I заспявалi флейты, скрыпкi…

Я скрозь ружовы плыў туман.

А пада мной, унiзе, дыбкi

Ўставала мора-акiян.

І я ўзлятаў, раскалыханы,

У неба аж да самых зор.

I ўжо не флейты, а арганы

Страсалі зранены прастор.

Купаўся я ва ўсiх стыхiях

І быў з багамi нараўне.

Ды хвалi стромкiя, тугiя

На бераг вынеслi мяне.

I на дыван зялёны, пругкi

Упаў, стамлёны, ледзь жывы.

Змаўкалі ўвысi чараў гукi,

бы адляталi журавы.

Паволi мора ацiхала,

Душу лагодзiў родны пах…

Са мною побач ты ляжала

З усмешкай шчасця на губах.