Ушанаванне памяці Міколы Шабовіча

4 студзеня ў сталічнай бібліятэцы №1 імя Льва Талстога адбылася святочная імпрэза, прысвечаная 65-гадоваму юбілею вядомага паэта, перакладчыка, філолага Міколы Шабовіча.

Удзел у мерапрыемстве прынялі пісьменнікі з Мінскага гарадскога і абласнога аддзяленняў СПБ, кампазітары, былыя калегі і вучні Міколы Віктаравіча, аматары яго творчасці.

Паэт Анатоль Аўруцін распавёў пра той час, калі пачаўся шлях да прафесійнай літаратурнай дзейнасці маладога паэта Мікалая Шабовіча. Кранальныя вершы прысвяцілі яму ў гэты дзень Лізавета Палеес, Вольга Шпакевіч, зямляк Аляксандр Быкаў з Мядзела, Ганна Міклашэвіч са Слуцку, Таццяна Цвірко з Мінскага раёна, Вольга Любашына, Кацярына Роўда, Алена Басікірская, Настасся Каротчыкава. Лірычныя і гумарыстычныя творы Міколы Віктаравіча дэкламавала загадчыца філіяла бібліятэкі №3 імя У. Маякоўскага Таццяна Каленік. Прыхільніца паэтычнага таленту юбіляра Таццяна Плашчынская прачытала “Баладу Міколы Шабовіча”, якую стварыў Віктар Шніп.

Паднялі настрой прысутных жартаўліва-цёплыя ўспаміны былой загадчыцы “Талстоўкі” Надзеі Корзюк і Лолы Іназемцавай, якая ўзначальвае бібліятэку зараз.

Пранікнёна гучала гітара Таццяны Жылінскай. Шчымліва ўспрымаліся даўно знаёмыя відэакліпы на песні “Бацькоўская зямля” (сл. М. Шабовіча, муз. А. Міхальчанкава) у выкананні Віктара Мяцельскага, “Рэквіем” (пераклад на бел. мову М. Шабовіча) у выкананні аўтара Таццяны Дашкевіч.

Завяршыў мерапрыемства паэтычны рэквіем ад вядучага імпрэзы Міхася Пазнякова:

Не чутна Дзімкавай гітары,

Шабовіч з ім замоўк да па́ры…

Мятліцкі ўслед і Чарказян

Да райскіх выбылі палян.

 

Прэс-служба МАА СПБ