Справаздача аб праведзенай рабоце Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за 2023 год
Share the post "Справаздача аб праведзенай рабоце Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за 2023 год"
Па стане на 14 лютага 2024 года ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі лічацца 80 літаратараў.
У справаздачным перыядзе ішла даволі актыўная ратацыя кадраў. На жаль, нас пакінулі: мінчанін, паэт Барадач Аляксандр Аляксандравіч – пайшоў з жыцця пасля працяглай і цяжкай хваробы; паэтэса з Мінскага раёна Ярчак Эльвіра Іванаўна – на 85-м годзе жыцця. Выключаны са складу членаў СПБ паэтэсы – Каўрыга Вольга Васільеўна з Дзяржынскага раёна (у сувязі з пераездам на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, на падставе асабістай заявы) і Седакова Таццяна Васільеўна з Мінску (за страту сувязі з арганізацыяй, шматгадовую няўплату членскіх узносаў, на падставе асабістай заявы).
Адначасова ў Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты і папоўнілі нашу абласную суполку:
Анісовіч Антон Браніслававіч – паэт, жыве ў Дзяржынскім раёне; Мітрошчанкава Аксана Уладзіміраўна – паэтэса з Валожына; Шапавалава Марына Уладзіміраўна – паэтэса з гарадскога пасёлку Мачулішчы Мінскага раёна; Капыток Алена Сяргееўна – празаік з Барысава. Перайшоў да нас з гарадскога аддзялення паэт, перакладчык Адам Міхайлавіч Шостак.
У 2023 годзе офіс арганізацыі змяніў месца свайго знаходжання: мы пераехалі з цокальнага памяшкання на трэці павер у гэтым жа будынку. Адбыліся змены і ў штатным раскладзе абласнога аддзялення: пайшла на пенсію галоўны спецыяліст Якаўлевіч Таццяна Мікалаеўна, якая на працягу пятнаццаці гадоў сумленна працавала на карысць арганізацыйнага забяспячэння нашай дзейнасці. На яе месца прыйшла Мельнічэнка Нэлі Ігараўна, прафесійны журналіст, якая да гэтага на працягу шмат гадоў працавала галоўным рэдактарам шматтыражнай газеты Мінскага маторнага завода.
З-за абмежаванасці часу ў сваім выступленні я буду гаварыць толькі пра асноўныя і найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў справаздачны перыяд. Але ў каго будуць пытанні, гатовы буду на іх адказаць.
2023 год быў Годам міру і стварэння. Трэба адзначыць, што нашы пісьменнікі ў справаздачным перыядзе плённа працавалі ў розных літаратурных жанрах: прозе, паэзіі, публіцыстыцы, песенным жанры, актыўна друкаваліся ў перыёдыцы, выдавалі кнігі ў дзяржаўных і прыватных выдавецтвах. За мінулы год выдадзена 60 кніг агульным накладам 51 000 асобнікаў.
Значнай падзеяй стала своеасаблівая літаратурная вахта памяці, прысвечаная 80-м угодкам Хатынскай трагедыі, якую мы абвясцілі публічна. Творы, якія да нас дасылаліся, у тым ліку не толькі членаў аддзялення, змяшчаліся на нашым інтэрнэт-сайце, лепшыя з іх потым склалі тэматычны зборнік “Званоў перазвон”, які быў выдадзены Выдавецкім домам “Звязда”. У кнізе змешчаны вершы, апавяданні, публіцыстычныя нататкі, эксклюзіўныя матэрыялы, прадстаўленыя больш як трыццацю сучаснымі аўтарамі.
Рэалізаваны сумесны ваенна-патрыятычны праект Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства адукацыі і Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Па заяўцы і пры інфармацыйна-даведачнай падтрымцы Дзяржпагранкамітэта і фінансавай падтрымцы Мінадукацыі выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” выдала кнігу мастацка-дакументальных навел пісьменніка Леаніда Крываноса “Судьбой повенчаны с границей” накладам 3000 экземпляраў. Кніга прысвечана сучасным героям граніцы, яе змест накіраваны на папулярызацыю прафесіі абаронцы Айчыны, яна трапіла ў большасць устаноў адукацыі краіны. Гэта прыклад таго, як літаратарам можна і трэба супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўстановамі.
