В.Гіруць-Русакевіч. Вершы

ДАЙ ЖА, БОЖАНЬКА

Ой дай, Божанька, ды здаровейка,

Каб яшчэ палятала,

Птушкай-жаўранкам ды над родненькім

Краем песні спявала.

Над валошкавым ды рамонкавым

Сінявока-бялявым

Краем, любай маёй старонкаю,

Што авеяна славай.

Трапяткой уздымуся птушачкай,

Надзіўлюся ўволю

Ды як ветрыкі ніву гушкаюць

На ўраджайную долю,

Ды як рэчанькі ўюцца стужкамі

Між лугоў траўна-спелых…

Каб я вернаю быць дашучкаю

Свайго краю ўмела!

Дай жа, Божанька, сэрцу розуму

Ўсё цаніць у любові,

Каб лагодзілі, не марозілі

Маёй песні ўсе словы.

І адвечную, і што сённейка

Пелі славу старонцы

Беларускае – маці родненькай

Пад яе небам, сонцам.

Дай жа, Божанька, ды людцам усім –

Краю роднага дзецям,

Каб жа дзеткамі сапраўды былі

Найудзячнымі ў свеце

Свайго краю, сваёй староначкі –

Кроўна-роднае маці.

Птушкай вольнаю, жавароначкам,

Каб і мне ёй спяваці.

МАЕ КАРАЛІ

Мая вясна мне з радасцю дарыла

На белае шыфонавае плацце

Крышталю чысціню й аквамарына.

Ну як было ўсё гэта не ўзяць мне?..

І ў вальсе юным лёгка так кружыла!

Жыццё ж адводзіла вясну ўсё далей.

Я й не заўважыла, калі згубіла

Свае наіўнай чысціні каралі…

Як плакала па іх у травах росных,

А ветрык цёплы суцяшаў так міла.

І з камянёў шматкаляровых розных

Каралі новыя мне лета падарыла.

Яны зіхцелі ярка і прыгожа,

Так ажыўлялі ўбор мой паркалёвы,

Што ўслед нязменна азіраўся кожны,

Залюбаваўшыся ці мной, ці на абновы…

Баль развітальны шчодры з летам справіла,

Махнула ўслед хусцінкай без адчаю.

І вось бурштын у золата апраўлены

Убор мой новы гожа аздабляе.

Яго мне шчодра так паднесла восень,

Як гаспадыня ўзросту залатога.

З падзякаю, за ўсё, што ўжо збылося,

Хачу даўжэй ісці яе дарогай.

І прымяраць бурштын той і рубіны,

Што жарам, хоць і познім, сэрца грэюць.

Іх сыпнулі каліны і рабіны…

Не разгубіць дар гэты ці сумею?..

ЧЫСЦІНЯ ДУШЫ

Жыццё стамляе цела – не душу.

Калі яна была акрыленай і чыстай,

Такой застанецца і пад вясновы шум,

І ў лета квецені, і ў восені маністах,

І ў зімы марозы-халады…

І як жыццё ў целе ўжо растае,

Душа крылата-чыстая заўжды

Ў нябёсы лёгка-вольна ўзлятае.

Каб несці і адтуль сваё святло,

За душы іншых просячы ў Бога,

Каб з добрых думак, добрых спраў і слоў

Іх ткалася жыццёвая дарога.

Я ведаю, з вышыняў тых і вы,

Найблізкія, найдарагія людзі,

Спрыяеце, каб лёс які б не быў, –

Не складваць крыл,

не даць душу забрудзіць.

І я Усявышняга малю-прашу,

З падзякаю за ўсё, што маю, мела,

Каб захаваць у чысціні душу

Цяпер, калі раней так не ўмела…

* * *

Не дай жа, Божухна, прашу, не дай

Сябе узносіць, іншых прыніжаць.

Калі магу штось — Твой то Боскі дар,

А мне яго сумець бы захаваць.

То не мая заслуга, а Твая,

Што зорка Творчасці і мне гарыць.

Хіба ж магу, мой Уладару, я

Сабе прысвоіць усе Твае дары?

Дазволь дзяліцца толькі імі мне,

У дабры, пакоры іншым несучы.

