Літаратурны марафон да Дня маці “Маці, мілая маці…”. Ганна Міклашэвіч

Матулі

Пяшчотнаю ўсмешкай, шчырым сэрцам

Матуля асвятляе мне дарогу…

З ёй не баюся ні жыцця, ні смерці,

Усе, як кажуць людзі, мы пад Богам…

Душу дзяцінства грэюць успаміны,

І адлятае некуды трывога…

На вуснах – пах духмянае маліны,

У лес з матуляй – доўгая дарога…

Сваволю я. Малая шчабятушка

Жартую і расказваю навіны…

Матуліна рука казыча вушка…

Якія цёплыя і светлыя хвіліны…

Яна і сёння побач. Скажа слова –

Сваёй жыццёвай мудрасцю суцешыць…

Мая МАТУЛЯ! Мой выток жыццёвы!

Зямны паклон прымі і мае вершы…

Паклон прымі за безліч спраў будзённых,

За дабрыні і шчодрасці суквецце…

Прымі душу з малітваю штодзённай

За твой спакой, здароўе, даўгалецце!