Хачу адзначыць плённую працу нашага старэйшага калегі, публіцыста, кандыдата гістарычных навук Барыса Далгатовіча. Шмат гадоў ён нязменны аўтар ваенна-патрыятычнага праекта выдавецтва “Беларусь” “Гісторыя для школьнікаў”. У мінулым годзе выйшлі адначасова некалькі яго кніг, у тым ліку «И на Тихом океане свой закончили поход», «Командармы – наши земляки», «На вершине славы», «Генеральские династии в Беларуси» и «Адмиралы-фронтовики – наши земляки». Гэта невялічкія па аб’ёму кніжыцы з абагульненымі сведкамі пра беларусаў, якія па-геройску змагаліся з ворагам у часы Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменнік, якому ў гэтым годзе споўніцца 90 гадоў, актыўна працуе і зараз як навуковец-даследчык. Барыс Дзмітрыевіч, па сутнасці, сам стаў для моладзі нашага аддзялення і Саюза ўвогуле прыкладам самаадданасці, толькі навукова-літаратурнай справе.
У мінулым годзе плённа супрацоўнічала з Белтэлерадыёкампаніяй наш празаік, сцэнарыст, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. Па яе сцэнарыям на тэлевізійныя экраны краіны выйшаў цыкл дакументальна-публіцыстычны фільмаў “Генацыд. Без права на жыццё”, рэалізаваліся іншыя гісторыка-дакументальныя тэлепраекты, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і вядомым беларусам таго часу. Яе шматгадовая праца на літаратурнай, сцэнарнай ніве была адзначана высокай узнагародай. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2023 года № 34 ёй прысвоена ганаровае званне – заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Сваімі краязнаўчымі даследваннямі, значная частка якіх тычыцца мінулага Міншчыны, шырокую вядомасць не толькі ў вобласці і ў краіне, але і далёка за яе межамі набыў Уладзімір Ліхадзедаў. Яго кніжна-альбомны фоталетапіс таксама ацэнены па заслугах. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2023 года № 255 наш літаратар узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У тым жа годзе аўтар падцвердзіў узнагароду альбомам «Ад Віцебска да Полацка». Выпуск яго быў прымеркаваны да XXX Дня беларускага пісьменства ў Гарадку. У 2023 годзе ўбачылі свет яшчэ дзве кнігі Уладзіміра Аляксеевіча ў суаўтарстве.
Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі ў мінулым годзе за шматгадовую плённую літаратурную працу ўзнагароджаны Зялкоўскі Яўген Фаміч, за шматгадовую плённую літаратурную працу і актыўны ўдзел у жыцці і дзейнасці СПБ узнагароджаны Ласенка Уладзімір Міхайлавіч.
Пісьменнікі Міншчыны ў мінулым годзе шырока адзначыліся ў рэспубліканскіх літаратурных выданнях. Напрыклад, вершы, проза і публіцыстыка Зіновія Прыгодзіча, Алеся Карлюкевіча, Рагнеда Малахоўскага, Міхася Курылы, Таццяны Каленік, Таццяны Цвірко, Фёдара Гурыновіча, Лёлі Багдановіч, Аляксандра Быкава ў часопісе “Полымя”. Амаль усе гэтыя аўтары змяшчалі свае творы і ў часопісе “Нёман”. У “Нёмане” таксама пабачылі свет апавяданні Марыны Лайковай, Таццяны Дашкевіч, аповесць Алеся Камароўскага, публіцыстычныя замалёўкі Алены Стэльмах, вершы Святланы Быкавай. Творы нашых пісьменнікаў былі апублікаваны больш чым у 40 нумарах штотыднёвіка “Літаратура і Мастацтва”. Гэта проза Генадзя Аўласенкі, вершы Вольгі Савасцюк, Галіны Нічыпаровіч, Людмілы Круглік, Антона Анісовіча, Барыса Савінава, Яўгена Пясецкага, публіцыстыка Віктара Сабалеўскага, творы іншых аўтараў. Тут я хачу звернуць вашу ўвагу на падпіску на гэтыя выданні. Каб вы ведалі: штатныя супрацоўнікі падпісываюць “Полымя”, “Нёман” і “ЛіМ” для аддзяленя за асабісты кошт – з зарплаты. Гэта практыка існуе ўжо два гады. Таму і вас, паважаныя калегі, прызываю праявіць асабістую падпісную зацікаўленасць да рэспубліканскіх літаратурных выданняў.
Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення былі годна прадстаўлены ў рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадска-палітычных мас-медыя: 28 разоў удзельнічалі ў праграмах радыё і тэлебачання, публікацыі пра іх творчасць друкаваліся ў газетах і часопісах 182 разы. Апублікавана 9 інтэрв’ю, атрымана 13 рэцэнзій на выдадзеныя кнігі.
Інфармацыя пра дзейнасць аддзялення ёсць у Інтэрнэце. На сайце аддзялення змяшчаюцца навіны пра жыццё і дзейнасць арганізацыі, літаратурныя творы пісьменнікаў (Больш падрабязна пра гэта раскажа ў сваім выступленні Рагнед Малахоўскі). Навіны пра дзейнасць аддзялення таксама змяшчаюцца на інтэрнэт-сайтах СПБ, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.
Згодна плану, літаратары прынялі ўдзел у мерапрыемствах XXХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў сакавіку 2023 года. Яны ўдзельнічалі ў прэзентацыях сваіх кніг на стэндах выдавецтваў, на галоўнай пляцоўцы кірмашу адбылося прэзентацыйнае выступленне аўтараў, чые кнігі аддзяленне намініравала на Нацыянальную літаратурную прэмію. Тут я хачу адзначыць, што лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2023 год у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” стала наша Стэльмах Алена Анатольеўна за кнігу “Пашка і сонечны праменьчык”.
Прадстаўнікі аддзялення актыўна ўдзельнічалі у ХХІІ-м Маладзечанскім нацыянальным фестывалі паэзіі і песні, ХХХ свяце беларускага пісьменства ў Гарадку і іншых мерапрыемствах на працягу года.
У 2023 годзе мы дастаткова шчыльна супрацоўнічалі з Мінскай абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна. Сумесна з ёй і з раённымі бібліятэкамі вобласці реалізаваны абласны праект “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, прысвечаны папулярызацыі літаратурнай творчасці сярод дзяцей і падлеткаў. Кіраўніцтва аддзялення – старшыня – Л. Крыванос і галоўны спецыяліст Р. Малахоўскі працавалі ў складзе журы арганізаванага абласной бібліятэкай рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага творчасці Максіма Багдановіча. Удзел у ім прынялі больш за 2000 дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў Беларусі. А творы некаторых пісьменнікаў аддзялення былі ўключаны ў планы раённых бібліятэк па папулярызацыі іх творчасці: Віктар Кажура – Вілейскай, Галіна Нупрэйчык – Клецкай, Фёдар Гурыновіч – Салігорскай, Кацярына Хадасевіч-Лісавая – Старадарожскай цэнтральных раённых бібліятэк.
У лютым на пляцоўцы пушкінскай бібліятэкі адбылася падрыхтаваная бібліятэкарамі творчая вечарына “Падары мне на памяць вершы…”, прысвечаная Году міра і стварэння. Перад слухачамі выступілі паэты аддзялення Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнаухава, Лёля Багдановіч, Марына Лайкова. У снежні зноў на пляцоўцы абласной бібліятэкі прайшла запамінальная прэзентацыя калектыўнага тэматычнага зборніка пісьменнікаў аддзялення “Званоў перазвон”. Мы вызначылі план сумесных мерапрыемстваў на бягучы год, і ўжо рэалізуем яго.
