Пісьменнікі Міншчыны – да Дня народнага адзінства

Дзень народнага адзінства для літаратараў Мінскай вобласці – знамянальная дата. Бо ў свой час тэрыторыя сучаснай Міншчыны была амаль што напалову падзелена дзяржаўнай мяжой паміж Польшчай і СССР. І толькі ў верасні 1939 года пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі адбылося аб’яднанне не толькі рэгіёна, але і ўсяго беларускага народа. Менавіта таму напярэдадні свята ў абласным аддзяленні СПБ быў арганізаваны літаратурны марафон, прысвечаны 17 верасня. Тэматычныя вершы Уладзіміра Цануніна, Лідзіі Гардынец, Леаніда Крываноса, Марыі Шакун, Рагнеда Малахоўскага, Наталлі Жызнеўскай і Наталлі Жылевіч былі змешчаны на сайце арганізацыі.

17 верасня старшыня адзялення Леанід Крыванос правёў творчую сустрэчу з ваеннаслужачымі-пагранічнікамі, якія знаходзяцца на курсах перападрыхтоўкі ў Групе матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння органаў пагранічнай службы. Пісьменнік расказаў пра гісторыю з’яўлення гэтага свята, чытаў тэматычныя і патрыятычныя вершы, адказваў на пытанні слухачоў. Напрыканцы сустрэчы ён падарыў мясцовай бібліятэцы кнігу “У іх жыцці была вайна”, якая складзена з асобных твораў пісьменнікаў аддзялення – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і “дзяцей вайны” і выдадзена да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

У гэты ж дзень намеснік старшыні аддзялення Рагнед Малахоўскі прыняў удзел у сумесным мерапрыемстве з кіраўніцтвам прафсаюза работнікаў леса і моладдзю лясной гаспадаркі па ўдабрапарадкаванні захаванняў ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ва ўрочышчы Баруслава Пухавіцкага раёна. Да мемарыяла былі ўскладзены кветкі, адзначалася роля аб’яднання заходняй і ўсходняй Беларусі ў перамозе над нямецка-фашысцкімі акупантамі. Гучалі тэматычныя вершы.

Прэс-служба МАА СПБ