Сустрэча ў Наваселлі
У Навасельскай сярэдняй школе Мінскага раёна адбылася цёплая сустрэча вучняў старэйшых класаў, настаўнікаў і мясцовых бібліятэкараў са старшынёй абласнога аддзялення СПБ Леанідам Крываносам і паэтам Рагнедам Малахоўскім. “Каб помнілі…”, менавіта такі сэнс і назву мела арганізаваная кіраўніцтвам школы літаратурная гасцёўня, бо яна была прысвечана роднай мове і надыходзячаму святу – 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пісьменнікі расказалі пра сваю творчасць, чыталі аўтарскія вершы, адказвалі на разнастайныя пытанні аўдыторыі. Асаблівую цікаўнасць у школьнікаў выклікаў калектыўны зборнік “Званоў перазвон”, прысвечаны 80-м угодкам Хатынскай трагедыі. Л.Крыванос расказаў пра ідэю стварэння гэтай кнігі, а Р.Малахоўскі – як укладальнік, пра працэс яе падрыхтоўкі.
Напрыканцы сустрэчы госці перадалі школьнай і сельскай бібліятэкам падборку кніг пісьменнікаў Міншчыны.
Прэс-служба МАА СПБ