Такі ж план супрацоўніцтва ў нас ёсць і з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Сённяшняе мерапрыемства, першае з гэтага плану. А ў мінулым годдзе мы сталі ўдзельнікамі арганізаванага музеем і Капыльскім райвыканкамам свята “Цімкавіцкія вытокі”, прысвечанага дню нараджэння і творчасці Кузьмы Чорнага. Мы сталі суарганізатарамі і ўдзельнікамі ініцыіраванага музеем абласнога творчага конкурсу “Янка Маўр: вандраванне па зорках”, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай дзіцячай літаратуры. Ад імя кіраўніцтва аддзялення пераможцам і лаўрэатам у намінацыі “Літаратурная творчасць” былі ўручаны дыпломы і падарункі – кнігі з аўтографамі і віншаваннямі аўтараў – пісьменнікаў Міншчыны. Звароты да пераможцаў у сваіх кнігах падпісалі Алесь Карлюкевіч, Алена Стэльмах, Генадзь Аўласенка.
Трэба адзначыць, што на працягу года нашы калегі прымалі ўдзел у працы журы самых разнастайных і шматлікіх літаратурных конкурсаў.
У маі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылося пасяджэнне абласнога журы Рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка”. Удзел у вызначэнні пераможцаў абласнога этапу прынялі паэт Рагнед Малахоўскі і дзіцячы пісьменнік, празаік Сяргей Клімковіч.
У журы міжнароднага літаратурнага анлайн-конкурсу, які быў прысвечаны 800-годдзю горада Нясвіжа “Табе я, Нясвіж, прысвячаю…”, прыняў удзел паэт Кастусь Цыбульскі. А ў якасці канкурсантаў і пераможцаў у розных намінацыях сталі нашы Таццяна Цвірко, Генадзь Аўласенка, Дзмітрый Вінаградаў, Людміла Круглік.
Мне і Рагнеду Малахоўскаму давялося па запрашэнні кіраўніцтва абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прыняць удзел у рабоце журы абласнога этапа рэспубліканскага конкурса работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” – 2023”, арганізаванага гэтым грамадскім аб’яднаннем.
Найбольш значнай конкурснай падзеяй мінулага года для аддзялення сталі вынікі абласнога літаратурнага конкурсу, у журы якога мне таксама давялося папрацаваць. Рашэннем Мінаблвыканкама ад 15 снежня 2023 года лаўрэатамі літаратурнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за 2021 – 2022 гг. сталі: у намінацыі “Проза” – Карнаухава Ірына Аляксандраўна – за кнігу “Необычно-обычные истории”; у намінацыі “Паэзія” – Цанунін Уладзімір Яфімавіч – за зборнік вершаў “Каму патрэбна памяць аб вайне” і Цвірко Таццяна Канстанцінаўна – за зборнік “Вершам прарасту…”; у намінацыі “Публіцыстыка” – Жукаў Павел Сямёнавіч – за кнігу “Тут земля такая”; у намінацыі “Мастацкі пераклад, літаратурная крытыка” – Хазянін Аляксандр Аляксандравіч – за зборнік літаратуразнаўчых матэрыялаў “Светлыя прамені”; у намінацыі “Дзіцячая і юнацкая літаратура” – Жураўлёў Аркадзь Трафімавіч – за кнігу казак “Чароўныя словы”.
У рэспубліканскім літаратурным конкурсе, арганізаваным Дзяржпагранкамітэтам да 105-годдзя пагранічнай службы, ІІІ месца ў намінацыі “проза” заняў наш празаік Славамір Даргель.
У другім адкрытым літаратурным конкурсе сатырычнай і іранічнай прозы імя Васіля Ткачова, арганізаваным Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ, першае месца сярод калег-пісьменнікаў заняў Віктар Сабалеўскі.
