Напярэдадні ІІІ з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі

Ад фаліянтаў да забаўлянак

5_47_stelmaxЗа апошнія пяць гадоў у творчай скарбонцы пісьменнікаў Міншчыны з’явілася амаль 450 новых выданняў. З-пад пяра літаратараў цэнтральнага рэгіёна выйшлі кнігі самага рознага кшталту: грунтоўныя фаліянты амаль энцыклапедычнага характару і асобнікі пачаткоўцаў; проза, публіцыстыка для дарослых і казачныя забаўлянкі для дзятвы.

Асаблівы гонар — калектыўныя зборнікі. Вабіць незвычайнасцю вобразаў, шматколернасцю мастацкіх параўнанняў, эпітэтаў багатая на разнастайную жанравую палітру «Міншчына літаратурная». Зборнік «Радзіма. Адзінства. Перамога» стаў своеасаблівым пісьменніцкім гімнам сённяшняму мірнаму дню. У альбоме «Зачараваны Беларуссю» фотаздымкі гарманічна спалучыліся з паэтычнымі радкамі. Удзел у праекце ўзялі больш як 20 паэтаў з розных куткоў вобласці.

Імёны многіх творцаў Мінскага абласнога аддзялення СПБ вядомыя шырокаму колу чытачоў: Генадзь Аўласенка, Дмітрый Вінаградаў, Барыс Далгатовіч, Наталля Голубева, Зіновій Прыгодзіч, Мікалай Смірноў, Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

Аб прызнанні пісьменнікаў Міншчыны сведчаць узнагароды. Сёлета, напрыклад, асаблівую адзнаку — Нацыянальную літаратурную прэмію — атрымаў аўтар кніг для дзяцей Сяргей Клімковіч.

Аўтарытэтнасць пісьменніцкай арганізацыі пацвярджае і колькасны рост членаў абласнога аддзялення, у складзе якога — 91 літаратар. Кожны з іх — са сваім творчым почыркам, адметным мастацкім стылем. Кожны чароўнай сілай прыгожага слова імкнецца захапіць чытача, далучыць да шчырага сяброўства з кнігай. Таму пісьменнікі Міншчыны такія частыя госці ў школьных і студэнцкіх аўдыторыях. Знакавай для жыцця аддзялення стала акцыя «Кнігі пісьменнікаў — у бібліятэку чытачам», ініцыятарам якой выступіў член Савета аддзялення Леанід Крыванос. Такім чынам 14 раённых бібліятэк вобласці атрымалі імянныя кніжныя падарункі.

А шматгадовае супрацоўніцтва абласнога аддзялення з Дзяржаўным пагранкамітэтам Рэспублікі Беларусь натхняе армейскую моладзь на годнае нясенне службы. Памятнай сталася сустрэча пісьменнікаў аддзялення з маладымі байцамі-пагранічнікамі «вучэбкі» ў Дзяржынску.

Наогул, тэма Вялікай Айчыннай вайны, звязанае з ёй ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі — галоўны прыярытэт сучасных творцаў Міншчыны. Гэта пацвердзіла і сёлетняя паездка літаратараў у вёску Станькава па мясцінах, дзе жыве памяць пра гераічныя падзеі мінулага. Існуе глыбокае перакананне ў тым, што цяпер на змену ветэранам, якіх, на жаль становіцца ўсё менш, павінны прыйсці менавіта пісьменнікі, каб не засталося недапісаных старонак вайны, каб кожны з яе герояў быў ушанаваны. Гэта стала лейтматывам і адной з нядаўніх перадач на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё «Пісьменнікі Міншчыны пра вайну».

Такой жа прыцягальнай, шчымліва роднай і блізкай застаецца тэма радзімазнаўства. Шматлікія публікацыі ў прэсе, новыя выданні папаўняюць звесткі пра мінулае Міншчыны, багатае на адметныя падзеі, знакамітае выбітнымі асобамі. Іван Ярашэвіч, Барыс Савінаў працягваюць лепшыя традыцыі заўзятых краязнаўцаў.

А вось песенная творчасць — гэта найноўшы кірунак праяўлення талентаў Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Яркім удзелам у розных фестывалях і конкурсах пракладаюць свой зорны шлях паэты-песеннікі Таццяна Атрошчанка, Кастусь Цыбульскі, Уладзімір Цанунін.

Значна ажывіла творчае жыццё абласной пісьменніцкай арганізацыі створаная на яе базе вочна-завочная школа «Са-Творчасць». Яе мэта — адшукаць юных аматараў мастацкага слова, каб падтрымаць іх першыя крокі ў, магчыма, вялікую літаратуру. Ірына Карнаухава, Таццяна Якаўлевіч і Бажэна Ганушкіна, аб’яднаўшы вакол сябе амаль 50 вучняў школ вобласці, з поспехам рэалізоўваюць гэты літаратурна-педагагічны праект. Своеасаблівы філіял школы «Са-Творчасць» — літаратурны клуб «Ізяслаўцы» — дзейнічае ў Заслаўі. Кіруе ім Святлана Быкава. Сёлета яна разам з вучнямі трох навучальных устаноў горада стварыла калектыўны зборнік «Струмені заслаўскай крынічкі». У ім прадстаўлена не толькі творчасць пачынаючых паэтаў і празаікаў — кніга ілюстраваная работамі юных мастакоў з мясцовай мастацкай школы.

Прыемна і тое, што ў розных раёнах Міншчыны працуюць 11 літаратурнапаэтычных і літаратурна-музычных аб’яднанняў. Да таго ж, на базе многіх школ вобласці створаны літаратурныя музеі. Таму і ў планах Мінскага абласнога аддзялення СПБ — пашырыць узаемадзеянне з творчымі калектывамі на месцах. Каб, аб’яднаўшыся, разам зрабіць мастацкае слова яшчэ больш уплывовым, каб з яго дапамогай пераконваць грамадства ў вартасці сапраўдных каштоўнасцей і ідэалаў, як бы пафасна гэта ні гучала.

Нагода чарговага з’езда пісьменніцкай грамадскасці краіны дае падставы кожнаму пісьменніку задумацца і пра ўласную ролю творцы, і падсумаваць творчыя здабыткі за не такі ўжо і малы час — пяць гадоў. Вось з такімі хвалюючымі думкамі, уласнымі грунтоўнымі развагамі пісьменнікі Міншчыны рыхтуюцца да свайго форуму. Важна, каб было пачута іх самае галоўнае слова: у грамадстве павінны панаваць мір і згода.

Алена СТЭЛЬМАХ,

намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ

“ЛіМ” №47-2016