Увага! Конкурс! Слаўная кампанія: рэANIMAцыя

Рэдакцыя часопіса «Маладосць» сумесна з кафедрай гісторыі беларускай літаратуры БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі аб’яўляе конкурс біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя (пры ўмове ахопу ўсяго жыццёвага і творчага шляху літаратара).

Патрабаванні: жанр — дакументальна-мастацкі, аб’ём — ад 40 да 80 тысяч знакаў (з прабеламі), форма — свабодная (эсэ, жыціе, літаратурная біяграфія, белетрызаваны біяграфічны нарыс, эпісталярная публіцыстыка, літаратурны партрэт, псеўдааўтабіяграфія, стылізаваныя мемуары, гістарычная аповесць і інш.), з арыентацыяй на займальнасць і чытацкія густы патэнцыяльнай адраснай аўдыторыі (вучні старшых класаў, студэнты і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднай літаратуры).

Узрост удзельнікаў конкурсу неабмежаваны.

Конкурс праводзіцца ў тры этапы:

І — прыём заявак ад удзельнікаў  (23 красавіка — 24 чэрвеня 2018 года, форма заяўкі прыкладаецца);

ІІ — прыём тэкстаў (1 мая — 31 кастрычніка 2018 года);

ІІІ — праца журы па вызначэнні пераможцаў (1 лістапада — 21 снежня 2018 года).

Заяўкі і творы прымаюцца на адрас vdsd@tut.by.

Пераможцамі конкурсу будуць лічыцца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Пераможцы атрымаюць дыпломы і грашовае ўзнагароджанне.

Лепшыя творы будуць надрукаваны на старонках часопіса «Маладосць». Плануецца таксама выданне асобнай кнігі лепшых літаратурных біяграфій беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя.

З Інструкцыяй аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу можна пазнаёміцца на сайтах арганізатараў.

Імёны літаратараў,

жыццяпісы якіх прапануюцца для мастацкага асэнсавання

  1. Вікенцій Равінскі (1786—1855) — паэт, драматург, найбольш верагодны аўтар паэмы «Энеіда навыварат».
  2. Ян Баршчэўскі (1794—12 сакавіка 1851) — празаік, паэт і выдавец.
  3. Ян Чачот (24 чэрвеня 1796 — 23 жніўня 1847) — паэт, філамат, фалькларыст, этнограф і драматург, сябра Адама Міцкевіча.
  4. Франц Савіч (1815—1845) — паэт, публіцыст, мемуарыст, удзельнік вызваленчага руху.
  5. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (4 лютага 1808 — 29 снежня 1884) — паэт, драматург, заснавальнік нацыянальнага тэатра, класік новай беларускай літаратуры.
  6. Уладзіслаў Сырако́мля, сапраўднае імя Людвік Кандрато́віч (29 верасня 1823 — 15 верасня 1862) — паэт, публіцыст, драматург, крытык, перакладчык, этнограф.
  7. Вінцэсь Каратынскі (чэрвень 1831 — 7 лютага 1891) — паэт, перакладчык, публіцыст.
  8. Пранціш Вуль, сапраўднае імя Элегій-Францішак Карафа-Корбут (21 красавіка 1835 — 1880) — паэт і публіцыст, удзельнік паўстання 1863—1864 гг. на Віцебшчыне.
  9. Кастусь Каліноўскі (2 лютага 1838 — 22 сакавіка 1864) — рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі і Літве.
  10. Альгерд Абуховіч (6 жніўня 1840 — 22 жніўня 1898) — паэт, байкапісец, мемуарыст і перакладчык.
  11. Францішак Багушэвіч (21 сакавіка 1840 — 28 красавіка 1900) — паэт, празаік, публіцыст і перакладчык, класік новай беларускай літаратуры.
  12. Эліза Ажэшка (6 чэрвеня 1841 — 18 мая 1910) — празаік, публіцыст, аўтар апавяданняў і аповесцей пра жыццё беларускага сялянства і шляхты, сяброўка Ф. Багушэвіча.
  13. Зоф’я Манькоўская (26 лістапада 1847 — 24 верасня 1911) — паэтка і перакладчыца.
  14. Янка Лучына, сапраўднае імя Ян Неслухоўскі (6 ліпеня 1851 — 28 ліпеня 1897) — паэт, нарысіст і перакладчык.

