Справаздача аб рабоце Мінскага абласнога аддзялення СПБ ў 2024 годзе

У 2024 годзе адбыўся шэраг змен у складзе Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Пайшлі з жыцця: паэт, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі мінчанін Ласенка Уладзімір Міхайлавіч, паэт з Мар’інай Горкі Рунцэвіч Уладзімір Міхайлавіч і паэт з Мядзела, лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” Быкаў Аляксандр Генадзьевіч.

Адначасова ў Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты і папоўнілі абласную суполку 6 чалавек: празаік, публіцыст з Беразіно Бычкоўскі Аляксандр Аляксандравіч, паэтэса з Маладзечна Гардынец Лідзія Міхайлаўна, празаік з Мінскага раёна Мітрайкін Іван Паўлавіч. Сярод прынятых і ва ўсіх сэнсах зусім маладыя людзі, якім крыху за 20 гадоў – барысаўчане Корнева Паліна Дзянісаўна і Хацкевіч Максім Васільевіч. З гарадскога аддзялення ў абласное перавялася аўтар прыгодніцкай прозы са Смалявіч Собалева Ганна Мікалаеўна, якую аматары літаратуры болей ведаюць пад псеўданімам Ганна Альхоўская.

У справаздачным перыядзе пісьменнікі Міншчыны плённа працавалі ў розных літаратурных жанрах: прозе, паэзіі, публіцыстыцы, песенным жанры, актыўна друкаваліся ў перыёдыцы, выдавалі кнігі ў дзяржаўных і прыватных выдавецтвах. За мінулы год выдадзена 65 кніг агульным накладам больш за 42000 асобнікаў. Сваімі сіламі падрыхтаваны даведнік кніг, выдадзеных пісьменнікамі Мінскага абласнога аддзялення СПБ у 2024 годзе.

Значнай падзеяй у рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў сумесны з Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці праект па выданні зборніка песенных твораў “Радзімы песенныя сцежкі” (вершы і музычныя ноты да іх), напісаных на вершы літаратараў аддзялення. У ім прадстаўлены песні, словы да якіх у розны час напісалі Валянціна Гіруць-Русакевіч, Барыс Макарэвіч, Леанід Крыванос, Кастусь Цыбульскі, Уладзімір Цанунін, Наталля Жызнеўская, Таццяна Цвірко, Аляксандр Быкаў, Святлана Быкава, Людміла Круглік, Зінаіда Гасціловіч, Рэгіна Рэўтовіч, Ірына Карнаухава, Віктар Кажура, Марына Лайкова, Лёля Багдановіч, Зіновій Прыгодзіч. Зборнік мае практычнае значэнне, бо распаўсюджаны для выкарыстання ў аматарскіх і прафесійных музычных калектывах Мінскай вобласці.

Працягвалася творчае супрацоўніцтва з Дзяржаўным пагранічным камітэтам па выпуску літаратурнага альманаха “Граніца літаратурная”. Пры актыўным удзеле Мінскага абласнога аддзялення СПБ у 2024 годзе выйшлі яго трэцці і чацвёрты нумары. У іх змешчаны творы і нашых аўтараў – Славаміра Даргеля, Віктара Сабалеўскага, Антона Анісовіча, Леаніда Крываноса. Напрыканцы мінулага года пачалася актыўная падрыхтоўка да выпуску новага – святочнага нумару “Граніцы літаратурнай” – да 80-годдзя Вялікай Перамогі, якое мы адзначаем сёлета. Ён выйдзе да 9 мая 2025 года. Гэты нумар будзе цалкам складзены з твораў членаў аддзялення. Свае новыя творы на пагранічную тэматыку даслалі 18 аўтараў.

Пісьменнікі Міншчыны ў 2024 годзе годзе шырока адзначыліся ў рэспубліканскіх літаратурных выданнях.

