Віншаванне з Днём роднай мовы!
Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ
Мова беларуская мая
“Белорусский язык настолько красив,
что я могу на нём только петь”
Уладзімір Мулявін
Чыстым звонам ручайка,
У паднябессі жаўрука,
Спелай нівы каласка
З мілай сінню васілька –
Мова беларуская мая.
Ветразь мой і мой маяк,
Да бацькоўскай хаты шлях
Роснай сцежкаю ў палях…
Не любіць цябе мне як,
Мова беларуская мая?!
Сам Пясняр табою пеў!
Як пачуў, то зразумеў
(Гаварыць хоць так не ўмеў)
Мілагучны твой напеў,
Мова беларуская мая.
Прыгажосць твая гучыць
У нашых песнях, значыць жыць
Будзеш, покі нам тут быць,
Усёй душой цябе любіць,
Мова беларуская мая.
Песні новыя звіняць!
І ніколі не адняць,
Покуль будзем шанаваць,
Пець і размаўляць на ёй,
Мове беларускае маёй.
Ганна МІКЛАШЭВІЧ
Мова
Мне сёння шчасна ад твайго святла
О, мова, прыгажэйшая ў свеце!
З маім народам ты вякі жыла,
Няхай і сёння чуюць цябе дзеці.
Я ўсё нутро сваё і ўсю душу
Пускаю праз струмень твой жыватворны,
З табой чытаю, думаю, пішу,
Лаўлю акорд мажорны і мінорны…
Пявучая, крынічная мая,
І рэштка ты жыцця закона…
Ты ў шуме дрэў, у трэлях салаўя…
Ты для мяне свяцейшая ікона…
Паслаў з нябёс сам Бог ці чарадзей,
Тулюся да цябе, нібы да маці…
Ляці, спявай, вяртайся да людзей,
Гучы і сёння ў беларускай хаце.
Марыя ШАКУН
Слова
Паміж першым словам і апошнім
Пралягае цэлае жыццё,
Выказаць любое пачуццё
Можна словам добрым і прыгожым.
Мова наша – божы падарунак,
Мова наша ад дзядоў, матуль,
Як святыню ты яе шануй,
Гэты дар, і скарб, і паратунак.
Слова роднае – душы крупіца,
Слова моўленае не вярнуць.
Ты яго заўсёды вартым будзь,
Бо яно – жыццёсцвярджальная крыніца.
Віктар САБАЛЕЎСКІ
Родная песня гучыць
Беларуская песня гучыць
Над прасторамі любай Радзімы,
За сабою заве ўдалячынь,
Немагчымае робіць магчымым.
Ад калыскі пачатак бярэ,
Дзе матуля дзіцятка люляе,
І, як самы святы абярэг,
Мовай спеўнай здароўя жадае.
Напрадвесні звініць ручайком,
Гудзе пчолкай у квецені майскай,
Над палеткам ляціць жаўруком,
Свет адорвае ціхаю ласкай.
Беларуская песня гучыць
Мілагучная, цёплая, шчырая,
Пералётнаю птушкай імчыць
На радзіму з далёкага выраю.
Ажывае падворак і дом,
І душа безупынна спявае
Незвычайным, чароўным святлом
Песня кожнага з нас акрыляе.
І вясёлы, і сумны настрой
З роднай песняй заўсёды падзелім.
Мы упэўнены: збудуцца з ёй
Нашы мары, жаданні, надзеі.
Нібы лекар, умее лячыць,
Як настаўнік, нас добраму вучыць…
Беларуская песня, гучы,
І нішто нас з табой не разлучыць!
Міхась КУРЫЛА
З роднай мовай
З роднай мовай да нас пранікае паветра,
Каб мы дыхалі лёгка на роднай зямлі.
Каб жыла наша памяць, сіла і вера,
Каб, адзінствам з’яднаныя,
Мы ў свой ранак натхнёна паверыць маглі.
З роднай мовай у нас пасяляецца сонца,
Зоры ясныя ў час асвятляюць шырокі наш шлях.
Родзіць бульба і жыта ў роднай прыгожай старонцы
І гуляюць зубры па пушчанскіх прасторных лясах.
