Успамінаючы Браніслава Зубкоўскага
Кагорта краязнаўцаў, якія жылі, працавалі на Пухавіччыне, у Мар’інай Горцы ў апошнія дзесяцігоддзі, можа быць, і не такая вялікая, але досыць прадстаўнічая, сур’ёзная. Гэта яны стваралі гісторыка-літаратурны, гісторыка-краязнаўчы партрэт старонкі. Гэта яны праз музейныя зборы, стварэнне краязнаўчых экспазіцый у школах, бібліятэках, публікацыю артыкулаў у перыёдыцы і нават выданне кніг паспрыялі адкрыццю многіх імён і падзей. Віктар Рыгоравіч Арлоў, Аляксандр Васільевіч Пікулік, Сяргей Іванавіч Сіпач, Браніслаў Аляксандравіч Зубкоўскі…
Браніслава Зубкоўскага, які пакінуў гэты свет у 2015 годзе, і сёння добра помняць у настаўніцкім, педагагічным асяроддзі школ Пухавіччыны. Ён, здаецца, яшчэ і сам зусім нядаўна сеяў разумнае, добрае, вечнае…
Браніслаў Аляксандравіч працаваў у Мар’інай Горцы, Омельна, Блужы, Светлым Бары. Выкладаючы беларускую літаратуру, родную мову, Зубкоўскі выступаў арганізатарам краязнаўчай работы. У Блужы ён даволі шмат зрабіў для ўшанавання памяці воіна-«афганца» Героя Савецкага Саюза Мікалая Чэпіка. У гэтай справе паплечнікам настаўніка выступіў вядомы журналіст і краязнаўца Анатоль Паўлавіч Ярохін. Яны не толькі стварылі дакументальную аповесць пра героя, але і ўсямерна спрыялі розным мерапрыемствам мемарыяльнага характару, звязаным з Мікалаем Чэпікам. І ніколі не шкадавалі дзеля гэтага часу, уласных сіл. І калі ўжо не стала ў сярэдзіне 1990-х гг. Анатоля Ярохіна, Браніслаў Аляксандравіч самастойна, адзін, часам без усялякіх спадзяванняў на падтрымку, грукаўся ў дзверы розных інстанцый, прабіваў сумленне раўнадушных і проста абыякавых чыноўнікаў і шараговых людзей. І бясконца, узнёсла расказваў пра Мікалая, Колю Чэпіка. Вось хто, такія, як Зубкоўскі, уплывалі і уплываюць на выхаванне моладзі, грамадства ў цэлым.
Другі клопат Браніслава Аляксандравіча — вывучэнне жыцця і творчасці народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў звязку з Пухавіцкім краем. Пухавіцкі настаўнік быў ці не першы, хто ўзняў гэтую тэму на асаблівую вышыню. Ён аб’ехаў усе паселішчы і мясціны, якія ў свой час былі вядомыя аўтару «Новай зямлі» ў Пухавіцкім краі: Талька, Вусце, Загібелька, Падбярэжжа, Беразянка, Балачанка. Ён сустракаўся са сведкамі жыцця Коласа на Пухавіччыне, дзецьмі, унукамі пухавіцкіх знаёмых Коласа, зазіраў у сямейныя архівы, выслухоўваў сямейныя паданні, легенды на «коласаўскую тэму». І як чалавек таленавіты, як здольны краязнаўца, удумлівы літаратар. З сабранай інфармацыі выбудоўваў сюжэты. Пісаў не толькі дакументальныя нарысы, краязнаўчыя артыкулы, якія з ахвотай друкавалі самыя розныя выданні. Не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, Расіі Браніслаў Аляксандравіч апрацоўваў сюжэты на «коласаўскую тэму» па-мастацку, пісаў апавяданні. У большасці сваёй — адрасаваныя юнаму чытачу. Так нарадзіліся кнігі «Чаму Загібелька лепш Парыжа» (гэты зборнік па-беларуску выдадзены ў Курску), «Сцяжынкамі Якуба Коласа».
З прэзентацыяй гэтых кніг Браніслаў Аляксандравіч абышоў большасць школ Мар’інай Горкі, Пухавіцкага раёна. Сваімі дакументальнымі, мастацкімі каментарыямі да жыццяпісу Якуба Коласа краязнаўца дапаўняў урокі беларускай літаратуры. Можа быць, значнасць, важкасць гэтай задачы, гэтага клопату ён і сам не ўсведамляў. Але ўжо калі адзін-два вучні з кожнай з тых сустрэч пад уражаннем жывой размовы з настаўнікам і пісьменнікам адкладвалі ў сваёй памяці коласаўскія творы, коласаўскіх герояў, — і гэта дарагога каштуе.