У душу не дапускаць гардыню, гнеў,

І словам не калечыць, а лячыць.

* * *

Восені золата меддзю пабітаю

Стала пад слёзнасцю хмараў.

І адляцелі у вырай нязбытыя

Жураўліныя мары.

Толькі сінічка даверліва ценькае

Каля акенца-кармушкі.

Сыпну ўдзячна я зенейка жменьку ёй:

— Дзякуй, за вернасць, птушка!

Ты прылятай і ў дзянёчкі марозныя,

Не баючыся завеі,

Ценьканнем-песняю высушы слёзанькі,

Разам зіму адалеем.

А калі сад зноў вясною захмеліцца,

Стане табе цёпла-вольна.

А да мяне жураўліныя вернуцца

Мары ў шчаслівую долю.

* * *

За залевамі, за мяцеліцай

Усё да лепшага ў нас пераменіцца,

Цёплынёй неба сінь запраменіцца

І зіма вясною абернернецца.

І мелодыя светла-пяшчотная,

Што ліецца з нябёс свабодна так,

Зноў напомніць забытае роднае,

Ад якога душа лагоднее.

Матылькова-птушынымі стайкамі

Ураз сняжынкі халодныя сталі ўсе.

І ільдзікі ў сэрцах растайваюць,

Што былі балюча-растайнымі.

Стала блізкім было што дальняе,

Як з землёю неба світальнае.

* * *

А час сляды замятае…

Ды не паддамся адчаю –

Мару, люблю і кахаю.

Працай, турботамі будзен

Хай перапоўнены будзе

Дзень, каб дабро дарыць людзям

Сёння і заўтра –бясконца,

Покуль жыву тут, пад сонцам,

Покуль жыву – аж да донца.

Сляды-радочкі

Нібы сляды па першапутку,

Парыпваючы ледзьве чутна,

Па белым аркушы паперы

Прабег радочак верша першы.

За ім яшчэ нашэпча сэрца –

Радочакаў ланцужок не рвецца,

Вядомых думкаю, душою…

Усявышні, дзякуй за такое

Балюча-ўзвышанае шчасце –

Душу адкрыць так смела насцеж

І гаварыць на мове сэрца.

За веру, што ўжо не сатрэцца,

Што нешта ўсё ж змагу пакінуць,

Што між віхур жыцця не згінуць

Між іншых і мае слядочкі –

На белым аркушы радочкі.

ЖЫЦЦЁВЫ КАРАГОД

Мае дзянькі так спешна карагодзяць:

То веснімі пялёсткамі пяшчоты,

То восені стракатым яркім лісцем…

І, падуладна часу і прыродзе,

Закружаць белыя сняжынкі потым.

І ўжо не будзе, як было калісьці…

Вясновых красак водарам дурманным

Мае гады-дзянёчкі не заквецяць–

Даўно ўжо адцвілі яны, апалі…

І цепліцца ў душы маёй жаданне:

У бабіным бы затрымацца леце,

У залацінках восені найдалей…

ОЙ, КРЫНІЧАНЬКА-КРЫНІЦА

Не шукаю я прычыны,

Каб з табой сустрэцца,

Тут вадзіцы я павінна

Зачарпнуць вядзерца.

Ой, крынічанька, крыніца,

Ой, гаючая вадзіца,

Ты разваж дзяўчыну:

Чаму ёй штоночку сніцца

Той сусед-хлапчына?..

Толькі як іду з вадою,

Усё цябе спаткаю.

Маё сэрца маладое,

Пэўна, ўжо кахае…

Ой, крынічанька, крыніца,

Ой гаючая вадзіца,

Ты разваж дзяўчыну:

Чаму ёй штоночку сніцца

Той сусед-хлапчына?..

Зноў і ўноў нашу вадзіцу…

Я ж не вінавата,

Што крынічанька бруіцца

Каля тваёй хаты.

Ой, крынічанька, крыніца,

Ой гаючая вадзіца,

Ты разваж дзяўчыну:

Чаму ёй штоночку сніцца

Той сусед-хлапчына?..

Ой, чаму штоночку сніцца

Той сусед-хлапчына?..