З роднай мовай глядзім мы ў вочы суседу,
Памяркоўная нацыя… І душой не крыві.
Любім нашу культуры, асвету тактоўную, веды,
Без чаго нас не прымуць калісьці ў Раі.
Не цураемся працы ніякай. Бо ў працы аснова.
Небаракі, а гуртам мы можам і горы звярнуць.
Нас яна гадавала і ў сусвет выпраўляла –
Родная мова…
Лепшай долі не прагнем, бо грахі не даюць.
Людміла КРУГЛІК
Мы ‒ беларусы!
Гуляе па травах стагодзяў вятрыска
І ціха спявае, схіліўшыся нізка.
Напеў той зямны мне знаёмы спрадвеку
Матуліна слова ў ім, прашчураў рэха…
Міргае лучына, і ў хаце размова,
Чытаецца кніга на роднай нам мове.
Аб сіле яе, што ідзе да народа,
Аб шчасці і долі, шляхах да свабоды.
І ты, мой нашчадак, шануй гэта слова,
А з ім мелагучную, родную мову,
Якая ішла праз пакуты шляхамі,
Па полі жытнёвым басымі нагамі.
Бо мова ‒ наш голас, што мы ‒ беларусы,
І аіста клічам бацян альбо бусел.
Хістае вятрыска стагодзяў галовы,
І продкі вядуць з намі ціха размову.
Галіна НУПРЭЙЧЫК
Скарб
Аднойчы ўвекавечанае слова
Пяць соцень год нязгаснай зоркай свеціць.
Жыве-гучыць далёкіх продкаў мова ‒
І памяць аб мінулым ёсць на свеце.
У літарах яна зашыфравана,
З любоўю перададзена нашчадкам.
Гартае час у кнігах друкаваных
Жыцця адрэзкі ‒ ад першапачатку.
Скарыны слова ‒ сіні купал неба
Над клінам красавіцкім жураўліным,
Люстэркі рэк, валошкі ў полі хлеба,
Агеньчыкі суніц і журавінаў.
Першадрукар, асветнік і вучоны,
Старонкі беларускай сын сумленны
Прынёс у дар славянам скарб каштоўны.
У скарбе ‒ запавет для пакаленняў.
Галіна МАРОЗ
Матуліна мова
Як забыць сваю родную мову,
Што падобна на спеў салаўя,
Дзе душэўныя, шчырыя словы
Лечуць сэрца і думы здаля?
Як яе не любіць, адкажыце?
Гэта ж пах летніх траў лугавых,
Васількі-сінявочкі ў жыце,
І паклон каласоў залатых.
І пяшчотных матуль калыханка,
Хуткаплынны, вясновы ручай,
І святочны абрус-вышыванка,
І шумлівы бярозавы гай.
Гэта ветлівы клёкат бусліны,
Залаты каравай на стале,
Гэта ‒ ні́быта сэрца Радзімы,
Непаўторнейшы воблік яе…
Дарагая матуліна мова,
Ты жыві, праслаўляйся ў вяках!
Не дай Божа якая знямога ‒
Я цябе панясу на руках!
Таццяна ЦВІРКО
Мая мова
Як назваць цябе, каб непаўторна?!
Каб з любоўю ад сэрца ішло?
Сілай дзіўнай, рачулкаю зорнай?
Днём купальскім, што дорыць цяпло?
Чараўніца ты! Ой, чараўніца!
Непрадбачны твае сляды.
Ты ў гамонках вятроў і крыніцаў
І ў світанках, і ў красках – ТЫ!
Ты навучыш жыццю адмыслова,
І сагрэеш, і ласкай прывеціш.
Мая дзіўная родная мова!
Наймілейшая ў цэлым Сусвеце!
Леанід КРЫВАНОС
* * *
У царкву прыду
Ў пошуках шчасця,
І перахрышчуся, –
Згінуць хай напасці.
Галаву схілю
Перад святым лікам, –
Можа на тым свеце
Будзе мне залікам?
Свечку запалю
За здароўе родных.
Чарада замроіцца
Дум высакародных.
Павяду прад Богам
Шчырую размову.
Папрашу драбніцу –
За родную мову.