У часопісе “Полымя” змешчана 14 матэрыялаў, сярод якіх вершы Рагнеда Малахоўскага, Хведара Гурыновіча, Тамары Бярэзінай, Лідзіі Гардынец, проза Аляксандра Быкава і Генадзя Аўласенкі, публіцыстыка Зіновія Прыгодзіча, Таццяны Дашкевіч, Алеся Карлюкевіча, Алены Стэльмах.

У “Нёмане” было 16 публікацый, друкавалася проза і публіцыстыка Сяргея Клімковіча, Уладзіміра Цануніна, Таццяны Дашкевіч, Зіновія Прыгодзіча, Генадзя Аўласенка, Ірыны Карнаухавай, Алены Стэльмах, Таццяны Цвірко, вершы Хведара Гурыновіча, пераклады вершаў пакістанскіх пісьменнікаў, зробленыя Марынай Лайковай і Максімам Хацкевічам.

У часопісе “Маладосць” публікавалася проза Алеся Бычкоўскага і Паліны Корневай, вершы Таццяны Цвірко і Хведара Гурыновіча.

Найбольшая колькасць публікацый твораў пісьменнікаў Міншчыны – трыццаць пяць – на працягу мінулага года было ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. У “ЛіМе” друкаваліся вершы і проза, публіцыстыка Рагнеда Малахоўскага, Паліны Корневай, Хведара Гурыновіча, Таццяны Цвірко, Аляксандра Быкава, Леаніда Крываноса, Аркадзя Жураўлёва, Зіновія Прыгодзіча, Аляксандра Бычкоўскага, Алеся Карлюкевіча, Алены Стэльмах, Генадзя Аўласенка, Віктара Сабалеўскага, Вадзіма Ялфімава, Кастуся Цыбульскага, Галіны Нупрэйчык, Людмілы Круглік, Тамары Бярэзінай, Лідзіі Гардынец, Алеся Камароўскага, Уладзіміра Цануніна. Значную частку публікацый склалі пераклады туркменскіх, башкірскіх, рускіх, армянскіх, чувашскіх, якуцкіх, інданэзійскіх, узбекскіх,  пакістанскіх, індыйскіх, узбекскіх і мальційскіх пісьменнікаў, якія зрабілі Зінаіда Гасціловіч, Рагнед Малахоўскі, Святлана Быкава, Алесь Карлюкевіч, Генадзь Аўласенка.

Пісьменнікі Міншчыны былі дастойна прадстаўлены ў рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадска-палітычных мас-медыя. У газетах і часопісах было змешчана 386 публікацый членаў абласнога аддзялення. На радыё і тэлебачанні адбылося 59 выступленняў. У розных СМІ размешчана 17 інтэрв’ю з пісьменнікамі Міншчыны. Толькі ў аўтарскай праграме Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” на тэлеканале Беларусь 3 у мінулым годзе прынялі ўдзел 8 пісьменнікаў аддзялення: Аляксандр Бычкоўскі, Кастусь Цыбульскі, Леанід Крыванос, Рагнед Малахоўскі, Максім Хацкевіч, Паліна Корнева, Зіновій Прыгодзіч, Уладзімір Цанунін.

У справаздачным перыядзе члены аддзялення актыўна займаліся асветніцкай дзейнасцю па папулярызацыі як сваёй творчасці, так і творчасці класікаў беларускай літаратуры і сучасных пісьменнікаў. Імі праведзена 647 сустрэч з чытачамі ў бібліятэках, са школьнікамі і вучнямі розных навучальных устаноў і іншымі катэгорыямі грамадзян. Па розных ацэнках агульная колькасць прысутных на гэтых сустрэчах склала больш за 67 тысяч чалавек.

Найбольш маштабнымі сталі:

Ушанаванне 20 чэрвеня ў Рэспубліканскім доме ветэранаў пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу сярод ветэранскіх арганізацый Мінскай вобласці, які быў прымяркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел прынялі 10 пісьменнікаў.

11 ліпеня ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася прэзентацыя тэматычнага зборніка песень “Радзімы песенныя сцежкі” да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Праводзілася ў рамках Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2024”). Удзел прынялі 8 аўтараў.