Заяўка ўдзельніка

  • Прозвішча, імя, імя па бацьку
  • Год нараджэння
  • Месца пражывання
  • Род заняткаў
  • Нумар тэлефона і электронны адрас
  • Выбраная асоба са спісу літаратараў

ІНСТРУКЦЫЯ

Аб парадку арганізацыі і правядзення

Конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя»,

прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя (конкурс прымеркаваны да Году малой радзімы і 65-годдзя часопіса «Маладосць»)

  1. Агульныя палажэнні
  • Інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення Конкурсу біяграфічных твораў « Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя (далей – Конкурс).
  • Мэты Конкурсу:
  • развіццё ў сучаснай беларускай прозе гісторыка-біяграфічнага жанру;
  • заахвочванне літаратараў да працы ў рэчышчы дакументальна-мастацкай творчасці;
  • патрыятычнае выхаванне моладзі і папулярызацыя гісторыі айчыннай літаратуры.
    • Арганізатары Конкурсу (далей – Арганізатары): кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, рэдакцыя часопіса «Маладосць» Выдавецкага дома «Звязда» пры інфармацыйнай падтрымцы Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
    • Журы Конкурсу складаецца з прадстаўнікоў Арганізатараў. У журы ўваходзяць: Людміла Сінькова — доктар філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, Ірына Багдановіч — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, Ігар Запрудскі — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ, Святлана Воцінава — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», Ірына Шаўлякова-Барзенка — кандыдат філалагічных навук, начальнік Адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.
  1. Парадак арганізацыі 
  • Інфармацыя пра Конкурс абвяшчаецца ў рэспубліканскіх СМІ і на сайтах Арганізатараў.
  • Аб’ява аб конкурсе суправаджаецца Спісам імёнаў літаратараў ХІХ стагоддзя, жыццяпісы якіх прапануюцца для мастацкага асэнсавання (Дадатак 1).
  • Конкурс праводзіцца ў тры этапы:
  • І этап — прыём заявак ад удзельнікаў (23 красавіка – 24 чэрвеня 2018 года, форма заяўкі – Дадатак 2);
  • ІІ этап – прыём конкурсных работ (1 мая – 31 кастрычніка 2018 года);
  • ІІІ этап — праца Журы па вызначэнні пераможцаў (1 лістапада – 21 снежня 2018 года).
    • Вынікі Конкурсу абвяшчаюцца 21 снежня 2018 года.
    • Пераможцамі Конкурсу лічацца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных Журы.
    • Узнагароджанне пераможцаў адбываецца падчас урачыстай цырымоніі.
    • Кожны пераможца атрымлівае Дыплом і матэрыяльнае ўзнагароджанне.
    • Лепшыя конкурсныя творы публікуюцца ў часопісе “Маладосць” на працягу 2019 года.
    • Па выніках Конкурсу прадугледжваецца выданне кнігі лепшых гісторыка- біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя.
  1. Парадак правядзення
  • Да ўдзелу ў Конкурсе запрашаюцца ўсе зацікаўленыя асобы без узроставых ці іншых абмежаванняў.
  • На Конкурс прымаюцца творы, якія не публікаваліся і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах. У адпаведнасці з п. 2.3. Інструкцыі прыёму конкурсных работ папярэднічае падача заяўкі ад удзельніка. Адзін удзельнік можа падаць на Конкурс адзін твор.
  • На Конкурс прымаюцца творы дакументальна-мастацкага жанру, прысвечаныя беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, пры ўмове ахопу ўсяго жыццёвага і творчага шляху літаратара.
  • Форма твора — свабодная (эсэ, жыціе, літаратурная біяграфія, белетрызаваны біяграфічны нарыс, эпісталярная публіцыстыка, літаратурны партрэт, псеўдааўтабіяграфія, стылізаваныя мемуары, гістарычная аповесць і інш.), з арыентацыяй на займальнасць і чытацкія густы патэнцыяльнай адраснай аўдыторыі (вучні старшых класаў, студэнты і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй роднай літаратуры).
  • Аб’ём твора — ад 40 да 80 тысяч знакаў (з прабеламі).
  • Мова Конкурсу — беларуская.
  • Работы падаюцца на Конкурс адным файлам у рэдактары Microsoft Word у фармаце doc, усе палі 2 см.
  • Асноўнаму тэксту павінна папярэднічаць наступная інфармацыя: імя і прозвішча ўдзельніка Конкурсу; імя і прозвішча асобы, якой прысвечаны твор; назва твора.
  • Файл павінен быць названы кірыліцай па форме: прозвішча канкурсанта_прозвішча героя.doc.
  • Заяўкі на ўдзел у Конкурсе і конкурсныя работы прымаюцца на адрас электроннай пошты: vdsd@tut.by. Пры парушэнні патрабаванняў, указаных у пп. 3.2.—3.6. Інструкцыі, работы да разгляду не прымаюцца.