ПАСТАНОВА ІІІ з’езда грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»
Share the post "ПАСТАНОВА ІІІ з’езда грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»"
Заслухаўшы і абмеркаваўшы даклад старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Чаргінца М. І., ІІІ з’езд творчай арганізацыі адзначае:
ІІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі праходзіць напярэдадні знакавай падзеі агульначалавечага значэння. 6 жніўня 1517 года ў Празе наш зямляк, слаўны сын беларускага народа з Полацка, мысліцель, вялікі асветнік, дзеяч эпохі Адраджэння Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу дзеля «пашырэння хрысціянскай веры» і «для наўчанне грамаце паспалітага люду» — «Псалтыр» — малітоўнік, зборнік песнапенняў на кожны дзень. З 1517 па 1520 гг. Скарына выдаў 22 кнігі «Бібліі», ён уласнаручна вырабляў літары, заснаваў станок для кнігадрукавання, сам пісаў прадмовы і пасляслоўі да сваіх выданняў, аздабляў першадрукі малюнкамі, змяшчаў на палях вершы і прытчы.
Сёння мы напярэдадні вялікага свята — 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Гэта падзея накладвае асаблівую адказнасць на ўсіх дзеячаў нацыянальнай культуры, у тым ліку на пісьменнікаў, майстроў мастацкага слова. Павышаецца адказнасць за слова надрукаванае, напісанае, за слова сказанае. Як ніколі, узрастае неабходнасць дабівацца запатрабаванасці кнігі, узмацнення яе ролі і ўплыву ў грамадстве, пашырэння выхаваўчага значэння кніжнай прадукцыі, паглыблення зместу літаратуры, яе пачуццёвага эмацыянальнага ўздзеяння на чытача і слухача. Кніга ў дадатак павінна быць належным чынам аформлена, быць маляўнічай, чытэльнай, з густам і пафасам эстэтычна здзейсненым запамінальным выданнем, стаць даступнай для чытача па цане і якасці.
ІІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі з поўнай адказнасцю канстатуе: у краіне інтэнсіўна і дабратворна развіваецца літаратурны рух, сфарміравана прыязнае творчае асяроддзе пісьменнікаў, адбываецца заўважная выкрышталізацыя сур’ёзных талентаў. Ідзе жывая творчасць таленавітых мас, фарміруецца яркая, пераканаўчая плеяда маладых творцаў у паэзіі, прозе, драматургіі. Пры гэтым творцы на ніве мастацкага слова выдатна разумеюць спецыфіку і задачы мастацкага спасціжэння рэчаіснасці: лірыку — як самавыражэнне разбуджанай душы, растрывожанага сэрца, прозы з яе маштабнасцю, эпічным поглядам на рэчы і з’явы і драмы — як асновы драматычнага дзеяння ў пэўны час і ў пэўны момант. Літаратура заўсёды з’яўлялася выразнікам болю і трывог, надзей і розуму, «валадаром дум народных», ледзь не адзіным мастацкім адбіткам душы народа. Слова — самы пластычны матэрыял, які належыць чалавечаму духу.
Сімвалічна, што наш пісьменніцкі форум праходзіць у дні святкавання 125-годдзя з дня нараджэння генія беларускага народа Максіма Багдановіча, напярэдадні 135-годдзя волатаў беларускага слова Купалы і Коласа.
Пісьменнік можа і павінен працягваць разам са сваім народам, разумеючы яго, падзяляючы яго погляды на жыццё, спасцігаючы яго думкі, запатрабаванні, адлюстроўваюць у творчасці інтарэсы і мары народа.
Саюз пісьменнікаў Беларусі і надалей будзе настойліва дабівацца кансалідацыі ўсіх творчых сіл на карысць развіцця роднай краіны.
