Успамінаючы ІІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі

ІІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі ўжо стаў гісторыяй. Але яго падзеі і асноўныя тэмы і цяпер абмяркоўваюцца ў супольнасці пісьменнікаў і асоб, што цікавіцца не толькі літаратурай, але і тым, як адлюстроўваецца наша сучаснае жыццё ў мастацкай творчасці і культуры наогул, таму што ўсё гэта складнікі адной з’явы, розныя праявы існавання народа, аб’яднанага ў межах адной краіны. Менавіта клопатам пра яе будучыню тлумачацца выступленні, што гучалі падчас з’езда, — гэта словы неабыякавых да таго, што адбываецца ў грамадстве, і зацікаўленых у яго развіцці. Роля інтэлектуальнай эліты, у тым ліку пісьменнікаў, — вызначаць кірункі, аглядаць шлях, бачыць і прадухіляць хібы, якія могуць перашкаджаць руху наперад. А таксама ў тым, каб асэнсаваць наша гістарычныае мінулае і асаблівасці менталітэту беларускага народа, таму што з гэтага вынікаюць яго прыярытэты і прынцыпы, імі абумоўлены мадэлі паводзінаў людзей у грамадстве і пабудова самога грамадства. Таму шмат хто з выступоўцаў агучваў пытанні, актуальныя не толькі для літаратараў. Пытанням надавалі грамадскае і нават дзяржаўнае гучанне. Некаторыя тэмы, узнятыя на з’ездзе, знойдуць працяг у кнігах, будуць агучвацца на сустрэчах і літаратурных імпрэзах, на старонках перыядычных выданняў. На асобных тэмах мы робім акцэнт сёння.

Павелічальнае шкло чалавеказнаўства

4_49_karlyukevich-5x6У любімай мной і, магчыма, шматлікімі чытачамі, аповесці вялікага рускага пісьменніка Канстанціна Паўстоўскага «Залатая ружа» ёсць такія словы: «Для пісьменніка поўная радасць надыдзе толькі тады, калі ён пераканаецца, што сумленне яго знаходзіцца ў адпаведнасці з сумленнем блізкіх». Гэтая цытата з Салтыкова-Шчадрына. Яна — эпіграф да аднаго з раздзелаў аповесці — «Надпіс на валунах».

Хіба не радасці, не шчаслівых імгненняў шукаем мы, шукаюць паэты, празаікі, судакранаючыся з жыццём, з яго драматычнымі і звычайнымі калізіямі?!

Але ж, аглядаючы старонкі нашых літаратурных выданняў, унікліва ўзіраючыся ў прыхаваныя пад кардоннымі і нежывымі вокладкамі мастацкія вобразы, я ўсё ж вяртаюся ў палон беларускага мастацкага свету. Чытаю напісанае аўтарам «Хатынскай аповесці», аўтарам «Блакаднай кнігі», аўтарам кнігі-споведзі «Я — з вогненнай вёскі» Алесем Адамовічам: «У дзённікавых запісах К. Чорнага ад 10 верасня 1944 г. ёсць здзеклівая заўвага пра некаторых літаратараў, якія скардзяцца, што “няма пра што пісаць” і якім толькі і застаецца смакаваць свае прэсныя “літаратурныя знаходкі”.

“І гэта ў той час, — працягвае Алесь Адамовіч, — калі перад кожным — рэальнае жыццё яго народа, яго час!

Трэба толькі ўмець гэта бачыць. Бо для некаторых, кажа Чорны, “… — гэта той самы мужык, які толькі згаліў бараду, дзе, хто мае вочы, убачыць і значыць і знойдзе і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага…”

Глядзець на сваё скрозь павелічальнае шкло сусветнай культуры чалавеказнаўства — вось што патрэбна літаратару. Тады толькі і ўзнікае тое, што мы называем літаратурнымі тыпамі, а тым больш — тыпамі сусветнага гучання».

Сапраўды, што можа быць большай звышзадачай, чым перакананне Алеся Адамовіча, заснаванае на ўроках яго і нашых папярэднікаў: беларуская літаратура абавязана перад цэлым светам казаць сваё слова ад імя народа, якому ёсць што паведаміць чалавецтву не толькі пра сябе, але і пра само чалавецтва.

Зусім нядаўна мы ўсе разам былі сведкамі высокага форуму — V Усебеларускага народнага сходу, сведкамі і слухачамі праграмнага на гады выступлення нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Думаю, што ў памяці многіх засталіся як мастацкая, філасофская формула выказаныя на сходзе наступныя словы: «Чалавек, яго ініцыятыва, талент і прадпрымальніцтва павінны стаць галоўнай рухальнай сілай развіцця краіны».

Чалавек і краіна, беларус і ўвесь свет, наша міралюбства, якое сёння, на вялікі жаль, не падабаецца і тым, каму так патрэбен мір, — хіба ўсё гэта не павінна быць асновай мастацкіх і грамадзянскіх зацікаўленняў празаіка, паэта, драматурга, ды нават дзіцячага пісьменніка?

У адной з праграм на тэлебачанні адзін з літаратараў заўважыў, што мала прэмій у нас як адзнак за пісьменніцкія здабыткі. Маўляў, дзяржаве трэба яшчэ парупіцца, каб усталяваць пэўныя ўзнагароды. Логіка зразумелая. Мы са сваімі творчымі амбіцыямі ўсе, літаральна кожны з нас, чакаем і прэмій, і ўзнагарод. Азіраючыся назад, успамінаю кожную з кніг лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2015, 2014 гады. Успамінаю як чытач кніг Уладзіміра Саламахі, Мар’яна Дуксы, Сяргея Давідовіча, Алеся Марціновіча, Сяргея Клімковіча, Мікалая Барысенкі, Тамары КрасновайГусачэнка і іншых творцаў, чые здабыткі заўсёды ў полі зроку, заўсёды прыцягваюць увагу. Менавіта іх плён, іх памкненні — яркі, рэльефны зрэз сённяшняга літаратурнага працэсу. Пройдзе пэўны адрэзак часу — і да гэтых імёнаў дададуцца новыя творцы з кнігамі, магчыма, не менш цікавымі і важнымі. Упэўнены, чытач у сучаснай літаратуры, якую мы ўсе супольна ствараем, ёсць. Будзе ён і надалей. Але не след нам забывацца, што чытач гэты — асоба патрабавальная, здольная да вострых, прамалінейных, сумленных ацэнак. Калі мы гэта ўлічым, будзем разумець штодня, будзем кіравацца гэтым перакананнем у штодзённай творчай рабоце, то і прэмій будзе шматкроць болей, і ўвага дзяржавы і грамадства нас не абміне. А галоўнае — сумленне, светлыя і чыстыя памкненні дазволяць рухацца, ісці наперад, заваёўваць новыя мастацкія вышыні.

А ў наступным, 2017, г одзе мастацкая літаратурная праца сімвалічна адказная. Наша краіна будзе адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Да гэтага, да вышынь, відавочна, імкнёмся ўсе мы, імкнецца наш Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,

старшыня Мінскага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі

Навучыць дзіця думаць

5_49_xadasevich-lisavayaСёння ўсім, асабліва дзецям, неабходны маральныя апоры, чыстыя вытокі духоўнага жыцця. Менавіта ў дзяцінстве, калі фарміруюцца ўяўленні пра тое, што добра, а што дрэнна, закладваецца маральны фундамент асобы. Дзе шукаць дзіцяці гэтыя маральныя каштоўнасці, духоўныя ўзоры, як не ў добрай кнізе?

Часта бывае так, што кнігі, прачытаныя ў раннім дзяцінстве, вызначаюць погляды і каштоўнасці на ўсё жыццё. Кнігі для дзяцей уплываюць на фарміраванне характару і выхаванне. Любоў да чытання — вельмі карысная звычка, якую неабходна прывіваць з самага ранняга дзяцінства. Уся справа ў выбары кніг. Кнігі для дзяцей павінны быць крыніцай высокамастацкага, эстэтычнага, маральнага выхавання.

На жаль, сёння на кніжных паліцах сустракаецца шмат дрэнных кніг і часопісаў для дзяцей і падлеткаў, якія прывабліваюць толькі яркімі вокладкамі і кідкімі назвамі. У лепшым выпадку, у такіх выданнях бескарысная, пустая інфармацыя, над якой не патрэбна разважаць. Напрыклад, у адным з часопісаў для падлеткаў мне сустрэліся артыкулы: татуіроўка — гэта крута, разважанне аб тым, што бацькі нічога не разумеюць, некалькі бязглуздых коміксаў і на тры старонкі топ-10 самых брыдкіх смакаценькаў кшталту пячэння з запечанымі восамі і смажаных смоўжыкаў… Ва ўсім часопісе я не знайшла ніводнай старонкі, якую б параіла прачытаць свайму дзіцяці. Гэтак жа бывае і з кнігамі. Напрыклад, прывабіла серыя кніг для дзяўчат-падлеткаў. Дастаткова было прабегчы вачыма колькі радкоў, пагартаць выданне, каб зразумець, што гэта кніга нагадвае гламурны глянцавы часопіс з парадамі, якой трэба быць, каб удала ўладкавацца ў жыцці. Такія кнігі і часопісы дзецям проста проціпаказаныя! На жаль, сёння не ўсе адказна ставяцца да выбару твораў, якія прапаноўваюць дзецям. Так, літаральна тыдзень таму ў інтэрнэце вялікі розгалас атрымаў выпадак, калі ў дзіцячым садку выхавальніца дала пяцігадовай дзяўчынцы вывучыць верш да Дня маці. Называўся ён «Буду мамой холостой»:

Все мамы скучно так живут —

Стирают, гладят, варят.

