Паэтычны марафон «ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ…»

Наступную старонку “ВОСЕНЬСКАЙ ПРЭЛЮДЫІ

напісала паэтэса 

ЭЛЬВІРА ЯРЧАК

ВОСЕНЬ

Шэравокая красуня
Пад туманнаю накідкай,
Ты прыйшла так нечакана,
Русакосая мая.
Паскладала збожжа ў пуні,
Апранула нас у світкі
I рабінаю барвянай
Зазырчэла ў гаях.
Я люблю твой ціхі поступ,
I дажджоў самотных ніці,
I журботныя напевы,
Ад якіх душу пячэ, –
Развітацца ж так няпроста
3 васільком у спелым жыце,
3 жаўруковым цёплым спевам,
3 мяккай стомаю начэй.
Я люблю цябе за чары
Жураўлінай сумнай песні
I за шчодрыя дарункі,
Што за працу ты даеш…
Павуцінкай белай мары
Зачапіліся ў лесе,
I лістамі кружаць думкі,
I снуецца дзіўны верш.

РОЗДУМ

Так многа ў жыцці маім трывог,
Часцей жа –пра цябе, зямля святая,
А пэўна, будзе восень залатая
Для тых, хто гэта золата збярог.
Ды толькі колькі шчэ вакол такіх,
Што Божы скарб гатовы апаганіць,
І кветкі вырваць, і зямлю параніць,
І лес пакрыўдзіць брудам рук сваіх.
Чамусьці сустракаю ўсё часцей
Людскую бездухоўнасць і бяздумнасць.
Стаіць бярэзнік ціхі, цьмяны, сумны –
Баіцца ён няпрошаных гасцей.

* * *

Махнула восень залатым крылом,
Развесіла гірлянды – павуцінкі –
Зноў лета грэе бабіным цяплом
І дорыць нам цудоўныя хвілінкі.
І дорыць нам святло і цішыню
Апошнюю, тужлівую пяшчоту,
З надзей я гляджу ўвышыню
Ды чую жураўліную самоту.
І поўніцца самотаю душа,
Што лета гэтак хутка праляцела,
Гарыць у лесе залаты пажар,
Сумуе ціш над полем апусцелым.

МАЯ ВОСЕНЬ

На вуліцы цёпла –
Грыбная пара,
Зноў грэе нас бабіна лета,
Зноў лес мяне кліча –
іду я з двара
Пад светлыя промні Сусвету.
Ніхто не заменіць мне
ласку тваю,
Мая залатая красуня,
Ты студзіш і грэеш, –
Я ж песню пяю,
I ліру табе зноў нясу я.
Ты ўся чырванееш
ад ветраў ліхіх,
Хмурынкаю твар захінаеш,
Твая павуцінка
на скронях маіх
Срабрыстаю ніткаю ззяе.
Будзь добрай і мудрай,
О восень мая,
Дарэмна не плач і не злуйся
На тых, хто згубіўся
ў далёкіх краях,
Дамоў на жніво не вярнуўся…

АХ, РАННЯЙ ВОСЕНІ ДЗЯНЬКІ!…

Ах, ранняй восені дзянькі!
Яшчэ красуецца прырода,
Ды гай шуміць, і прахалода
З туманам крочыць нацянькі.
І дакранаюцца галін
Ужо халодныя павевы,
І не чуваць птушыных спеваў
Сярод бярозак і асін.
Ах, ранняй восені дзянькі
Нібы жыцця майго прыкмета.
Вы любыя душы паэта,
Як плынь бурлівае ракі,
Калі гуллівыя вятры
Яе то лашчаць, то бунтуюць,
І вербы гнуткія сумуюць,
А на рабінах жар гарыць.
Ах, ранняй восені дзянькі!
Грыбныя радасці – прыгоды
І лета бабінага подых,
Як поціск любага рукі.
Пяшчота сонечных хвілін
Такой лагоднаю здаецца,
Што проста замірае сэрца,
Нібы ў Сусвеце ты – адзін,
А над табою – сінь – блакіт.
Ах, ранняй восені дзянькі…

ПОЗНЯЯ ВОСЕНЬ

Позняя восень бывае лагоднай,
Сумнай і ціхай, нібыта ўдава.
Нават і ветрык стаміўся сягоння,
Дзесьці зрабіў невялікі прывал.
Зырка бярозкі на ўзлеску бялеюць,
Мерзне ў чырвонай рабіначкі стан,
Мякка жаўцее на светлых алеях
3 кволых лісточкаў асенні дыван.
Дуб адзінокі трымаецца годна:
Скрозь жалудамі ўслана трава.
Позняя восень бывае лагоднай,
Сумнай і ціхай, нібыта ўдава.
Бо не знайсці на знаёмых сцяжынках
Мне бесклапотнае шчасце маё,
Што заляцела сюды на хвілінку
Жоўтым лістком з невядомых краёў…

ВОСЕНЬ

Верасень расквеціў верасы,
Кінуў залатоўкі на сцяжынкі.
Восень пад фатою-павуцінкай,
Я нямею ад тваёй красы.
То плывеш нявестай на пасад,
То глядзіш руплівай гаспадыняй:
А ці поўны засекі і скрыні,
Ці духмяніць яблыкамі сад?
То заплачаш горка над зямлёй,
Ці то ўсмешкай сонечнай адорыш,
Сыпанеш халоднай ноччу зоры
Над самотнай цёмнаю раллёй.
І ў снапок сабраўшы каласы,
Адсвяткуеш весела дажынкі.
Восень пад фатою-павуцінкай,
Я нямею ад тваёй красы.

ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