Беларуская літаратура — гэта народная трыбуна, кафедра, лабараторыя, у якой выспяваюць значныя ідэі, што могуць авалодаць масамі. Разам з беларускім народам наша літаратура прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Беларускае слова выяўляла духоўны стан нацыі, заклікала да свабоды, выводзіла селяніна-беларуса на шырокую дарогу будаўніцтва нашай гаспадаркі, развіцця роднага краю, фарміруючы і ўмацоўваючы дух калектыўнасці, праслаўляючы самастойны выбар. Устанаўленню незалежнасці Беларусі ў многім садзейнічае тое, то беларускае слова — вуснае і друкаванае — захоўвалася на працягу многіх стагоддзяў, перадавалася з пакаленняў у пакаленне.
Класікі беларускай літаратуры пакінулі нам і іншыя, не менш важныя ўрокі: 1) самаадданасць працы на карысць Бацькаўшчыны, прыклады таго, як 2) неабходна пазбаўляцца ўсяго дробязнага і мітуслівага ў імя будучыні, 3) жыць адным жыццём з народам, 4) быць выразнікам яго спадзяванняў. Асаблівая роля тут належыць літаратурна-мастацкай крытыцы, якая павінна дапамагаць выпрацоўваць эстэтычны густ у чытачоў, ставіць «заслон» нізкапробнаму, безгустоўнаму, не апускацца да алілуйшчыны і кампліментаршчыны.
ІІІ з’езд нашай творчай арганізацыі пераканаў, што мы аднадумцы ў тым, як нам трэба працаваць дзеля далейшага росквіту роднай Беларусі.
Мы цалкам падтрымліваем палітыку, якую праводзіць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Толькі самаадданая стваральная праца, у тым ліку і на літаратурнай, творчай ніве, з’яўляецца падмуркам таго, што Рэспубліка Беларусь, застаючыся незалежнай і суверэннай дзяржавай, праводзячы самастойную згуртаваную палітыку, з кожным годам будзе ўсё больш квітнець і багацець.
Глыбокім пацвярджэннем сказанага можа служыць дзейнасць ГА «СПБ» ад з’езда да з’езда. Арганізацыя ўмацавалася арганізацыйна, стала заўважнай у творчых адносінах. За справаздачны перыяд выдадзена адна тысяча дзевяцьсот дзесяць найменняў індывідуальных і калектыўных кніг.
У выданні мастацкай літаратуры найлепшым чынам зарэкамендавалі сябе дзяржаўныя выдавецтвы: «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя», «Адукацыя і выхаванне», «Пачатковая школа», а таксама прыватныя выдавецтвы «Харвест», «Чатыры чвэрці». На сёння выдадзена: 91 том «Бібліятэкі Саюза пісьменнікаў Беларусі», 35 кніг — «Бібліятэчкі сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры».
Праца пісьменніка ў краіне адпаведным чынам заахвочваецца і падтрымліваецца. Мы адчуваем падтрымку ў выданні сацыяльна значнай літаратуры. Па магчымасці Саюз пісьменнікаў Беларусі выдзяляў дзесяць стыпендый маладым літаратарам. Мы былі ініцыятарамі і сталі выдаўцом часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы «Белая вежа». З актыўным удзелам ГА «СПБ» увайшло ў практыку правядзенне Дзён беларускага пісьменства, конкурсаў, «круглых сталоў», фестываляў паэзіі, традыцыйных свят кнігі. Працуюць творчыя секцыі. Заўважна акрэсліўся прыток маладых пісьменнікаў, усё гучней чуваць іх голас.
14 кастрычніка ў Маскве, у Дзелавым і культурным цэнтры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, прайшоў ІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У рабоце ўзялі ўдзел 70 дэлегатаў ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. З’езд засведчыў далейшы шлях актыўнага супрацоўніцтва пісьменнікаў Беларусі і Расіі.
Праводзяцца «Урокі мужнасці» ў Доме літаратара. Творчасць пісьменнікаў адзначаецца Нацыянальнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, прэміямі абласных аддзяленняў. Праца шэрагу пісьменнікаў за справаздачны перыяд адзначана ордэнамі і медалямі Рэспублікі Беларусь, граматамі Савета Міністраў, прэміяй СНД «Зоркі садружнасці», Прэміяй Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, пісьменнікі ўдастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, атрымалі ганаровыя званні.