И их на елку не зовут,

Подарки им не дарят.

 Когда я выросту большой,

Я тоже буду мамой,

Но только мамой холостой,

А не мужнячей дамой,

Куплю я новое пальто

Под цвет пунцовой шляпе

И никогда и ни за что

Я не женюсь на папе!

У сённяшні няпросты час неабходна выхоўваць дзяцей на нашых спрадвечных каштоўнасцях, ярка акрэсліваць важную ролю сям’і, прычым, нармальнай традыцыйнай сям’і. Накіроўваць пакуль зусім юнае пакаленне на стварэнне ў будучыні сваёй сям’і, адной на ўсё жыццё, закладваць натуральнае жаданне мець дзяцей і адказна адносіцца да іх выхавання. Праз твор пісьменнік павінен развіваць пачуцці, выхоўваць у дзіцяці чалавечнасць, суперажыванне, уменне радавацца поспехам іншых.

Выдатна, калі пісьменніку ўласцівы добры мастацкі жарт, які выкарыстоўваецца для выхавання і развіцця ў чытачоў пачуцця гумару. На яркіх літаратурных прыкладах з дапамогай гумару дзіця хутчэй вылечваецца ад ляноты, упартасці, эгаізму. Галоўныя чалавечыя якасці ў дзіцяці фарміруюцца спакваля. Добра, калі пісьменнік не навязвае чытачу свайго меркавання, адкрыта не заклікае быць падобным да героя, але ўмела ўключае дзіця ў асэнсаванне дзеі.

Тэмы і праблемы, пра якія юны чытач даведаўся з твора, глыбей пранікаюць у дзіцячую душу, а любімыя героі надоўга застаюцца ў памяці. Дзіця перажывае за іх і разам з імі, ён іх любіць або не прымае, але ў любым выпадку не застаецца абыякавым. Кніга фарміруе эмацыйную сферу дзіцяці. З’яўляючыся суразмоўцам, дарадцам у справах, памочнікам у вырашэнні праблем.

Літаратура для дзяцей закліканая першапачаткова гаварыць з дзіцем пра тое, што такое ідэал і якія шляхі яго дасягнення, што такое вечная ісціна і як яе прытрымлівацца, што ёсць ісціны каштоўныя, а што — ілжывыя. Задача літаратуры — навучыць дзіця думаць над тым, што адбываецца вакол, аналізаваць і рабіць высновы.

Я ўжо многа гадоў працую ў школе. Магу сказаць, што дзеці мяняюцца, гэта відавочна. І так было заўсёды — пакаленні адрозніваюцца. Але нязменным застаецца тое, што ўсе яны цягнуцца да светлага, чыстага, добрага. Толькі трэба растлумачыць ім, маленькім, даверлівым, што ў жыцці ёсць што. Інструмент пісьменніка — слова. Творца павінен ствараць такія кнігі, якія дапамогуць юным чытачам вызначыць жыццёвыя прыярытэты: добра і дрэнна, высакароднасць і подласць, дабро і зло. І гэта асабліва важна ў дзіцячым і падлеткавым узросце, пры станаўленні характару, выбары маральных каштоўнасцей.

Я рада, што стала настаўніцай, што маю магчымасць займацца выхаваннем дзяцей. Я рада, што стала пісьменніцай і праз кнігі магу данесці да юных чытачоў нешта важнае і карыснае. Хачу адрасаваць словы падзякі Міністэрству інфармацыі, Міністэрству адукацыі, Мінаблвыканкаму, Саюзу пісьменнікаў і Мінскаму абласному аддзяленню ў прыватнасці за падтрымку дзіцячай літаратуры, за тое, што і ў сённяшні няпросты час выдаюцца цудоўныя кнігі для дзяцей і падлеткаў. Паверце, дзецям гэта патрэбна, і магу вас запэўніць: дзеці чытаюць.

Часта выступаю ў бібліятэках і школах, бачу і адчуваю зваротную рэакцыю самых шчырых чытачоў — дзяцей. Ім патрэбны новыя кнігі, яны рады бачыць жывых пісьменнікаў.

Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ,

пісьменніца

“ЛіМ” №49-2016