ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…

Восень… Любімая пара паэтаў… Колькі пра яе напісана вершаў,  санетаў, песень…

Паэтэса і пісьменніца з Уздзенскага раёна

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

прапануе ўвазе чытачоў “ВОСЕНЬСКУЮ ПРЭЛЮДЫЮ”

   ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ

Нібы тэлеграма,
Жоўценькі лісточак –
На далонь кладзецца,
Восені слядочак.
Ззяе пазалотай
Кропелька-расінка,
На лісточку клёна –
Восені слязінка.
З промнікаў ласкавых
Лёгкаю націнкай
Бабінага лета
Тчэцца павуцінка.
А з лістоў апалых –
Цёплая пярынка.
Справы дбайна ладзіць
Восень – гаспадынька.

СПАДЗЯВАННІ ВОСЕННЮ

Каляровы дыван
Мне пад ногі
Раскінула восень.
Я гуляю ў парку,
Тут калісь
Напаткала каханне.
Аблачын карагод
Занавесіў
Нябесную просінь,
Ды хвалюецца сэрца,
Нібы я
Зноў прыйшла на спатканне.
Ветравей закружыў
На сцяжыне
Знямоглае лісце.
У палёце дажджынак
Танчыць восень
На мокрым асфальце.
Я з надзеяй
Гляджу ў далечынь,
Адшукаецца выйсце.
Толькі некалькі крокаў…
Дрэвы моўчкі застылі на варце.

               ДУБ – КАРЖАК

Што стаіш на гары, дуб – каржак векавы?
Голле болей не родзіць лістоту.
Вольнай птушкай снуюць над табою вятры,
Ім тваю не развеяць самоту.
А навокал квітнее наднёманскі край,
Гладзь азёр сінявокіх чаруе.
Верасова-валошкавы дзіўны мой рай,
Тут жыццё шумнай плынню віруе.

ВОСЕНЬСКІ СЮЖЭТ

Па лісточку злятае восень,
Белым срэбрам ралля працята.
Зрэдку блісне у небе просінь,
Мы ж чакаем цяпла заўзята.
Парасон ад дажджу хавае,
Заблукала бабіна лета.
Жоўты ліст танчыць з ветрам, кружляе.
То прэлюдыя да сюжэта.

   ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