Пісьменнікі Міншчыны на Дні беларускага пісьменства

Міншчыну на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе прадстаўлялі літаратары з розных раёнаў вобласці. Асноўным месцам іх удзелу стала пляцоўка Мінскай вобласці. На ёй таксама пра культурныя дасягненні рэгіёна распавядалі прадстаўнікі Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўла Пранузы, Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Душэўнымі па змесце былі выступленні пісьменнікаў з Уздзеншчыны Галіны Нічыпаровіч і Віктара Сабалеўскага. На пляцоўцы Мінскай вобласці і выдавецкага дома “Звязда” ладзілі аўтограф-сесіі празаік з Барысава Алена Падкацік і аўтар прыгодніцкай літаратуры са Смалявіч Ганна Альхоўская. Запамінальнымі сталі музычна-паэтычныя праграмы паэта-песенніка з Мінскага раёна Кастуся Цыбульскага, паэтэсы і аўтара-выканаўцы з Лагойска Галіны Мароз і барда з Вілейкі Уладзіміра Цануніна.

Адбыўся шэраг прэзентацый новых калектыўных зборнікаў аддзялення, выдадзеных да 80-годдзя Вялікай Перамогі: “У іх жыцці была вайна” і “Граніца літаратурная”. Вядучым гэтых імпрэз быў кіраўнік арганізацыі Леанід Крыванос, а ўдзел прынялі аўтары. Дзялілася сваімі творчымі дасягненнямі дзіцячая пісьменніца і паэтэса Ірына Карнаухава, паэт Рагнед Малахоўскі, іншыя члены дэлегацыі. Завітала на пляцоўку вобласці і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад арганізацыі свята. На галоўнай пляцоўцы ў канцэртнай праграме Саюза пісьменнікаў Беларусі са сваімі песнямі выступіў Кастусь Цыбульскі.

Найбольш актыўным гасцям свята пісьменнікі Міншчыны падарылі экземпляры аўтарскіх і калектыўных выданняў.

Прэс-служба МАА СПБ