Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»

Паэтычны марафон

«ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»

Восеньскія замалёўкі ад паэта з г.п. Івянца

Дзмітрыя КРАСКОЎСКАГА

 

Восеньскія замалёўкі

Бярозаў голле, быццам на карцінцы,
Як золата пад сонцам зіхаціць.
Пыл за машынай, па старым гасцінцы,
Стараецца дагнаць яе, ляціць.
Уздоўж дарогі, медным лісцем, клёны
Пакрылі касагоры дываном…
На гарызонце лес, яшчэ зялёны,
Хаваецца за белым туманом.
І ні хмурынкі з раніцы на небе…
Ў блакіце чыстым самалёта след…
Марозік першы выскачыў на глебе,
Але ад сонца знікне пад абед.
У вырай журавы ўжо адляцелі,
Асірацелі рэчак берагі…
Дні карацей… А што ж вы шчэ хацелі?
Зіма ўжо хутка, першыя снягі.

Восеньскае

А за акном такая прыгажосць…
Там косы жоўтыя развесілі бярозкі
І клёны, нібы ў іх кароны ёсць,
Чырвоным золатам аздобілі дарожкі.
Лісты каштанаў высахлі даўно,
Каштаны ж градам падаюць у травы.
І травы дываном, нібы ў кіно,
Дзе дуб раскінуў голле, кучаравы.
Рабіна ў адзіноце, маяком,
Свае агні для птушак раскідала.
Ну, а яны, вядома, часцяком,
Злятаюцца кляваць, каб не прапала.
Ды кожны дзень карціна тут адна
І на прыроду хочацца маліцца…
Шкада, што бачу парк, але з акна…
І сумна мне, бо гэта ўсё ж бальніца.

Восень

Дні карацей… Пахаладала…
Дажджамі цешацца палі.
Праменні сонца вельмі ўдала,
Праз хмаркі, свецяць па зямлі.
Сабраны жыта і пшаніца,
Грыбы растуць, як на дражджах,
Яшчэ начамі лета сніцца,
Халодны дожджык мые дах.
Клін жураўліны ў хмарным небе
У край імкнецца, дзе цяпло…
Марозік першы ўжо на глебе…
І лета быццам не было.

Яшчэ

Яшчэ цяпло не адляцела ў вырай,
Яшчэ дажджамі цешацца палі,
Яшчэ пад ветрам, у бяседзе шчырай,
Сцяблінкі жыта гнуцца да зямлі.
Яшчэ злучае гарызонт вясёлка,
Яшчэ арэхі спеюць на кусце,
Яшчэ крычыць уранні перапёлка,
Ды ўжо пра вырай думае часцей.
Яшчэ буслы над вёскай карагодзяць,
Яшчэ рачулка чуе смех дзяцей,
Але павольна дні ў нябыт сыходзяць,
Каб да зімы зрабіцца карацей.
Мастак Вольга Рошчына “Восень за маім акном”. Палатно. Алей. 50х70. 2010

ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