У апошні кастрычніцкі дзень

Адбылося чарговае паседжанне уздзенскага раённага літаб’яднання “Нёманец”. “Творчы калейдаскоп: жыццё ў паэзіі і прозе” – такую ​​тэму мела чарговая сустрэча літаратараў. Але перад пачаткам мерапрыемства з імі сустрэліся маладыя спецыялісты з розных галін дзейнасці, якія сабраліся ў Палацы культуры на традыцыйны раённы злёт. Пісьменнікі пажадалі выпускнікам ВНУ і сярэдніх спецыяльных устаноў краіны гэтага года не толькі хутчэй рэалізаваць сябе ў абранай прафесіі, але і стаць актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, а тым, хто валодае творчымі здольнасцямі, і тут смялей праяўляць сябе.

Затым у літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка” гучалі вершы, празаічныя творы. Пераважала тэматыка, сугучная восені. Бібліятэкары прэзентавалі толькі што выдадзены зборнік паэзіі і прозы “Скарбы Беларусі: хлеб і бульба”, куды ўвайшлі матэрыялы трох літаратурных конкурсаў, што праводзіўся ў апошнія гады ў рамках “Бульба-фэста” ў аграгарадку Дзешчанка. Затым сваімі новымі творчымі напрацоўкамі, творамі, створанымі раней, і бліжэйшымі планамі падзяліліся члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Шытыка, Галіна Нічыпаровіч, Віктар Сабалеўскі, члены літаб’яднання Іна Дворак, Вольга Бокуць-Чабатарова, Уладзімір Бурэнка, Тамара Каляда.

Віктар САБАЛЕЎСКІ