Пабачыла свет кніга Зіновія Прыгодзіча «Созидатели. Книга 4»

У выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга вядомага празаіка і публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Зіновія Прыгодзіча «Созидатели. Книга 4».

На працягу многіх гадоў пісьменнік сустракаецца з калегамі-літаратарамі, дзеячамі мастацтва, культуры, вядомымі ў краіне і за яе межамі людзьмі і вядзе дыялог пра творчасць, жыццё, наканаванне чалавека. У сваіх гутарках Зіновій Кірылавіч падштурхоўвае суразмоўцаў да разваг пра самыя складаныя працэсы ў розных кірунках жыццядзейнасці.

Новая кніга, выданне якой ажыццёўлена па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, сабрала пад адной вокладкай гутаркі-эсэ, гутаркі-партрэты, гутаркі-нарысы з народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём, вядомым паэтам і празаікам Максімам Лужаніным, пісьменнікам-франтавіком Алесем Савіцкім, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь пісьменнікам Барысам Сачанкам, ваенным лётчыкам, генерал-маёрам авіяцыі, пісьменнікам Анатолем Сульянавым, народным паэтам Беларусі Максімам Танкам, народным артыстам СССР Расціславам Янкоўскім.

Пра што толькі не гавораць зацікаўленыя суразмоўцы! Зіновій Кірылавіч склаў кнігу з гутарак, якія рабіў на працягу ранейшых гадоў, дапоўніў іх сённяшнімі ўласнымі развагамі альбо раней не выкарыстанымі матэрыяламі, публікацыямі герояў кнігі. Сама назва цыкла «Созидатели» — «Стваральнікі» сведчыць пра канцэптуальны падыход пісьменніка і публіцыста, пра яго выбар, з кім весці дыялог: і пісьменнікі, і мастакі, і акцёры — людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, стваральнікі той духоўнай, высокамаральнай атмасферы, якая спрыяе фарміраванню грамадства, уплывае на многія з’явы жыцця і нават станаўленне нашай дзяржавы. Зіновій Прыгодзіч разам са сваімі героямі апантана, доказна сцвярджае спрадвечную ісціну пра вагу духоўнасці, сапраўднай культуры ў станаўленні, выхаванні новых пакаленняў грамадзян краіны.

І хаця наклад чацвёртай кнігі з цыкла гутарак — усяго толькі 450 экзэмпляраў, выданне трапіць у вядучыя бібліятэкі краіны. Разам з тым «Созидателям» патрэбны і масавы тыраж. Хацелася б, каб выданне пагарталі і даследчыкі літаратуры, мастацтвазнаўцы, гісторыкі культуры, музейныя работнікі — усе тыя, хто стварае, захоўвае партрэт беларускай культуры. Прызнацца, некалькі разоў перачытаў гутарку З. Прыгодзіча з Максімам Лужаніным. Пісьменнік старэйшага пакалення змог перадаць свайму малодшаму калегу столькі ўнікальнай інфармацыі, што атрымаўся нарыс пра беларускую літаратуру, яе развіццё на пэўным гістарычным адрэзку часу. Янка Купала, Кузьма Чорны, Якуб Колас, Цішка Гартны паўстаюць са старонак як жывыя, Лужанін расказвае пра сустрэчы з імі з асаблівай любоўю.

Любоў, павага, захапленне — і ў тэкстах Зіновія Прыгодзіча, яго пытаннях, адрасаваных суразмоўцам. Гэтая адметнасць асабліва прыцягвае да кнігі «Созидатели», робіць працэс чытання прыемным, напоўненым адкрыццямі і развагамі.

Надзвычай цікавай падаецца гутарка і з франтавіком, партызанам, празаікам, дзіцячым пісьменнікам Алесем Савіцкім. Зусім юным ён выбраў шлях змагання з ворагам, фашысцкімі карнікамі. Алесь Ануфрыевіч перадае той настрой, тыя думкі, што кіравалі ім, яго равеснікамі ў 1941 годзе, калі бот нямецкага салдата ступіў на нашу родную зямлю. Месцамі ў гэтай гутарцы адкрываюцца балючыя дэталі, балючыя ўспаміны…

Бібліятэка кніг з гутаркамі, якія Зіновій Кірылавіч вядзе на працягу многіх дзесяцігоддзяў, павінна прадаўжацца. Яна патрэбна яшчэ, на мой суб’ектыўны погляд, і тым маладым людзям, якія ідуць працаваць у журналістыку. Зробленае аўтарам «Созидателей» — добры прафесійны ўрок, як рабіць інтэрв’ю, як рыхтавацца да сустрэчы з рознымі асобамі.

Мікола БЕРЛЕЖ