У межах абласнога свята да Дня народнага адзінства 21 кастрычніка творчая сустрэча з настаўнікамі-філолагамі маладзечанскіх навучальных устаноў у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча. Удзел прынялі адначасова 7 пісьменнікаў.

24 кастрычніка ў сталічным Доме літаратара прайшоў творчы вечар “Зямля бацькоў – сыноў зямля” паэта-песенніка Канстанціна Пятровіча Цыбульскага, які быў прымеркаваны да 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У чэрвені – жніўні на працягу трох месяцаў у межах рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” правялі шэраг сустрэч са школьнікамі, якія адпачывалі ў летніх аздараўленчых лагерах. Парадак правядзення і арганізацыйныя пытанні былі ўзгоднены з галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.

Такія мерапрыемствы адбыліся ў значнай колькасці раёнаў вобласці. У тым ліку, найбольш маштабна ў Дзяржынскім (праводзілі Людміла Круглік, Леанід Крыванос, Ірына Карнаухава), у Уздзенскім (праводзілі Віктар Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч, Таццяна Цехнябедзіна) раёнах. Не засталіся без увагі адпачываючыя дзеткі ў Нясвіжскім раёне (сустракалася Ірына Карнаухава), у Стаўбцоўскім (сустракалася Ніна Загарэўская), у Мінскім (сустракаліся Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Таццяна Каленік), у Валожынскім раёне (сустракалася Наталля Жызнеўская).

Дзейнасць пісьменнікаў Міншчыны не была абмежавана толькі сваім рэгіёнам. У сталіцы адпаведныя творчыя мерапрыемствы адбыліся з удзелам Сяргея Клімковіча і Ірыны Карнаухавай. Па месцу жыхарства ў горадзе Асіповічы Магілёўскай вобласці з адпачываючымі летняга дзіцячага лагера мясцовай школы №5 сустракалася Лёля Багдановіч.

У межах акцыі “Лета з добрай кнігай” праведзены два калектыўных выезды. 30 ліпеня адбылася чарговая, стаўшая ўжо традыцыяй, сустрэча літаратараў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі са школьнікамі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” і супрацоўнікамі ўстановы. Удзел у ёй прынялі 6 літаратараў: Сяргей Клімковіч, Рагнед Малахоўскі, Марына Лайкова, Аляксандр Быкаў, Уладзімір Цанунін, Леанід Крыванос.

14 жніўня ў аздараўленчым лагеры “Лясная казка” Вілейскага раёна з падлеткамі сустракаліся пісьменнікі Віктар Кажура, Уладзімір Цанунін і Тамара Бярэзіна. Трэба дадаць, што мерапрыемства арганізаваў дзіцячы пісьменнік Віктар Кажура, педагог, які ў гэты час знаходзіўся на змене ў лагеры ў якасці выхавацеля-арганізатара.

Згодна з планам, літаратары прынялі ўдзел у мерапрыемствах XXХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў сакавіку 2024 года. Там на цэнтральнай пляцоўцы адбылася прэзентацыя калектыўнага зборніка аддзялення “Званоў перазвон”, прысвечанага 80-годдзю Хатынскай трагедыі і спаленым пад час мінулай вайны вёскам Міншчыны. Увогуле, адбыўся шэраг прэзентацыйных мерапрыемстваў па гэтай кнізе. На святкаванні Дня Перамогі зборнік з аўтографамі аўтараў змешчаных у ім твораў быў падораны музею Мемарыяльнага комплекса “Хатынь”. Прэзентавалі кнігу на сустрэчах з чытачамі ў Клецку Таццяна Цвірко, у Навасельскай сярэдняй школе Мінскага раёна Леанід Крыванос і Рагнед Малахоўскі, адбылася прэзентацыя ў сталічным музеі імя Я. Коласа.

Прадстаўнікі аддзялення актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах ХХІІІ-га Маладзечанскага нацыянальнага фестывалю паэзіі і песні, ХХХІ свяце беларускага пісьменства ў горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці.