Разам з тым у дзейнасці ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» ў справаздачны перыяд ёсць недапрацоўкі, нявыкарыстаныя магчымасці. Кніга ўсё яшчэ вельмі цяжка даходзіць да чытача. Тыражы кніг і літаратурных выданняў нізкія. Саюз пісьменнікаў Беларусі не знайшоў яшчэ поўнага паразумення з кнігагандлем. Недастатковая праца з бібліятэкамі, школамі, ВНУ па прапагандзе кнігі, твораў пісьменнікаў. Неабходна пашырыць межы прапаганды беларускай кнігі. Адсутнічаюць абмеркаванні кніг калег па пяру, дыскусіі, недастаткова арганізуюцца прэзентацыі творчых вечароў. Патрабуецца далейшая настойлівая праца Праўлення САБ і яго апарату па ўмацаванні аўтарытэту пісьменніцкай арганізацыі ў грамадстве.
З’ЕЗД ПІСЬМЕННІКАЎ ПАСТАНАЎЛЯЕ:
-
Прызнаць работу Прэзідыума ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» за перыяд ад з’езда лістапада 2011 года да з’езда лістапада 2016 года здавальняючай.
-
Прэзідыуму ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» прыкласці ўсе намаганні для яшчэ большага ўмацавання аўтарытэту і ўплыву ў грамадстве значэння працы пісьменніка, удзелу літаратараў у ідэйнавыхаваўчым працэсе, культурным будаўніцтве ў дзяржаве, ва ўмацаванні і ўдасканаленні маральна-духоўнага патэнцыялу краіны.
-
Прэзідыум ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» дабіваецца стварэння ў пісьменніцкім асяроддзі атмасферы ўзаемнага даверу, атмасферы ўзаемападтрымкі і самакрытыкі.
-
Праўленню ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» наладзіць узаемавыгадныя сувязі з кнігагандлем. Дабівацца, каб «Саюздрук» эфектыўна працаваў ва ўсіх рэгіёнах краіны, каб кнігі беларускіх аўтараў маглі трапіць у кожны раён усіх абласцей.
-
Прэзідыуму ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» дзеля прапаганды літаратуры наладзіць шэраг выездаў з мэтай правядзення літаратурных вечароў па ўсёй Беларусі.
-
Праўленню СПБ прадоўжыць практыку ўсталявання штогадовых стыпендый маладым творцам. Удакладніць і зацвердзіць новыя Палажэнні аб стыпендыях для маладых аб умовах правядзення літаратурных конкурсаў.
-
Літаратурным выданням, сузаснавальнікам якіх з’яўляецца ГА «СПБ», часопісам: «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Бярозка», «Вясёлка», газеце «ЛіМ» дабівацца разнастайнасці апублікаваных матэрыялаў, пашырэння аўтарытэту сярод моладзі.
-
Штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» скіраваць большую ўвагу на публікацыю матэрыялаў літаратурнага характару, публікацый прозы, паэзіі, літаратурна-мастацкай крытыкі, на арганізацыю дыскусій, «круглых сталоў», меркаванняў мастакоў слова.
-
Пісьменнікам звярнуць асаблівую ўвагу на пашырэнне тыражоў кніг. Дабівацца, каб кнігі даходзілі да шырокага кола чытачоў.
-
Аддзяленням ГА «СПБ» шырэй арганізоўваць працу з маладымі літаратарамі, працягваць ствараць літаратурныя студыі для моладзі, дапамагаць у выданні іх твораў.
-
Арганізаваць у 2017 годзе двухдзённы Семінар маладых пісьменнікаў.
-
У сваёй дзейнасці Саюзу пісьменнікаў Беларусі актывізаваць супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, з творчымі саюзамі і грамадскімі арганізацыямі.