Вікторыя Валяватая (8 клас ДУА «Заслаўская гімназія»)
Легенда пра рэчку Чарніцу
Даўным-даўно ў горадзе Заслаўі жыла княгіня Рагнеда. Яе сюды разам з сынам Ізяславам з-пад Кіева выслаў муж – князь Уладзімір – за тое, што Рагнеда хацела забіць яго, помсцячы за сваіх бацькоў і братоў.
Князь Уладзімір пабудаваў для сына горад, які стаў называцца Ізяслаўль. А цяпер мы завём яго Заслаўе.
У Заслаўі Рагнеда прыняла хрысціянскую веру пад імем Анастасія і стала першай манашкай на старажытнай Беларусі. Яна стала асветніцай і дапамагала простым людзям.
Лёс Рагнеды быў вельмі цяжкім, а слёзы – горкімі. У час жыцця ў Заслаўі яна часта выходзіла ў поле за паселішча і там плакала. Слёзы гаротнай жанчыны не знікалі, а цяклі па роднай зямельцы і ператварыліся ў рэчку, якая і зараз цячэ праз мой родны горад Заслаўе. У гонар Рагнеды гэту рэчку назвалі Чарніцай, бо ў старажытнасці манашак называлі чарніцамі.
У Заслаўі ёсць Чарніца,
Гэта рэчка, не крыніца.
Нешта шэпча яна гаю…
Пра жыццё мо ў родным краі?
Шлях яе здалёк ляжыць,
І яна бяжыць, бяжыць…