Сярод новых кніг. На шляху да ісціны…

Празаічныя і паэтычныя творы Максіма Хацкевіча падобныя да музыкі хваляў і ветру. Гэта “сапраўдныя хвалі душэўнага роздуму і перажыванняў, за якімі бачны той самы пошук прыроды чалавека, яго ўчынкаў і паводзін”. Такімі ўражаннямі падзяліўся з чытачамі кандыдат філалагічных навук Алесь Бараноўскі. І сказаў ён іх пра творчасць маладога барысаўскага пісьменніка Максіма Хацкевіча, у прадмове да кнігі “Музыка хваляў і ветру”, якая была выдадзена ў гэтым годзе ў серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Для Максіма Хацкевіча зборнік стаў дэбютным на шляху ў вялікую літаратуру. Наперадзе ў яго – няпросты шлях да прызнання. Таму зноў прыводжу словы Алеся Бараноўскага: “Шлях літаратурны цярністы і непрадказальны. Лёгка трапіць у пратораны папярэднікамі крок, цяжка пры гэтым захаваць самасць. Таму, хто стаіць перад абсягам вялікай літаратуры, варта ўстрымацца ад імгненных патрэб. Спазнай сябе – і тады спазнаеш прыроду чалавека. Прыслухоўвайся, заўважай, чуйна ўспрымай свет, у якім ты сам – неабсяжная прастора. Узрастай над сабой, ды не адрывайся ад зямлі…”

Творы Максіма Хацкевіча ўжо цяпер маюць так званую самасць. Гэта філасафічны роздум пра розныя з’явы нашага жыцця, можа часам рамантычны, але дзесьці і прагматычны. Малады пісьменнік праз слова спрабуе паказаць свае адносіны да навакольнага свету, да розных падзей. Нататкі і лісты – своеасаблівая душэўная споведзь пісьменніка, яго перажыванні і пачуцці. Прывяду прыклад з “Падарожных нататкаў”. Назва “Раскаханыя”. “У раскаханых няма абароны, няма панцыра. Ім няма чым прыкрыцца. Калі яшчэ адна калючка безуважнага позірку ўвап’ецца, можна развітвацца. Пасля непрацяглай грамадзянскай паніхіды адбудзецца вынас цела, што забылася, як трэба прачынацца”. Хіба не якасна і не глыбока?!

У адным з лістоў да каханай Максім піша: “Ведаеш, для мяне зіма заўсёды была часам хатняй утульнасці. Чым больш сцюдзёна за акном, тым бліжэй мы з табой – пад адным халатам ці ў адным швэдры…

Мы без пярэчанняў кіруемся ўслед за парой года. Кіруюцца нашы думкі, настроі…”

Усё разам у прыведзеных радках: і чуйнасць, і назіральнасць, і незвычайныя вобразы… Мне здаецца, што Максім “выношвае” свае вобразы, параўнанні не адзін дзень, працуе над імі ў думках і на паперы. Вось што ён піша: “Словы – усяго толькі марная спроба растлумачыць свае пачуцці. Але і яны важныя кожнаму, хто ведае цану маўчання”. І сапраўды важна тое, што, ведаючы цану маўчання, ён тым не менш спрабуе падзяліцца сваімі думкамі і разважаннямі з чытачамі. З надзеяй, што чытач убачыць у яго творах штосьці блізкае свайму светапогляду.

Упэўнена, што да кніжкі Максіма Хацкевіча чытыч не зможа аднесціся, як да лёгкага чытва. Тут патрэбна падумаць, паразважаць, праверыць свае асабістыя пачуцці… “Пакуль выходныя, я зразаю наросты працоўнага тыдня. Заўтра я зноў пачну абрастаць, абараняючыся ад свету, узаемаадносін і непажаданых гасцей”. Вось так, напрыклад, уяўляе для сябе Максім дні, вольныя ад працы, а не проста як звычайны адпачынак. А вось як вобразна ён апісвае сваё пачуццё да каханай: “Мае рукі – крылы вечнасці. Імі я абнімаю цябе. Маё цела – гарачыя крыніцы, у якіх ты купаешся.

Я ніякі не птушкалоў, але – неба для птушынага палёту, у якім сярод аблокаў не хаваюцца драпежнікі”.

…У якім кірунку далей будзе развівацца літаратурная дзейнасць маладога пісьменніка? Галоўнае – каб ён працягваў яе, не скараўся паўсядзенным клопатам і жыццёвай мітусні. І зноў прыводжу словы Алеся Бараноўскага: “…зычу Максіму ісці па абранай сцяжыне ўпэўнена, да канца, годна несці мастацкае слова і скарыцца яму назаўжды. У таго, каму ёсць што сказаць – веру. І я веру Максіму Хацкевічу. Яго слова – шматгранны крышталь пачуццяў:

 

Мы неба сёння трымаем

На моцных худых плячах.

Мінулае – за небакраем,

Застыла ў нашых вачах.”

 

Я таксама веру ў тое, што Максім Хацкевіч прадоўжыць свой шлях па пісьменніцкай сцежцы. У гэтым пераконваюць яго словы: “…чаму людзі не дасягаюць сваіх мэт? Таму што у нейкі момант яны вырашаюць, быццам у іх больш няма моцы для барацьбы, быццам гэтая барацьба для іх не такая ўжо важная. Гэта іх выбар… Жаданага дасягае толькі той, каму стае смеласці не здавацца і ісці да канца. Не мае значэння, зойме гэта паўгода ці год, ці два, ці дзесяць год. Пакуль ты ідзеш наперад і кожны дзень прыносіш маленькую ахвяру вялікаму Нішто, ты набліжаешся да перамогі”.

 

Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА