Увага: конкурс! «Францыск Скарына і сучаснасць»
Увага: конкурс!
«Францыск Скарына і сучаснасць»
Напісаць п’есу і прысвяціць яе Францыску Скарыну — гэта цяпер самае актуальнае для беларускага тэатра. Таму што веліч гэтай асобы яшчэ недастаткова ўсвядомленая ў беларускім грамадстве. Каб ліквідаваць прагалы, узнікла ідэя драматургічнага конкурсу, які ладзіцца з нагоды 525-годдзя з дня нараджэння беларускага гуманіста-асветніка эпохі Адраджэння і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Скарына дапамагае і сёння: конкурс п’ес можа дапамагчы ўзбагаціць рэпертуар драматычных тэатраў краіны. Гэтаму спрыяюць розныя
Намінацыі
За перамогу ў кожнай прадугледжаны ўзнагароды — дыпломамі і грашовымі прэміямі (але, згодна з дзеючым заканадаўствам, з іх праводзіцца ўтрыманне падаткаў, збораў, абавязковага плацяжу).
Гістарычная п’еса. Творы ў жанры гістарычнай драматургіі, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы жыцця і творчасці Францыска Скарыны, яго духоўны подзвіг за шматактавыя творы
Асноўная прэмія — 50 млн руб.
Заахвочвальная прэмія — 25 млн руб.
Заахвочвальная прэмія — 20 млн руб.
Сучасная п’еса. Творы пра непарыўную сувязь духоўнай спадчыны Францыска Скарыны з працэсамі сённяшняга нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі, этапамі станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай ідэі
Асноўная прэмія — 50 млн руб.
Заахвочвальная прэмія — 25 млн руб.
Заахвочвальная прэмія — 20 млн руб.
П’еса па матывах. П’есы па матывах твораў беларускай мастацкай літаратуры аб жыцці і творчасці Францыска Скарыны, вялікім гістарычным значэнні яго духоўнай спадчыны
Асноўная прэмія — 30 млн руб.
Заахвочвальная прэмія — 15 млн руб.
Інсцэніроўка. Драматургічная інтэрпрэтацыя твораў беларускай мастацкай літаратуры пра Францыска Скарыну
Асноўная прэмія — 15 млн руб.
Сцэнічная ідэя. Арыгінальныя літаратурна-драматургічныя творы, якія адпавядаюць тэматыцы конкурсу і патрабуюць дапрацоўкі ў садружнасці «аўтар — тэатр»
Заахвочвальная прэмія — 10 млн руб.
Умовы
Прыём твораў на конкурс праводзіцца з 01 мая па 31 жніўня 2016 года. На працягу месяца пасля завяршэння прыёму твораў журы падводзіць вынікі конкурсу і аб’яўляе іх. Матэрыялы, што дасланы аўтарамі з парушэннем вызначаных тэрмінаў, не разглядаюцца.
У конкурсе могуць браць удзел усе асобы паўналетняга ўзросту незалежна ад іх грамадзянства і месца пражывання.
Дасланыя творы не павінны быць на момант пачатку конкурсу нідзе афіцыйна апублікаванымі, не мець пастаноўкі ў тэатрах, не з’яўляцца ўдзельнікамі іншых конкурсаў.
На конкурс прымаюцца творы на беларускай і рускай мовах. Аўтары маюць права вылучаць па кожнай намінацыі толькі адзін твор.
У папяровым выглядзе конкурсны матэрыял дасылаецца па пошце. Ён павінен мець не болей за 60 друкаваных (праз адзін інтэрвал) старонак, быць у 2 асобніках.
Матэрыялы, што рыхтуюцца на электронных носьбітах, набіраюцца 14 кеглем, шрыфт Times New Roman, павінны мець аб’ём не болей за 60 старонак, друкавацца ў фармаце тэкставага рэдактара MS «Word» (.doc), адпраўляюцца на Е-mail: cbdrr@yandex. ru (Цэнтр беларускай драматургіі).
У мэтах дасягнення найбольшай аб’ектыўнасці ацэнак усе творы прадстаўляюцца на конкурс без указання прозвішчаў аўтараў. Яны пазначаюцца толькі індывідуальным аўтарскім кодам (дэвізам). Аўтары на дасланых матэрыялах павінны ўказаць таксама намінацыю, на якую твор вылучаецца на конкурс.
Кожны аўтар у дадатак да свайго матэрыялу дасылае на адрас Тэатр беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44, 220002, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь асобны паштовы канверт з пазнакай «На конкурс “Францыск Скарына і сучаснасць”».
У ім павінны знаходзіцца звесткі пра індывідуальны код (дэвіз), які аўтар надаў свайму твору, сапраўднае прозвішча аўтара, яго адрас, тэлефон, месца працы. Пры адсутнасці канверта з патрэбнай інфармацыяй дасланыя на конкурс творы не разглядаюцца.
Ускрыццё канвертаў, абнародаванне прозвішчаў аўтараў адбываецца пасля падпісання пратакола аб выніках конкурсу і ў абавязковай прысутнасці старшыні аргкамітэта і членаў журы.
Журы
Можа пераглядаць колькасць і памеры прэмій у межах канкрэтнай намінацыі, але перагляду не падлягаюць самі назвы намінацый, агульная сума сродкаў, што выдаткавана на кожную з іх.
Журы прымае рашэнне на падставе адкрытага галасавання, простай большасцю галасоў. Пры прыняцці рашэння старшыня і члены журы маюць роўную вагу галасоў. Рашэнне журы не падлягае перагляду з боку заснавальнікаў конкурсу, калі ў рабоце прымала ўдзел не меней як 2/3 членаў ад яго поўнага складу.
Заснавальнікі
Маюць права на публікацыю п’ес — пераможцаў конкурсу на сайтах Цэнтра беларускай драматургіі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама ў друкаваным зборніку, які можа быць выдадзены па выніках конкурсу.
Сярод заснавальнікаў — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, адкрытае акцыянернае таварыства «Ашчадны банк “Беларусбанк”».
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі мае права першай пастаноўкі твораў, якія адзначаны прэміямі конкурсу, без выплаты за гэта аднаразовага аўтарскага ўзнагароджання.