Мастацва ці рэфлексія: tertium non datur?

“Нёман”

Выдатна: паэтычныя падборкі Ірыны Багдановіч, Аляксея Клацкога, Вольгі Злотнікавай. У адрозненне ад тэкстаў іншых жанраў, паэзія гэтага нумара атрымалася надзвычай гарманічнай. Аўтары пішуць на розных мовах, маюць розны творчы досвед, але іх вершы аднолькава ўзнёслыя, крыху рамантычныя, азначаныя пачуццём духоўнага хараства.
Вершы маладой паэтэсы Вольгі Злотнікавай нагадваюць, што вобразнасць мастацкай мовы вызначаецца не толькі багаццем тропаў (слоў, ужытых у пераносным значэнні), але і сінтаксісам, ад якога залежыць інтанацыя і эмацыянальная афарбоўка паэтычнага радка. Верш без складаных метафар будзе ўспрымацца як мастацкі твор дзякуючы адметнаму паэтычнаму сінтаксісу — рытарычным пытанням і зваротам, паўторам, іншым сінтаксічным фігурам, якія выкарыстоўваюцца ў меру і з густам.
Творы Ірыны Багдановіч — прыклад паэзіі, якую варта перакладаць, каб прадставіць рускамоўнаму чытачу светаўспрыманне аўтара з беларускім поглядам на рэчаіснасць. «Галасы фрэсак», «Дзіцячы дом», «Урокі беларускай мовы» — той непасрэдны водгук праніклівай душы, які дазваляе адчуць наш час непараўнальна глыбей, чым хрэстаматыйныя карцінкі кшталту «бусел над жытам».
Сумніўна: п’еса Мулка Раджа Ананда «Тры зарокі». Твор англамоўнага індыйскага пісьменніка ХХ стагоддзя — адна з самых дзіўных і экзатычных публікацый нумара. Тры зарокі не ўспрымаюцца як адкрыццё, хуткі фінал здзіўляе: здаецца, апублікаваны тэкст — толькі першы акт, завязка п’есы. Разам з тым, зварот да асобы легендарнага Махатмы Гандзі, тэма духоўнага жыцця, праблема выбару мастацкай стратэгіі ў эпоху «пасля Джойса» інтрыгуюць і гарантуюць цікавасць да твора.
На суд чытача: Антон Алешка «З дзённіка ваеннага ўрача». Дзякуючы творам дакументальных жанраў сучасны чалавек можа паглядзець на Вялікую Айчынную вайну вачыма многіх яе ўдзельнікаў. Рэальнае ўспрыманне ваенных падзей апынаецца вельмі розным. Перамога над ворагамі — вядома, «ура!». Але іншым часам халодна, хочацца спаць і цяжка на душы, бо няма вестак пра сваю сям’ю. У дзённіку ўрача-пісьменніка мала яркіх батальных гісторый, але шмат трапных назіранняў і жыццёвай праўды. А адна з самых вялікіх радасцей на вайне для чалавека кшталту быкаўскага Фішара — сустрэча з разумным чалавекам і «галоўнае — чалавекам!».

“Полымя”

