Сямейныя сустрэчы працягваюцца
17 кастрычніка ў дзіцячай бібліятэцы горада Заслаўе ў межах рэспубліканскай акцыі «Сямейнае чытанне» адбылася сустрэча маленькіх чытачоў і іх бацькоў з паэткай Святланай Быкавай. У цесным гуртку дзеці і дарослыя пачулі шмат вершаў сваёй творчай зямлячкі з кніжкі «Весёлый гномик», актыўна разгадвалі яе вершаваныя загадкі.
Потым дзеці з задавальненнем намалявалі малюнкі да вершаў з рукапісу яшчэ нявыдадзенага зборніка беларускамоўных вершаў і загадак паэткі «Як сабаку мы кармілі». У час, калі дзеці малявалі, дарослыя слухалі вершы паэткі пра Радзіму і прыгажосць роднай прыроды.
Напрыканцы цёплай і шчырай сустрэчы гаспадары бібліятэкі, на чале з загадчыцай Грыгор’евай Наталляй Віктараўнай, пачаставалі сваіх гасцей гарбатай з цукеркамі і печывам, сярод якога былі смачныя пірагі і крандзялі, якія выпяклі і прынеслі з сабой матулі маленькіх чытачоў.
Усе маленькія ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ад Святланы Быкавай на памяць новую кніжку казак «О чём молчат Утёсы», а дарослыя – выдадзены ў гэтым годзе зборнік яе вершаў «Адлюстраванне» і пайшлі дадому ў добрым настроі, з новымі кніжкамі, вершамі і ўражаннямі.