Пісьменнікі Міншчыны падвялі вынікі працы

13 лютага адбыўся справаздачны сход Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Літаратары з усіх куткоў прысталічнага рэгіёну сабраліся ў абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна і падвялі вынікі сваёй працы за 2024 год. Адбыўся абмен думкамі аб стане літаратурнага працэсу ў вобласці, былі абазначаны крокі дзейнасці арганізацыі на бягучы год.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сходу звярнулася дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі Наталія Вашчыла. У сваёй прамове Наталля Мікалаеўна нагадала пра шматлікія сумесныя мерапрыемствы з удзелам членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у тым ліку ў складзе журы такіх конкурсаў, як «Слова Купалы да творчасці кліча» і «Мы войну вспоминаем стихами». Уздымаючы пытанне камплектавання фондаў беларускіх бібліятэк выданнямі айчынных аўтараў, Наталія Мікалаеўна падзякавала членам Саюза за выдатныя раманы і аповесці, напісаныя для чытачоў самых розных узростаў, і выказала надзею, што творцы працягнуць ствараць мастацкія творы на актуальную тэматыку і з правільным маральным пасылам, накіраваным да маладых чытачоў.

Яшчэ адным госцем мерапрыемства стала Вольга Топдэмір, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама. Вольга Уладзіміраўна падкрэсліла важнасць працы пісьменнікаў з моладдзю і талентамі, якія падаюць надзею. Яна таксама нагадала аб неабходнасці аб’ектыўнай ацэнкі сучаснай інфармацыйнай прадукцыі, якая павінна несці ў сабе традыцыйныя для беларускай культуры паняцці і каштоўнасці.

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменніка Беларусі Леанід Крыванос падзяліўся з прысутнымі выніковай справаздачай аб рабоце аддзялення ў 2024 годзе.

Падчас сходу таксама выступілі беларускія паэты і пісьменнікі, члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Камароўскі і Віктар Сабалеўскі, а таксама паэт, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Рагнед Малахоўскі. У сваіх дакладах выступоўцы паднялі актуальныя тэмы асвятлення краязнаўства і малой радзімы ў айчынных творах, а таксама падтрымкі пачынаючых аўтараў.

Пад завяршэнне сустрэчы старшыня Мінскага абласнога аддзялення Леанід Крыванос уручыў ганаровыя граматы пісьменнікам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у працу аддзялення. Сярод іх – Таццяна Каленік, Тамара Бярэзіна, Таццяна Цвірко, Галіна Нічыпаравіч, Уладзімір Цанунін.

Крыніца: Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна