Хведар Гурыновіч. Вершы

Ashampoo_Snap_2015.12.13_12h12m09s_002_Накцюрн

Праз стыглае акно

Зара цьмянела цяжка,

Як моцнае віно

У зацямнёных пляшках.

Змрок вобмацкам ішоў

У спальню, каб не збіцца,

І твар хаваў у шоўк

Юрлівае спадніцы.

І шчырасць, і палон

Узбуджанага цела —

Сукенка, нібы звон,

Змяілася, трымцела.

Як рыба на вірах,

Праз шоўк бялелі сцёгны.

І вінная зара

Цякла па столі цёмнай.

А ў дворыку ў галлі

Свяціўся ветах мокры,

І п’янымі былі

Падсвечаныя вокны.

Дэбаты

Зноў у парламенце дэбаты,

Зноў у бюджэце ў нас пралік.

А над палянкаю, дзюбаты,

Шчыруе звечара кулік.

Ён самку горача шукае,

Як сто, як трыста год назад.

 І шакаладнымі жукамі

Уся аблеплена лаза.

А захад рыжы, быццам гліна.

Гэй, скульптар-май, сядай лацвей!

Ужо для будучага гімна

Ладуе ноты салавей.

Я вершы ўсе свае па слоўку

Табе аддам не для хвальбы.

А ты мне вылепі салоўку,

Такі ў мяне ў дзяцінстве быў.

Я сам замес зраблю ў начоўках.

«Нашто?» — карціць табе спытаць.

Я засвістаць хачу, зашчоўкаць,

Лясной паляны дэпутат.

Каб і мяне ў сталічным гуле

Пад тэлефонныя званкі

Усё ж заўважылі, пачулі,

Што ёсць — адзначылі! — такі.

Каб даказаць, што я не горшы

За тых, што з вершамі ў чарзе,

Што я спяваю не за грошы

І не змаўкаю балазе.

Я паступаю, пэўна ж, дзёрзка,

Але павер, прыяцель, мне —

Я дакажу, што ў Салігорску

У нас паэзія ў цане.

Я падзялю з табой пароўну

Усё, што ў сэрцы маю сам,

Вазьму з сабою ў свет чароўны,

Які я ў вершах апісаў.

Я з зорак выкладу арнамент,

Вясёлку выспелю ў вадзе…

А ў стольным Мінску зноў парламент

Дэбаты бурныя вядзе.

Векапомнае

Пыл з-пад колаў — даўкі, вяжучы.

Конь са сцёртаю падковаю.

Клуб на ўзгорку: чэсна кажучы,

Хата простая вясковая.

Але ўтульная, ахайная,

Хоць ужо й старая трошкі.

Праўда, ў суме цэлафанавым

Вокны, нібы ад бамбёжкі.

Цэлафан прадраны, быццам бы

Шкло прахукана марознае.

Пад бярэзінамі ніцымі

Не хавае слёз Бярозаўка.

Майскі дзень — прыветны, сонечны.

Пах півоневы ліецца.

Сем дзясяткаў гон сягоннячы,

Як сяло спалілі немцы. —

Дзеткі збеглі ў ельнік рэдзенькі,

Да любой бяды гатовыя…

Вёска слухае Дзялендзіка

Дзевяностадвухгадовага.

Незабыўнае, гарэтнае…

Не, яно не скора скончыцца.

Я даўлюся цыгарэтаю,

Мне раўці таксама хочацца. —

Над Бярозаўкай палаючай

Пахла чорнымі картоплямі, —

Плача Жэня, ўспамінаючы,

Бацьку як жывым закопвалі.

Ах, сорак другі, маланкавы,

Векапомны год пакутлівы!

Паўрасталі ў жвір зямлянкамі,

Дзетварэчу ў мох паўхутвалі.

Голад шчэрыўся пагрозліва,

Прапаноўваў сук з вяроўкаю.

Прычакалі ўсё ж малодзіва,

Хоць з адзінаю кароўкаю.

Праз слязу скупую глянеце:

Шчэ і зараз не астылі

Папялішчы ў Ямным, Грамаце,

У Хадыках, у Хатынях…

Дзед закашляўся махоркаю.

Ад’язджаем надта рана мы,

І таксама чарку горкае

Паднімаем з ветэранамі.

П’ём за іх, за вечнасць цэлую,

Тост пры гэтым не гаворачы.

І маўчаць бярозы белыя

Каля клуба на падворышчы.

Сумнае

Увяданья золотом охваченный…

Сяргей Ясенін

Павукі сумотным срэбрам

Вербалоззе азарылі.

Небасхіл ніжэе зрэбны

Над качынай азярынай.

Крылаў звон — струной напятай.

Лодка сушыць клюшні вёсел.

Наступае мне на пяты

Шэсцьдзясят другая восень.

На скрылі лямеш парэзаў

Клін жытнёвы за лагчынай.

Ах, ты, верасень, — гарэза

З сумнаватымі вачыма.

Я ахоплены таксама

Пазалотай завядання.

Шпак збіваецца ў прысадах,

Быццам клавіш западае.

А было — ў вясёлках росных

Паласкаў ён песняй горла.

Я таксама з песняй гойсаў

І гатоў звярнуць быў горы.

Мне таксама ў ладкі хлопаў

Свет вакольны днём вясеннім…

Быў і я калісьці, хлопцы,

Кучаравым, як Ясенін.

Інстынкт

Пясчаная горка, алешнік руды.

У золаце жыта — валошак радзімкі.

Бацькоўская хата, тарфянік, клады…

Усё, што завецца малою радзімай.

Іржавы лужок, раскаракі кусты.

Сумота, з якою цвітуць незабудкі.

Адкуль жа ён, гэты сабачы інстынкт, —

Радзіму любіць, як дашчаную будку?

Нашу я ўсё гэта з дзяцінства ў душы —

Не госць, не прыблуда і не пастаялец.

Для кожнай сцяблінкі я тут не чужы,

Баліць мне, які б ні парэзаў я палец.

За мёртвых баліць і баліць за жывых,

Баліць за радню і баліць за вяскоўцаў,

За тое баліць, што падманваюць іх,

Што глушыць дзяржава гарэлкай бясконца.

Дзяржавай — а кім? — падмануты і я,

Але не кляну, не ашчэрыўся зверам.

Радзіма — балючая маці мая,

І я ёй шчымліва, пакутліва веру.

Я ў веры-надзеі яшчэ не астыў,

Хоць рана крывавіцца ў сэрцы скразная.

Адкуль жа ён, гэты сабачы інстынкт?

Не знаю, не знаю… Не знаю…

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/12/49-2015.pdf