Сустрэча прайшла, а добры настрой застаўся
Гасцямі дзіцячага лагера з дзённым прабываннем “Мурашнік”, што дзейнічае пры Ліцвянскай базавай школе Уздзенскага раёна, сталі дзіцячая пісьменніца Галіна Нічыпаровіч і супрацоўніца раённай бібліятэкі імя П. Труса Вольга Віяленцій. Да школьнікаў далучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі з Цэнтра карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі, што дзейнічае пры гэтай навучальнай установе. Сустрэча адбылася ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.
Пісьменніца і супрацоўніца бібліятэкі прыехалі да дзяцей з цікавымі гульнямі, забавамі. Яно і зразумела – проста так сядзець і слухаць нават самыя цікавыя творы малым непаседам не заўсёды хочацца. Таму Галіна Міхайлаўна падрыхтавала для адпачываючых дзетак свае загадкі пра дамашніх жывёлін і лясных звяроў, а да іх – тры варыянты адказаў, адзін з якіх правільны. Справіліся школьнікі з такім заданнем. Галіна Нічыпаровіч расказала пра сябе, чытала вершы пра дзяцей, прыроду, рэчы вясковага побыту. Зацікавіліся малыя, калі яна пачала пісаць вершы, адкуль чэрпае тэмы для сваіх твораў.
З добрым настроем разыходзіліся і госці, і наведвальнікі лагера.
Віктар Сабалеўскі