У 2023 годзе пісьменнікі аддзялення па ўсёй вобласці правялі больш за 600 творчых сустрэч з чытачамі і аматарамі літаратуры. Хаця, на самой справе, як мне падаецца, іх на шмат болей.
У гэтым кантэксце паспяхова была праведзена акцыя “Лета з добрай кнігай”. У ёй прынялі ўдзел больш за дваццаць літаратараў, сярод якіх вызначыліся Наталля Жызнеўская, Людміла Круглік, Лёля Багдановіч, Галіна Нічыпаровіч, Ніяна Загарэўская, Ирына Карнаухава, Таццяна Каленік, Яўген Пясецкі і іншыя. 18 ліпеня пры падтрымцы аблвыканкама адбыўся маштабны выезд (7 пісьменнікаў адначасова – Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнаухава, Уладзімір Цанунін, Уладзімір Кажура, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Павел Жукаў і я) у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” у Мядзельскі раён.
У рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года” у 2023 годзе ў Слуцку адбыўся шэраг літаратурных сустрэч з чытачамі: “Беларускія пісьменнікі: з першых вуснаў” паэтэсы Ганны Міклашэвіч, творчая сустрэча з кнігалюбамі ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы Леаніда Крываноса і Рагнеда Малахоўскага. Хачу сказаць, што штатныя супрацоўнікі аддзялення – і я, і Рагнед Юр’евіч у мінулым годзе пабывалі ў творчых камандзіроўках у Барысаве, Жодзіна, Слуцку, двойчы ва Уздзе, Дзяржынску, Мядзельскім раёне, Нясвіжы, Смалявічах, аграгарадку Прылукі Мінскага раёна.
А ўвогуле, некаторыя з нашых калег дастойна прадстаўлялі аддзялення і сваю творчасць і ў іншых рэгіёнах краіны. І нават за межамі Беларусі. Хачу звярнуць вашу ўвагу, у якасці прыклада адказнасці, на тое, як вымушаныя часова знаходзіцца ў іншых краінах калегі папулярызуюць нашу літаратуру. Празаік Эсміра Ісмаілава, якая зараз знаходзіцца ў Стамбуле (муж – дыпламат), у красавіку мінулага года выступіла ў Міжнародным жаночым клубе Стамбула на тэму “Жаночая літаратура і яе роля ў жыцці сучаснай жанчыны”, у верасні выступала на сустрэчы рускамоўных прадстаўніц краін СНД на тэму “Дзіцячая літаратура ў жыцці дзіцяці ва ўмовах лічбавай эры”, у лістападзе прэзентавала Беларусь на Міжнародным дні культур ААН у Стамбуле.
У Філадэльфіі ЗША дапамагае дачцэ выхоўваць унучку Галіна Мароз. І там з’яўляецца ўдзельніцай рускамоўнага гурта “Встреча друзей”, які адзін раз у месяц ладзіць музычна-літаратурныя канцэрты. Ладзіць паэтэса і свае асабістыя канцэрты з рускамоўнымі філадэльфійцамі. Штошгод у верасні-кастрычніку арганізоўвае і ўдзельнічае ў праваслаўных фестывалях пры мясцовай царкве “Жываносный источник”. У справаздачным годзе яна правяла благачынны канцэрт, сродкі ад якога былі пералічаны ў “Тэрытарыяльны цэнтр Лагойскага РВК” для інвалідаў з дзяцінства.
Па-сутнасці, прапісалася на сваёй малой радзіме – у Асіповічах Магілёўскай вобласці Лёля Багдановіч. І не толькі фізічна, але і ў творчым сэнсе. Яна сёння – заўзяты ўдзельнік літаратурных мерапрыемстваў і знакавая фігура ў культурным жыцці гэтага раёна. Пры ўсім тым, не забывае і пра Міншчыну.
У лютым у Оршы і Брэсцкай вобласці ў бібліятэках і школах дзялілася з аматарамі кнігі сваімі літаратурнымі дасягненнямі Ірына Карнаухава.