…Мы вельмі часта, гадамі ліставаліся, перазвоньваліся з Браніславам Аляксандравічам. Ён быў госцем у хаце маіх бацькоў у Зацітавай Слабадзе. Я быў госцем у іх з Ірынай Яфімаўнай кватэры ў Мар’інай Горцы па вуліцы Камунальная, дом 8. Браніслаў Аляксандравіч быў шчодрым на творчыя парады. Між іншым, парады гэтыя насілі зусім не агульны характар. Ужо адно тое, што Зубкоўскі заўсёды цікавіўся зробленым, напісаным табою, уражвала. Ён вызначаўся пільнай увагай да створанага калегамі. І ўжо калі адважваўся на парады, то яны насілі канкрэтны, болей таго — прафесійны характар. Часам такія парады прымушалі нешта ўжо зробленае, зафіксаванае, тое, на чым, здаецца, пастаўлена кропка, перарабляць, істотна дапаўняць ці часам нават выпраўляць. Падказкі, заўвагі з вуснаў, з лістоў Браніслава Зубкоўскага насілі карэктны характар. Валодаючы пачуццём педагагічнага такту, ён стараўся выказацца мякка, лагодна, але разам з тым быў у сваіх ацэнках, жаданні іх давесці, зрабіць усё магчымае, каб іх пачулі, настойлівым, паслядоўным.
Мяне здзіўляла, як ён шмат чытаў. Уся беларуская літаратурна-мастацкая перыёдыка, большасць кніжных навінак сучаснай беларускай літаратуры — усё, здаецца, у яго перад вачыма. Яшчэ са студэнцкіх гадоў (Браніслаў вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, сённяшнім універсітэце імя А. А. Куляшова) Зубкоўскі часта звяртаўся да жанру рэцэнзіі. Ён актыўна адгукаўся ў друку на кнігі дзіцячых пісьменнікаў, літаратурных крытыкаў. Зараз вось зазіраю ў біябібліяграфічны шасцітомнік «Беларускія пісьменнікі» — і бачу назвы тых рэцэнзій, літаратурна-крытычных водгукаў: «Скарбы роднай мовы», «На навуковым узроўні» (пра Рыгора Шкрабу), «Кніга пра старэйшага пісьменніка», «Карысны дапаможнік» (пра кнігі Маргарыты Яфімавай), «Турботы маленьнага чалавека» (пра «Тараскавы турботы» Уладзіміра Юрэвіча), «Даверлівая размова» (пра зборнік вершаў Эдзі Агняцвет), а яшчэ ж — дзясяткі іншых рэцэнзій, артыкулаў, якія друкаваліся не толькі ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, але і ў пухавіцкай “раёнцы” на працягу літаральна дзесяцігоддзяў! Як мне падаецца, каб так працаваць, то, пэўна ж, літаратурнаму, публіцыстычнаму занятку ты павінен аддавацца напоўніцу, увесь, што называецца, без астатку. Так, відаць, гэта атрымалася і ў жыцці Браніслава Зубкоўскага.
Была ў Браніслава Аляксандравіча і яшчэ адна рыса: краязнаўца, пісьменнік, ён добра памятаў калег па літаратурнаму цэху, з якімі яго зводзілі жыццёвыя сцежкідарожкі. І колькі б гадоў ні прайшло, як хтосьці з блізкіх яму равеснікаў ці старэйшых таварышаў пакінуў белы свет, Браніслаў Зубкоўскі не забываўся пра юбілеі, пісаў пра сяброў у друку. Нагадваў пра тое, каб іх не забываліся ў роднай старонцы, пісаў пра гэта ў бібліятэкі, школы, дакучаў мясцовым уладам. Так было і ў выпадку з Анатолем Ярохіным, Міхасём Казаковым, Алесем Макарэвічам.
Спадзяюся, што і самога Браніслава Аляксандравіча будуць доўга помніць. Асабліва — на роднай яму Пухавіччыне, у Мар’інай Горцы, дзе ён нарадзіўся і пражыў амаль усё сваё жыццё.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Фота Кастуся Дробава
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/12/49-2015.pdf