Сустрэча пад знакам Паэзіі
1 снежня ў Галынкаўскай сярэдняй школе Клецкага раёна адбылася літаратурна-музычная гасцёўня “Сустрэча пад знакам Паэзіі”.
Госцяй мерапрыемства стала паэтэса з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Цвірко.

Нагодай для сустрэчы паслужыў нядаўні поспех – дыплом 3 ступені вучня 8 класа Няміра Мацвея ў конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці ў намінацыі “Беларуская філалогія”. Даследчая праца “Як жыць без памяці?” (адлюстраванне тэмы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў зборніку вершаў Таццяны Цвірко “І толькі май іх не забудзе…”) была высока ацэнена журы. Гэта ўжо не першая спроба напісаць даследчую работу па творах паэткі. Адна з іх “Зваротак і яго роля ў зборніку вершаў Т. Цвірко “Ясачка долі маёй” заняла ў 2023 годзе таксама 3 месца ў раённым конкурсе даследчых работ па беларускай філалогіі.


Таццяна Канстанцінаўна падзякавала вучням і настаўнікам за ўвагу да яе творчасці, прачытала свае вершы, распавяла пра першыя крокі ў творчасці, а таксама прадставіла зборнікі вершаў і падарыла свае кнігі школьнай бібліятэцы. У гасцёўні гучалі песні на словы Т. Цвірко ў выкананні вучняў школы.
Сустрэча атрымалася цёплай, цікавай.
Прэс-служба МАА СПБ

















