Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»
СКРОЗЬ ВОСЕНЬСКІ АЖУР
Скрозь восеньскі ажур чырвоных клёнаў
Па-над пажоўклай коўдрай паплавоў
Сачыла сонца позіркам чырвоным
За сумным клінам шэрых журавоў.
Не грэлі промні, як вясной калісьці,
Рамонкі ўсе на лузе адцвілі.
І вецер шамацеў апалым лісцем
На берагах загадкавай Вяллі.
На травах белы саван павуціны
Дрыготка трапятаў у цішыні.
Самотны крык апошні жураўліны
З царкоўным звонам зліўся ў вышыні
Мелодыяй празрыстаю і чулай.
У ёй быў сум з надзеяй на цяпло.
Скрозь восеньскі ажур гадоў мінулых
Юнацтва ва ўспамінах наплыло.
САМОТНАЙ ВОСЕНІ ЛІСТЫ
З дрэў барвовы восеньскі убор,
Абадраны злоснымі вятрамі,
Падае на апусцелы двор
Доўгімі сівымі вечарамі.
Хмары сеюць дробнаю імжой,
Робяць поле чорным, як вуголле.
За платамі, нібы за мяжой
Правадоў самотнае скуголле.
Вецер гне пажухлую траву.
І аб студню стукае вядзерца.
Думкі сумам ціснуць галаву.
І ад іх нікуды не падзецца.
Дом бацькоўскі шмат гадоў пусты.
А ўспаміны скачуць прад вачыма,
Як самотнай восені лісты.
Ды вярнуць былое немагчыма.
А СЭРЦУ ХОЧАЦЦА ЦЯПЛА
Зачырванела неба над гарой.
Расой халоднай бліснула трава.
Бярозак тонкіх залачоны строй
Таемна паглядае з-за хлява.
Асенні ціхі ранак у двары
Лістом пажоўклым падае ізноў.
Стажкі на лузе, нібы пухіры,
Тырчаць праз коўдру белых туманоў.
Над вёскай узнімаюцца дымы
Да воблака бялюткага крыла.
Яно здаецца подыхам зімы,
А сэрцу вельмі хочацца цяпла.
АСЕННЯЯ ЭЛЕГІЯ
Лес ахінуў асенні сон.
Туман страсаў расінкі-слёзкі
На мухамора парасон
З галінак маладой бярозкі.
Маўкліва скідвалі дубы
Апошні свой убор стракаты.
Разбегліся ў траве грыбы
Паміж карэнняў вузлаватых.
Схаваў асіннік верасы
Пад цёплай коўдраю чырвонай.
І павуцінкі, як вусы,
Застылі на галінках клёнаў.
На ўзлеску полымя калін.
Але заве мяне ў дарогу
Абрус чырвоных журавін
На дыванах імху сівога.
КРОКІ ВОСЕНІ
З узлеска цягне водарам грыбніцы
І дрэмле ў цішыні гушчар лясны.
Схавалася празрыстая крыніца
Пад коўдру лістапада да вясны.
Знік небасхіл у тумановай мроі
За неабсяжнай роўняю палёў,
І нежывой палеглаю травою
Віхор сцяжынку вузкую заплёў.
Размытай плямай сонца праз аблокі
Спрабуе дацягнуцца да зямлі,
Дзе шэранню кастрычнік лічыць крокі
Над роўнай чорнай коўдраю раллі.
ХАЛОДНЫ ВЕЧАР
Патрэскваюць паленцы ў печы.
Кажух прыемна грэе плечы.
А за акном халодны вечар
Узняў над хатамі дымы.
Імжа сцяной вісіць за плотам.
Навокал шэрая самота –
Асенніх дзён апошніх слота
Перад наступствамі зімы.
Пажоўклы ліст зрывае вецер,
Ламае на бярозе вецце,
Ганяе па падворку смецце,
Гудзе пагрозліва ў трубе,
Скуголіць у пятлі варотнай
Аб днях мінулых незваротных,
Слязою коціцца гаротнай
Па шкле аконным у журбе.
Цямнее хутка, хоць і рана.
А ў хаце чысценька прыбранай
Гучыць мелоды з экрана.
Не трэба нікуды ісці.
Патрэскваюць паленцы ў печы.
Кажух старэнькі грэе плечы,
І ўспамінаецца, дарэчы,
Усё прыемнае ў жыцці.


















