Ракуцёўскае лета – 2023

29 ліпеня ў фальварку Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна адбылося традыцыйнае свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”. Мерапрыемства прысвечана памяці класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча. Актыўны ўдзел у ім прыняла дэлегацыя Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пасля ўступнага слова дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргея Усіка былі ўзнагароджаны пераможцы творчага конкурсу “Ах словы, чароўныя словы”, які праводзілі музей, выдавецтвы “Звязда” і “Мастацкая літаратура”. На галоўнай сцэне старшыня аддзялення Леанід Крыванос уручыў маладой валожынскай паэтэсе Аксане Мітрошчанкавай білет і знак члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аксана Уладзіміраўна прачытала прысутным некалькі сваіх вершаў. Таксама са сваімі творамі выступілі паэты Рагнед Малахоўскі, Тамара Бярэзіна. Гучалі паэтычныя радкі прадстаўнікоў сталічнага аддзялення СПБ: Міхася Пазнякова, Навума Гальпяровіча, Віктара Шніпа, Алены Басікірскай, Кацярыны Роўды. Для гасцей свята гучалі песні фальклорных прафесійных і аматарскіх калектываў Маладзечанскага раёна.

На тэрыторыі фальварка працавала творчая пляцоўка, дзе казачніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая праводзіла майстар-клас і аўтограф-сесію для дзяцей. Папулярызаваў сваю творчасць і старшыня сталічнага аддзялення Міхась Пазнякоў. Праходзілі экскурсіі па аб’ектах музейнага комплекса, наведвальнікі знаёміліся з творчасцю народных умельцаў раёна. Кіраўніцтва музея і пісьменнікі выказалі надзею, што свята ў Ракуцёўшчыне ў будучым набудзе яшчэ больш высокі статус.

Прэс-служба МАА СПБ