Сустрэча з Ірынай Карнаухавай адбылася ў Нясвіжы

Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка сабрала аматараў прыгожага пісьменства. Паэтэса Ірына Аляксандраўна Карнаухава запрасіла ўсіх прыслухацца да цішыні, бо менавіта ў цішыні нараджаюцца лепшыя ідэі, думкі, плануюцца і робяцца вялікія справы. У цішыні нараджаюцца лепшыя пачуцці, і калі яны сапраўдныя, то нават словы становяцца лішнімі. Усё зразумела нават у маўчанні. Менавіта гэта ідэя легла ў аснову новага зборніка Ірыны Аляксандраўны «Приходи помолчать». Паэтэса ўпэўнена, што калі «будем здоровы духовно — и тело подтянется тоже». Яна заглядае не толькі ў сваю душу, яна імкнецца абудзіць душы сваіх чытачоў, адарваць ад сацыяльных сетак, «где вся жизнь напоказ, как под линзой», навучыць любіць, і памятаць, што «больно резать по-живому: не по телу — по душе», а «наша планета — для человечества место святое», і справа не ў матэрыяльных дабротах, лепш, калі «смех с улыбками сменят монеты», а найвялікшымі каштоўнасцямі нашага жыцця трэба лічыць «доброту и преданность, ласку рук с заботой», быць верным і дапамагаць тым, каму твая дапамога патрэбна, прадумваць кожны свой крок, каб пасля не шкадаваць аб тым, чаго не вернеш і ні за якія грошы не купіш.

Творчасць Ірыны Карнаухавай вельмі зацікавіла несвіжан. Яна распавядала і пра іншыя кнігі для дзяцей і дарослых. Асаблівую цікавасць выклікалі «Байкальскія гісторыі». Аўтар расказала, як выспела ідэя стварэння гэтых кніг, адказала на іншыя пытанні чытачоў.

Ірына Аляксандраўна — частая госця Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Чытачы ўжо не раз мелі магчымасць пазнаёміцца з яе творчасцю, а таму многія адклалі, на першы погляд, неадкладныя справы і прыйшлі на сустрэчу.

Валянціна Шчарбакова, кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання «Валошкі»