Паэтычны марафон “ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ”
У нашу родную Беларусь, як і на ўсю паласу сярэдніх’ шырот, прыйшла пара залатой восені.
Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення працягваюць паэтычны марафон “ВОСЕНЬСКАЯ ПРЫЛЮДЫЯ”, прысвечаны гэтай цудоўнай пары года.
Святлана Быкава, г. Засляўе
Кола жыцця
Зжаўцелы, засохлы лісток
Упаў на далонь да мяне –
Жыцця неўміручы выток
Заціх у загадкавым сне.
Гляджу – бы чытаю па ім,
Як ён нарадзіўся і рос,
Пра тое, як быў маладым,
Зялёным, бліскучым ад рос.
Як летам з любоўю страчаў
Ён сонейка захад, усход…
Але час прыйшоў – ён апаў,
У сумны зляцеў карагод.
І вось на далоні ляжыць,
Апошняе дорыць святло…
Памёр, каб жыццё аднавіць,
Каб новае лісце змагло,
Жыццёвых набраўшыся сіл,
Зноў выканаць лёс-запавет:
Змярцвення страсаючы пыл,
Расквеціць вясной белы свет.
Восеньскім вечарам
На захадзе нябёсаў сінь
Агнём пунсовым занялася,
Як засцярога-напамін
Аб змрочным, непазбежным часе.
Нібы самотныя званы,
Звіняць ціхутка ў лузе золкі.
Сумуюць, ссохлыя, яны
Па яркіх колерах вясёлкі.
Чарнее ворывам зямля
У восеньскай пажоўклай раме.
Заціхла ўсё. Заціхла й я
Пад небам восені, бы ў храме…
* * *
Жар-птушкі залацістае крыло
Павольна дол зялёны накрывае.
Усё, што адзвінела, адцвіло,
Пад тым крылом паціху засынае.
Над лесам разліваецца спакой,
Пакінулі яго чароды птушак.
Ціхуткі ветрык недзе за ракой
Лісточак жоўты на дубку пагушкаў.
І ён зляцеў і лёг на карані
Бацькоў-дубоў шматвекавых, вялізных.
А ветрык не задумаўся ані:
Спяваў ён не на свяце, а на трызне.
Лісток заснуў навек паміж дубоў,
Пад шэпт іх векавога запавету,
Пакінуўшы пяшчотную любоў
Да сонца, да дубоў, жыцця і лета…
* * *
Душы нястомная патрэба –
Глядзець у восеньскае неба,
Дзе пасмы хмар імчацца хутка,
І згадваць з радасцю ці смуткам
Пра незабыўна-дарагое,
Пра незваротнае, пра тое,
Што шчасцем звонкім адзвінела,
Ці болем ціхім адбалела…
Плывуць касматыя аблокі
У невядомы край далёкі,
У край хвалюючых загадак,
Дзе за канцом ідзе пачатак,
Дзе краскі і зімой не вянуць,
Дзе нашы мары явай стануць,
Адкуль за восеньскім змярцвеннем
Жыцця пачнецца аднаўленне.
Восеньскія разважанні
1
У шызай дымцы адыходзіць лета…
Ці то канец, а мо пачатак гэта?
У лабірынце вечнага шукання
Заблыталіся межы існавання.
У сонным шэпце восеньскай лістоты –
Развага мудрай, вопытнай істоты
Пра сэнс і акалічнасці жыцця
І пра законы часу і быцця.
Аб тым, што ўсё адносна і часова,
Пяройдзе і адновіцца нанова:
Руплівы сейбіт залатое зерне
Вясной у глебу існавання верне.
2
…Ва ўсім пануе подых замірання,
Стамлення, адпачынку, забыцця –
І ў дымцы надыходзячага рання,
І ў стрыманасці дзённага жыцця.
У светлы час вялікага малення
Прырода замірае да вясны,
Каб у часы зімовага змярцвення
Пабачыць зноў вясновых казак сны…
3
На шэрым небе – сонечная просінь,
Шапоча каляровым лісцем восень.
Ісці так добра ветру наўздагонку
І слухаць мудрай восені гамонку
Аб тым, што існуе паняцце «час» –
Яго не назбіраеш празапас.
Што восень – лету залаты вянец:
Пачатак прадугледжвае канец.
І вер ты гэтай з’яве, ці не вер –
Наступны дзень складаецца з «цяпер»…


















