Паэтычныя мелодыі сяброўства
Так называлася літаратурная вечарына, якая напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі сабрала прыхільнікаў прыгожага пісьменства Уздзеншчыны.
Члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, удзельнікі раённага літаб’яднання “Нёманец” рады былі чарговай сустрэчы, магчымасці падзяліцца сваімі творчымі здабыткамі, планамі. Ураджэнка Расіі, пісьменніца Валянціна Шытыка падзялілася ўспамінамі пра тое, як апынулася ў Беларусі, прэзентавала новую аўтабіяграфічную кнігу “Все мы родом из детства”. Пра свае стасункі з Расіяй гаварылі і уздзенцы Ніна Лятун і Вольга Бокуць-Чабатарова. Прагучалі і вершаваныя радкі на нядаўнія трагічныя падзеі ў “Крокусе”. Старэйшы пісьменнік раёна Дзмітрый Вінаградаў паведаміў, што яго новы раман “В сорок первом, от горя черном” знайшоў станоўчыя водгукі і на нямецкай зямлі. Агульны лірычны настрой стварылі выступленні ўдзельнікаў “Нёманца” Тамары Каляды і Марыны Вабішчэвіч.
Госцем уздзенскіх літаратараў стаў калега з Дзяржынскага клуба “Выток” Уладзімір Белы. Прысутныя з цікавасцю паслухалі яго новыя вершы.
Сустрэча скончылася на цёплай творчай ноце.
Віктар САБАЛЕЎСКІ