Была наладжана ваенна-шэфская работа з Групай матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння органаў пагранічнай службы, якая дыслацыруецца ў горадзе Дзяржынску. Згодна з планам сумеснай работы на працягу года пісьменнікі Антон Анісовіч, Людміла Круглік і Леанід Крыванос неаднаразова выступалі перад асабістым саставам гэтай часці.

Плённае супрацоўніцтва ажыццяўлялася з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Адбылася акцыя па перадачы аўтарскіх кніг музею пісьменнікамі аддзяленя ў Міжнародны дзень дарэння кніг. Наш літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Кенька Міхась Паўлавіч прыняў удзел у вучнёўскай канферэнцыі па творчасці юбіляраў-класікаў беларускай літаратуры, якая была арганізавана музеем. Ён жа працаваў у складзе журы арганізаванага музеем рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага творчасці Васіля Быкава. 24 красавіка ў музеі ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылася выстава, прысвечаная творчасці вядомай дзіцячай пісьменніцы з Мінскага раёна Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. У Міжнародны дзень паэзіі адбылася сустрэча з наведвальнікамі музея пісьменнікаў Рагнеда Малахоўскага, Таццяны Дашкевіч і Ірыны Карнаухавай. У чэрвені Кастусь Цыбульскі і Рагнед Малахоўскі прынялі ўдзел у святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава ў філіяле – музеі-дачы народнага пісьменніка ў аграгарадку Ждановічі Мінскага раёна. Прынялі ўдзел пісьменнікі Міншчыны ў арганізаваных музеем літаратурных чытаннях “Цімкавіцкія вытокі” на радзіме Кузьмы Чорнага ў Капыльскім раёне і ў свяце паэзіі “Ракуцёўскае лета-2024” у Маладзечненскім раёне, якое прысвечана Максіму Багдановічу. Кіраўніцтва аддзялення па запрашэнні музея прыняло ўдзел у анлайн-сустрэчы з прадстаўнікамі навукова-літаратурнай інтэлігенцыі расійскага Башкартастана.

Прадуктыўна Мінскае абласное аддзяленне СПБ працавала і з бібліятэкамі воблаці. Асабліва з Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна. Пісьменнікі Міншчыны прынялі ўдзел у арганізаванай біліятэкай патрыятычнай акцыі для дзяцей і моладзі “Беларусь помніць” і ў Круглым стале на тэму “Партызанскі і падпольны рух у Беларусі ў 1941-1944 гадах”, якія былі прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры арганізацыйнай падтрымцы бібліятэкі на яе пляцоўцы адбыўся творчы вечар “Імгненні творчасці” заслужанага дзеяча культуры Беларусі Зіновія Прыгодзіча з нагоды яго 80-гадовага юбілея, а таксама літаратурна-мастацкая выстава “Каб не спыніўся рух” Таццяны Каленік. Скажу болей, па ініцыятыве заведуючай філіяла сталічнай бібліятэкі №3 імя Уладзіміра Маякоўскага Таццяны Каленік, на працягу года у гэтым філіяле прайшлі некалькі тэматычных мерапрыемстваў з удзелам пісьменнікаў нашага і сталічнага аддзяленняў. Увесь лістапад там дзейнічала выстава, прысвечаная творчасці былога намесніка старшыні нашай абласной пісьменніцкай арганізацыі Анатоля Уладзіміравіча Смалянкі, таленавітага празаіка і публіцыста, які пайшоў з жыцця дзесяць гадоў таму.

Актыўна супрацоўнічалі з раённымі бібліятэкамі пісьменнікі па месцы жыхарства: Дзмітрый Вінаградаў, Віктар Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч, Валянціна Шытыка з Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Паўлюка Труса; Людміла Круглік, Антон Анісовіч з Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай і іншыя.

Члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі не заставаліся ў баку ад удзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны і рэгіёну.

