Раўняючыся на класікаў

Лістападаўскае пасяджэнне уздзенскага літаб’яднання “Нёманец” пачалося са згадак пра жыццё і дзейнасць Уладзіміра Караткевіча. Да 95-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка ў раённай бібліятэцы імя П. Труса прайшло некалькі цікавых мерапрыемстваў. Спачатку для старшакласнікаў Уздзенскай СШ №1 імя А. Пушкіна быў праведзены біблія-квест “Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць”. Школьнікі пазнаёміліся з біяграфіяй творцы праз відэаролік, які падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі, пагарталі кнігі з выстаўкі “Быў. Ёсць. Буду”, а затым сталі працаваць над  конкурснымі заданнямі. Гучалі вершы ў выкананні дзяцей і дарослых, а таксама віртуальнага госця, нашага земляка Валерыя Сікіржыцкага, які даслаў у бібліятэку відэаролік з вершам У. Караткевіча. І ўсе прыйшлі да высновы, што мы, беларусы, па праву можам лічыць пісьменніка геніем.

Гаварылі пра У. Караткевіча, а таксама іншых класікаў літаратуры (Максім Багдановіч, Сяргей Ясенін, іншыя), чые юбілеі адзначаліся нядаўна ці неўзабаве адбудацца,  і на чарговым пасяджэнні літаб’яднання. Творчасцю пісьменнікаў у свой час захапляліся, бралі з іх прыклад члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі і Галіна Нічыпаровіч, Дзмітрый Вінаградаў і Валянціна Шытыка. Таксама падзяліліся сваімі новымі творамі планамі Іна Дворак і Тамара Каляда, Ніна Лятун і Уладзімір Бурэнка, сябар уздзенскіх літаратараў Уладзімір Слабейка са  Стаўбцоўшчыны. Адбылася цікавая размова пра сённяшні стан, здабыткі беларускай літаратуры, пра тое, што творчасць нашых класікаў, а ў гэтым шэрагу ёсць нямала і прадстаўнікоў Уздзеншчыны, павінна натхняць маладых, пачынаючых літаратараў на плённую працу, якая немагчыма без адказнасці за кожнае сказанае, напісанае слова.

Віктар Сабалеўскі