Выдатна: такую адзнаку можна паставіць не кожнаму літаратурна-мастацкаму твору, яшчэ радзей — крытычнаму. Але ў чэрвеньскім нумары «Полымя» ўсе крытычныя артыкулы і рэцэнзіі варта назваць выдатнымі. Першае, што хацелася б адзначыць, — гэта разнапланавасць і грунтоўнасць твораў, выбраных для аналізу: тут і захапляльная «Гісторыя праз лёсы» Алеся Марціновіча, і тонкая, экзатычная паэзія Лі Хэ ў перакладзе з кітайскай Алены Раманоўскай, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанка і Леаніда Дранько-Майсюка, і грунтоўная манаграфія Анатоля Крыварота пра узаемадзеянне партызанскіх фарміраванняў Беларусі і Расіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Шчыра ўзрадавала якасць крытычных артыкулаў: не было тэкстаў павярхоўных, з агульнымі фразамі, штампамі і абагульненнямі — усё лаканічна, трапна і неперадузята.
Сумніўна. Неадзназначным падалося апавяданне Валянціны Янавец «Фрау “Кудлатая”». З аднаго боку — арыгінальная задума паказаць Брэсцкую крэпасць з новага ракурса, праз містыфікаваную асобу разведчыцы Ксеніі Аксёнавай. Але ж у праўдзівасць гэтай гісторыі паверыць цяжка. Ці таму, што напісаная яна творцай, якая нарадзілася праз шмат часу пасля вайны. Ці не хапіла майстэрства слова?Варта заўважыць, што ёсць некалькі вельмі кранальных эпізодаў, якія сапраўды чапляюць. Але і яны неяк губляюцца ў сюррэалістычнай плыні апавядання.
На суд чытача хочацца пакінуць падборку сучаснай пакістанскай паэзіі ў перакладзе Алеся Бразгунова і Адама Шостака. Здаецца, што нам ніколі не зразумець гэты далёкі для нас народ. Але ўсіх яднае літаратура! Сучасная пакістанская паэзія нагадвае духмяную кветку з цудадзейным водарам. Яна шчымліва-лірычная і летуценная. Чытаючы пакістанцаў, разумееш, што жыццё чалавека кароткае і яго нельга разменьваць на дробязі. Ці атрымаецца беларускім чытачам пашырыць геаграфічныя, сацыяльныя, культурныя ўяўленні пра Пакістан разам з “Полымем” Будзем спадзявацца!

“Маладосць”

Выдатна. Згадваецца выказванне Іосіфа Бродскага наконт высокай, «сталай» літаратуры. Яе, па меркаванні паэта, адрознівае «вкус к метафизике». Уменне між радкоў проста гісторыі выказаць нешта большае, што закране і розум, і пачуцці, ― неацэннае. Для яго аднолькава неабходныя зоркае сэрца і гады працы. Першае ёсць у маладых аўтараў чэрвеньскага нумара «Маладосці». Тэмы іх вершаў і прозы важкія, таму часам ― непад’ёмныя. Узорам жа вялікай літаратуры могуць паслужыць перакладныя творы нумара ― эсэістычная проза Германа Гесэ і апавяданне Жана Жыано «Чалавек, які саджаў дрэвы». Яны найперш вартыя ўвагі. Герман Гесэ тут паўстае чалавекам маладым (апавяданні з ранняй прозы), ён у пошуку маральных крытэрыяў, якія можна было б прыкласці да практыкі, да самога жыцця. Сумненні ў сабе, дзіцячыя ўспаміны, якія востра перажываюцца ў сталым узросце, набліжаюць майстра метафізічнай прозы да рамантычных Цвейга і Мана. У той час як Жан Жыано ― зямны і прамаўляе пра сапраўды бязмежны патэнцыял чалавечай волі, якая можа змяняць жыцці тысяч людзей. Нязвыклая для сённяшняй літаратуры тэма. Але менавіта яе, стваральнай сілы мастацтва наўзамен рэфлексіям, так не хапае цяпер.
Сумніўна. Тут хацелася б сказаць не пра пэўны твор, але пра тэндэнцыю, якая прасочваецца ў творчасці найноўшага літаратурнага пакалення. Адмова ад рыфмы і рытмізаванага радка не зробіць вас арыгінальным. Здаецца, відавочна, але гэты «ход» чамусьці ўсё яшчэ лічыцца выйгрышным. Зрэшты, гэта толькі фармальны бок справы. Сутнасць у іншым: чамусьці аўтары лічаць патрэбным звяртацца найперш да інтэлекту суразмоўцы-чытача. Але ж паэзія ― стыхія. Найглыбейшая думка пройдзе незаўважнай, калі не закране сэрца. Філасофскі пошук неад’емны ў юнацтве, але варта памятаць: найперш ён патрэбны табе самому. Чытач чакае мастацтва!
На суд чытача. «Маладосць» адыходзіць ад фармату літаратурнага часопіса і робіцца пляцоўкай публіцыстычнай. З аднаго боку, перспектыўны шлях: большая аўдыторыя, уключанасць у грамадскае жыццё, шырокі ахоп аўтараў. З іншага ― верагоднасць згубіць даўнюю аўдыторыю і менш літаратурных імёнаў, абмежаваная плошча пад уласна прозу і паэзію. Што для вас мае большае значэнне?

“ЛіМ” №28-2016