16 чэрвеня Рагнед Малахоўскі прыняў удзел у абласной дыялогавай пляцоўкі “Аперацыя “Багратыён”, якая праводзілася ў Уздзе. Старшыня аддзялення 19 чэрвеня ў складзе дэлегацыі абласнога Каардынацыйнага савета палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме каля мемарыяла на месцы спаленай у гады Вялікай Айчынай вайны вёскі Дальва Лагойскага раёна.

Згодна з Пастановай Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі аб удзеле пісьменніцкай арганізацыі ў выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта краіны, на Савеце аддзялення было разгледжана пытанне аб стварэнні адпаведнай Рабочай групы аддзялення ў складзе 11 чалавек. Старшыня аддзялення Леанід Крыванос быў абраны назіральнікам у абласную камісію па правядзенні выбараў, паэтэса Наталля Жызнеўская з Валожынскага раёна працавала ў складзе мясцовай выбарчай камісіі па месцы жыхарства. Галоўнае, пісьменнікі аператыўна сваёй творчасцю рэагавалі на падзеі, якія адбываліся ў краіне і свеце. Тэму генацыда беларускага народа і яго барацьбы за вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сваіх сцэнарыях да тэлевізійных дакументальных фільмаў асвятляла Наталля Голубева. Рэгулярна ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі гучала публіцыстычнае слова на злобу дня Вадзіма Ялфімава, на галоўнай старонцы штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” змяшчаліся вершы Рагнеда Малахоўскага ў гонар беларускага паралімпійскага чэмпіёна Ігара Бокія і з нагоды маштабнага стыхійнага бедства ў афрыканскай Кеніі, Наталлі Жызнеўскай верш-прызыў да ўдзелу ў выбарах прэзідэнта Беларусі, на старонках гэтага ж выдання верш Леаніда Крываноса да Дня народнага адзінства.

Інфармацыя пра дзейнасць аддзялення змяшчалася і ёсць у Інтэрнэце і ў сацыяльных сетках. Сайт аддзялення ў поўнай меры адлюстроўвае жыццё і дзейнасць арганізацыі, папулярызуе літаратурныя творы пісьменнікаў. Навіны пра дзейнасць аддзялення таксама змяшчаюцца на інтэрнэт-сайтах СПБ, Мінскага аблвыканкама.

2024 год – год прызнання літаратурных дасягненняў літаратараў Міншчыны. Краязнаўца Уладзімір Ліхадзедаў стаў лаўрэатам Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва. Паэт Хведар Гурыновіч вызначаны званнем лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі паэзія за кнігу “Паляўнічая паэма”. Кандыдат гістарычных навук Барыс Далгатовіч за шматгадовую плённую літаратурна-навуковую працу ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзнагароджаны паэт-песеннік з Мінскага раёна Кастусь Цыбульскі, дзіцячая пісьменніца з Уздзеншчыны Галіна Нічыпаровіч, дзяржынскі паэт Антон Анісовіч.

Паэма “Легенда Заслаўя” Святланы Быкавай, творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой “Ключ ад вялікай каштоўнасці” і Генадзя Аўласенка “Чаму Дукоры такую назву маюць” уключана ў зборнік твораў для пазашкольнага чытання па беларускай літаратуры для вучняў 6-х класаў.

2024 год быў Годам якасці. На выдадзеныя пісьменнікамі вобласці кнігі атрымана 15 рэцэнзій. Супрацоўнікі аддзялення шмат увагі надавалі рэдагаванню твораў і рукапісаў, якія накіроўваліся ў адрас арганізацыі. У планах на бягучы год – сумеснае з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры выданне калектыўнага зборніка “У іх жыцці была вайна” з творамі пісьменнікаў абласнога аддзялення – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і “дзяцей вайны”; сумесна з Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь – выданне святочнага нумара альманаха “Граніца літаратурная” да дня Вялікай Перамогі з творамі пісьменнікаў Міншчыны пад агульнай назвай “Межы Радзімы – месца бязмежнага гераізму”; выданне кніжнай серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” у падтрымку маладых аўтараў.

Старшыня

Леанід КРЫВАНОС