Давялося і мне ў красавіку 2023 года па запрашэнні кріаўніцтва Дзяржпагранкамітэта прыняць удзел у вучэбна-метадычным зборы з службовымі асобамі сацыякультурнай і аркестравай службы пагранічнага ведамства, які праводзіўся ў Брэсце. Выступаў з дакладам: “Героіка пагранічнай службы ў айчыннай літаратуры”. Да слова, у мінулым годзе мы пачалі з гэтай службай сумесны праект. Убачыў свет першы нумар ведамственнага літаратурнага альманаха “Граніца літаратурная”. У ім былі надрукаваныя творы і пісьменнікаў нашага аддзялення, прысвечаныя тэме пагранічнай службы і граніцы. У бліжэйшыя месяцы плануецца наступны нумар альманаха.
На працягу года нашы аўтары актыўна ўдзельнічалі ў самых розных мерапрыемствах самага рознага фармату. Як прыклад, у сустрэчах з кнігалюбамі, прысвечаных Дню роднай мовы (21 лютага), прынялі ўдзел больш за 10 пісьменнікаў.
Члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі не заставаліся ў баку ад удзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Некаторая частка з іх была задзейнічана ў святкаванні 85-годдзя Мінскай вобласці. У тым ліку, у рабоце журы творчага конкурсу на найлепшы літаратурны твор, прымеркаваны да юбілею вобласці, і ў самім конкурсе.
7 верасня 2023 года на Дзяржынскай гары (Дзяржынскі раён), самым высокім месцы Беларусі, быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Сімвал адзінства – 2023», галоўная мэта якой – стварэнне ў Мінску алеі сцягоў рэгіёнаў. Перадаць сцяг горада Салігорска было даверана Ганароваму грамадзяніну Салігорскага раёна, нашаму паэту Фёдару Гурыновічу.
Вялікая дэлегацыя аддзялення прыняла ўдзел у свяце беларуска-малдоўскага ўзаемаразумення “Вянок сяброўства”, якое прайшло 11 лістапада ва Уздзе Мінскай вобласці. А канцэртную праграму гэтага мерапрыемства пачынала сваім прывітальным вершам паэтэса з Дзяржынску Людміла Круглік. Таксама са сцэны прагучалі выршы уздзенскай пісьменніцы Галіны Нічыпаровіч.
У цэлым, мерапрыемствы Плана работы аддзялення на 2023 год выкананы. На жаль, мы былі вымушаны скасаваць два пытанні.
Планавалася правядзенне семінару з кіраўнікамі аматарскіх літаб’яднанняў вобласці. Але з часам мы зразумелі, што гэта рабіць яшчэ рана. Мы пакуль не гатовыя ў метадычным плане, а літаб’яднанні – практыкай работы. І накіравалі сваю дзейнасць з літаб’яднаннямі ў рэчышча папулярызацыі іх творчасці праз рэспубліканскія літаратурныя выданні. Гэтаму спрыяюць пратэкцыянісцкія магчымасці нашага Рагнеда Юр’евіча, які яшчэ падпрацоўвае рэдактарам аддзела паэзіі ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. У “ЛіМе” публікаваліся творы паэтаў з літаб’яднанняў валожынскага “Рунь”, дзяржынскага “Выток”, прылукскага Мінскага раёна “Ад слова к сэрцу”.
Некалькі самадзейных літаратараў паўдзейнічалі і ў хатынскім праекце. Іх творы змяшчаліся на сайце аддзялення, а асобных – змешчаны ў кнізе.
І яшчэ. У плане на мінулы год ёсць пункт: Падрыхтоўка літаратурных твораў пра сваякоў, якія пацярпелі пад час Вялікай Айчыннай вайны, для калектыўнага зборніка аддзялення да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў. Час паказаў, што мы не збяром колькі-небудзь такіх твораў, каб зрабіць кнігу. Убачылі і пэўныя цяжкасці ў фінансаванні праекта.
Бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам якасці. На што хацелася б звярнуць увагу ў нашай літаратурнай дзейнасці.
