Вяртанне ў дзяцінства

Ужо не ўпершыню госцем вучняў Уздзенскай сярэдняй школы №2 імя К. Крапівы стаў пісьменнік Віктар Сабалеўскі.

На гэты раз слухачамі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з аздараўленчага лагера. Надвор’е ў апошнія дні не вельмі песціла, але дзеці і ў такіх умовах знаходзілі нямала цікавых заняткаў. Адзін з іх – сустрэча з мясцовым літаратарам у ходзе рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Віктар Вацлававіч расказаў пра сваё дзяцінства, чытаў вершы, напісаныя і ў школьныя гады, і пазней, якія вяртаюць слухачоў у прынёманскую вёску Марозавічы, што на Стаўбцоўшчыне. Пераважна гарадскія дзеці з цікавасцю слухалі творы пра касьбу і грыбныя паходы, маляўнічыя сельскія краявіды і любоў да роднага краю. Тэма Радзімы прысутнічае і ў новых творах паэта. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі актуальнымі сталі вершы і пра лёсы дзяцей, што жылі пад прыгнётам акупацыі, і пра выхаванне патрыятызму ў сучасных дзяцей, падлеткаў. Напрыканцы сустрэчы школьнікі зачытвалі радкі з вершаў Віктара Сабалеўскага, за што атрымалі салодкія прызы.

Прэс-служба МАА СПБ