У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з Зіновіем Прыгодзічам

Не так часта здараецца ў жыцці пісьменніка, калі на сустрэчу з ім прыходзяць героі ягоных твораў. У Зіновія Прыгодзіча такое адбывалася не раз, калі ён прадстаўляў сваё новае выданне, прысвечанае знакамітым людзям — нашым сучаснікам.

Жанр, у якім актыўна і плённа працуе майстар слова, — інтэрв’ю. «Іншым разам не зусім проста разгаварыць субяседніка, — заўважае аўтар. — Хаця і чалавек публічны, многім добра знаёмы. Хочацца дазнацца пра яго з іншага боку — аб асабістых думках, аб светапоглядзе, светаадчуванні». Чытачу заўсёды цікава даведацца, з чаго складаецца Асоба, як стаць знакамітым.

Вось таму і прыцягваюць асаблівую ўвагу стаўшыя серыйнымі выданнямі — «Постаці» і «Созидатели», дзе Зіновій Прыгодзіч асветляе жыццёвы і творчы шлях выбітных дзеячаў беларускай культуры. Яны прадстаўляюць практычна ўсе сферы нашай культурнай прасторы: літаратуру, тэатр, музыку, жывапіс, скульптуру. Пісьменнік-грамадзянін вядзе дыялог з самім новым часам, звяртаецца да жыццёвага і творчага досведу тых асоб нашай Бацькаўшчыны, каму выпала па абавязку таленту, грамадзянскай адказнасці і нацыянальнай свядомасці апынуцца ў ліку першапраходцаў на суверэннай дарозе гісторыі Беларусі. Гэта гутаркі-эсэ, гутаркі-партрэты, гутаркі-нарысы, у якіх глыбока і рознабакова раскрываюцца характары вядомых асоб, іх духоўны і маральны свет, цікавыя, часам драматычныя лёсы.

Пра сваіх герояў пісьменнік расказвае пераважна іх вуснамі. Але перш чым пачаць дыялог аўтар ва ўступе грунтоўна знаёміць чытача са сваім суразмоўцам як асобаю, выказвае сваё меркаванне пра яго як творцу. Між іншым, гэтыя ўступы — зусім не традыцыйныя. Гэта, у пэўнай ступені, і занатоўкі крытычных артыкулаў, і міні-даследаванні, і публіцыстычныя развагі, як пра творчасць канкрэтнага дзеяча, так і пра яго месца ў часе і прасторы.

На чарговае запрашэнне пісьменніка адгукнуліся і па-сутнасці таксама ўзышлі на своеасаблівы Алімп героі кніг Зіновія Прыгодзіча — Марыя Захарэвіч, народная артыстка і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Леанід Захлеўны, народны артыст і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Валерый Анісенка, заслужаны дзеяч мастацтваў і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Навум Гальпяровіч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.

Акрамя таго, што шаноўныя госці сказалі багата цёплых слоў, яны таксама даведаліся нямала цікавага аб паважаным пісьменніку. Перад шматлікай аўдыторыяй ён быў шчыры і адкрыты ў сваіх прызнаннях. Дзяліўся перажываннямі юнацкага кахання, расказваў пра сваю сям’ю, згадваў пра першую публікацыю, разважаў аб таленце і сутнасці чалавечага жыцця.

Азіраючыся назад пісьменніку ёсць што ўспомніць. Амаль усё сваё жыццё ён прысвяціў служэнню яго вялікасці Слову. У розныя часы займаў адказныя пасады, кіраваў рэспубліканскімі сродкамі масавай інфармацыі. Ён аўтар шматлікіх мастацкіх і дакументальных кніг, яго вершы пакладзены на музыку. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Яшчэ ў 1974 годзе пабачыла свет першая кніга пачынаючага аўтара — «Добры дзень, сад!» Пасля адна за адной прыйшлі да чытача кнігі дакументальнай і мастацкай прозы «Строгая дабрата», «Крылы дужэюць у палёце», «Жменя зярнят», «Журавы на далёкай пойме», «Ноч перад нядзеляю», у перакладзе на рускую мову «Печаль моя светла. Повести и рассказы» (М., издательство «Советский писатель»).

Пісьменніка ў большай ступені цікавіла і цікавіць тое, што адбываецца ў нашым грамадстве, якія не толькі сацыяльныя, але і духоўныя змены закранулі чалавека ў апошнія дзесяцігоддзі. Так і спалучаў літаральна ва ўсе гады Зіновій Прыгодзіч у сваёй творчасці публіцыстыку і мастацкую прозу. Як публіцыст з вострым пяром, здольнасцю пільна ўглядацца ў жыццё дапаўняў сябе як празаіка. А празаік дапамагаў таленавітаму журналісту ўслухоўвацца ў слова, падказваў вартасці жывой мовы, прыгажосць і трапнасць мастацкіх вобразаў.

Адначасова пісьменніка хвалююць праблемы сучаснай беларускай літаратуры. Ён карпатліва даследуе бягучы літаратурны працэс, спрабуе высвеліць прычыны зніжэння цікавасці да мастацкай кнігі, падзення ў грамадстве прэстыжу пісьменніка. У выніку нарадзілася серыя кніг пра літаратуру і літаратараў: «Ці далёка чуваць?», «Як маланка, як хлеб», «Літаратура як лёс». Аналізуючы творчасць Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Максіма Лужаніна, Барыса Сачанкі, Алеся Жука, Георгія Марчука і іншых пісьменнікаў, ён прыходзіць да высновы, што, нягледзячы на ўсе недахопы, сучасная літаратура годна працягвае слаўныя традыцыі папярэднікаў і, як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, трэць маладых людзей маюць устойлівую цікавасць да кнігі, цягнуцца не толькі да матэрыяльных даброт, але і да маральных каштоўнасцяў.

Сапраўды, кнігі Зіновія Прыгодзіча — напамін пра тое, якая багатая ў нас беларуская культура, якой шчодрай на розныя таленты з’яўляецца наша Айчына. Прыемна было чуць у выкананні ансамбля «Бяседа» і Вячаслава Статкевіча, мастацкага кіраўніка і саліста ансамбля «Свята», песні на словы Зіновія Прыгодзіча.

Асаблівасцю сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з Зіновіем Прыгодзічам стала і нагода дарэння ў гэты дзень кніг. Аўтар уручыў кнігі за лепшыя пытанні з аўтографамі сваіх герояў самым актыўным удзельнікам літаратурнай імпрэзы.

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Крыніца: “Звязда”