Па-першае, давайце больш адказна адносіцца да сваёй творчасці. Памылкі пры напісанні твораў дапускаюць усе. Бездакорных няма. На жаль, чытаючы асобныя рукапісы, якія дасылаюць да нас, вымушаны канстатаваць у іх змесце яўныя элементы кампазіцыйнай недасканаласці, стылістычныя і граматычныя хібы, агульную недапрацаванасць. Я заклікаю ўсіх калег больш адказна падыходзіць да гэтага пытання. Паважаць сябе і сваю творчасць. Скажу шчыра, давялося чырванець, калі на паседжанні камісіі па прысуджэнню абласной прэміі адзін з заўзятых членаў журы – выкладчык рускай мовы і літаратуры, стаў разбіраць змест кніг канкурсантаў як вучнёўскія сачыненні. Прыйшлося нават уступіць у спрэчку, што мы прадстаўляем літаратурныя творы, за якія ў значнай ступені ў выглядзе кнігі адказнасць нясуць выдавецтвы.
Па-другое, на працягу мінулага года ў аддзяленне неаднарозова звярталіся людзі з заявамі на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў. Не па ўсім ім было прынята станоўчае рашэнне на паседжанні Савета. Але ва ўсіх заявіцеляў былі станоўчыя рэкамендацыі нашых калег. Я разумею, што цяжка адмовіць зваёмаму, чалавеку, якога ведаеце, ці ён вас ведае. Тым не меньш, ёсць канкрэтныя правілы, дзе распісаны ўмовы прыёму ў СПБ. Давайце больш адказна падыходзць да гэтага. А так мы псуем і свой імідж, і, як мінімум, настрой і надзеі кандыдатаў на ўступленне.
Па-трэцяе, мы даўно ўжо спрабуем данесці да кожнага з вас прынцыповую пазіцыю міністэрства інфармацыі, кіраўніцтва СПБ і кіраўніцва аддзяленя наконт тыражоў выдадзеных кніг. Канечне, кожны аўтар вольны выдаць такую колькасць сваіх кніг, якую хоча, ці можа. Але ён павінен ведаць, што гэтая кніга будзе разглядацца пры вылучэнні на любы больш-менш сур’ёзны літаратурны конкурс, нават, калі гэта ўмоўна шэдэўральны твор, толькі пры яго мінімальна значным тыражы. А гэта ад ста экзэмпляраў і болей. Чаму? Бо толькі тады нашы кнігі маюць афіцыйную рэгістрацыю ў адпаведных дзяржаўных установах, набываюць грамадскую вагу і сацыяльную значнасць. А ва ўсіх іншых выпадках – толькі парадаваць вельмі вузкае кола чытачоў, родных і знаёмых. Падштурхоўваюць нас да гэтага і выдаўцы, асабліва прыватныя, якія маніпулююць такім чынам калькуляцыяй цаны. Задумайцеся, няўжо 99 экзэмпляраў на практыцы нашмат танней за сто? Не. Але той самы соты прымушае выдаўца легалізаваць зробленае, інфармаваць адпаведныя ўстановы, дасылаючы туды сігнальныя экзэмпляры выдання. А гэта яго дадатковыя расходы, якія ён імкнецца перакласці на плечы аўтара.
Хочацца дадаць, што на жаль мы не заўсёды знаходзім час на тое, каб паведаміць кіраўніцтва аддзялення пра свае новыя кнігі, аб праведзеных мерапрыемствах, дасягненнях і праблемах у творчай дзейнасці. А асобныя творцы, як мне падаецца, увогуле нібыта знаходзяцца на нейкай асобнай творчай арбіце і дыстанцыруюцца ад аддзялення.
І апошняе. План работы на 2024 год разгледжаны на паседжанні Савета аддзялення і зацверджаны. Але сход можа яго ўдакладніць і ўнесці змяненні і дапаўненні.
Старшыня
Л.М. Крыванос

















