Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Васіль ЦІШКЕВІЧ. Сястра Хатынi
Share the post "Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Васіль ЦІШКЕВІЧ. Сястра Хатынi"
23 лютага споўнілася 80 гадоў таму, як нямецка-фашысцкія акупанты знiшчылi вёску Пераходы i яе жыхароў.
Восенню 1942 года ў бai з карнiкамi на лясной дарозе Шышчыцы – Aciпoвiчы, памiж вёскамi Фадзееўка i Жылiн Брод, партызаны знiшчылi калону машын i матацыклаў, звыш 50 фашыстаў. 27 кастрычнiка 1942 года акупанты спалiлi Жылiн Брод i Фадзееўку, а жыхары гэтых вёсак перасялiлiся ў суседнiя Пераходы, Беразінец, Крушнiк i Задоўбу.
У студзенi-лютым 1943 года нямецка-фашыцкiя акупанты правялi карную экспедыцыю «Свята ўраджаю» супраць партызан i мiрнага насельнiцтва Слуцкага, Грэскага, Пухавіцкага i Старадарожскага раёнаў. 23 лютага таго ж года карнiкi спалiлi 9 вёсак Случчыны разам з жыхарамі. Знiшчаныя Пераходы так i не адрадзiлiся пасля вайны. У вёсцы было 26 двароў, жыло 131 чалавек, загiнула – 116 (70 дарослых i 46 дзетак).
У Карэлii я адшукаў былога жыхара вёскi Пераходы Iвана Арсеньевiча Лiневiча, а ў Калiнiнградзе – братоў Фёдара i Вiктара Жураўскiх, якiя з’яўляюцца aпoшнiмi сведкамi трагедыi ў Пераходах.
Успамiнае Фёдар Жураўскi:
– Карнiкi акружылi вёску ў10 гадзiн ранiцы, яны абрабавалi жыхароў, потым адабралi моладзь, каб адправiць на прымусовыя работы ў Германiю. Хата нашых бацькоў стаяла на ўскрайку вёскi, сюды зганялi жывёлу. Былi прызначаны пагоншчыкi, якiм трэба было гнаць жывёлу ў Слуцк, а ў нашай хаце, акрамя мацi i сястры, сабралiся родныя, аднавяскоўцы. Іх спалiлi жывымi, чалавек 60, у нашай хаце, а астатнiх жыхароў вёскi Пераходы забiлi ў свaix дамах. Хаты, гаспадарчыя пабудовы – спалілі. Я ўзяў малодшага брацiка Biктapa за руку i разам з iм падышоў да пагоншчыкаў жывёлы. Каля хаты на возе сядзела жанчына з дзеткамi, якую палiцай з суседняй вёскi вывозiў з Пераходаў. Я папрасіў забраць з сабой i Вiцю. Яна згадзiлася, а палiцай змаўчаў. Я разам з пагоншчыкамi пагнаў кароў у напрамку да Шышчыц. Абапал дарогi нiводнай вёскi не засталося, адны комiны ад спаленых хат, а па ўзбочынах ляжалі забiтыя. Пачало цямнець, i мы разам з Лiдай Галяс, Андрэем Рубскiм уцяклi ў лес, але да ранiцы вярнулiся ў Пераходы. Вёска была ўжо спалена. У Пераходах уцалелi Iван Лiневiч, мой равеснiк, i Стэфанiда Дардынская, якая страцiла ў гэты дзень шасцёра дзетак, а сама, параненая, выпаўзла з палаючага дома.
19 красавка 1944 года партызаны атрадаў iмя М. Астроўскага i К. Ракасоўскага разбiлi карны атрад колькасцю 500 чалавек на месцы спаленай вёскi Пераходы. Фашысты страцiлi 78 чалавек забiтымi, акрамя таго, партызаны захапiлi трафеi: мiнамёт, 3 ручныя кулямёты, шмат вiнтовак i аўтаматаў. У гэтым бai вызначылiся камандзiр роты А. Ган, палiтрук А. Гаўрылюк i партызаны С. Галавенка, Н. Белы, Г. Краўчук. Смерцю храбрых загiнулi партызаны Паронш i камандзiр аддзялення славак Тарабаш, якi пахаваны на брацкiх могiлках у вёсцы Жылiн Брод.
Былы жыхар вёскi Пераходы Iван Лiневiч успамiнае:
– Жыхары спаленых вёсак Случчыны, што засталiся ў жывых, пасялiлiся ў шалашах, непадалёку ад Пераходаў за рэчкай Вясея. Нам дапамагалi адзеннем i ежай партызаны. Вясною 1944 года над нашай вёскай-партызанкай доўга кружыў самалёт-разведчык. Пасля бою ў Пераходах, якi iшoў тры гадзiны i закончыўся штыкавой атакай партызан i ix перамогай, карнiкi ўцяклi і не вярнулiся, каб пахаваць загiнуўшых. Прыйшлося гэта рабіць жыхарам вёскi.
2 лiпеня 1972 года на месцы Пераходаў быў адкрыты мемарыяльны комплекс. У памяць жыхароў вёсак Пераходы, Жылiн Брод, Палiкараўка, Перавалока, Беразiнец, Задоўба, Краснае, Крушнiк, Фадзееўка, Адамова, Руднаўка, расстраляным i спаленым жывымi 23 лютага 1943 года, а таксама воiнам i партызанам, якiя загiнулi ў барацьбе за незалежнасць нашай Радзiмы.
У сярэдзiне 80-х гадоў XX стагоддзя Элем Клiмаў зняў двухсерыйны мастацкi фiльм “Iдзi i глядзi”, у якiм расказваецца пра лёс вёскi Пераходы. Яна сiмвалізуе ўcе спаленыя вёскі Слуцкага раёна.
Даведка: карная экспедыцыя «Свята ўраджаю – 1» праходзіла ў студзенi 1943 года на тэрыторыі Слуцкага і Пухавiцкага раёнаў Мiнскай вобласці. Удзельнiчалi 11 нямецкiх палiцэйскiх батальёнаў, батальён СС Дзiрлiвангера. Было забiта звыш 2 тысяч чалавек, у Германiю забралi больш за тысячу. Карная экспедыцыя «Свята ўраджаю – 2» у студзенi-лютым 1943 года праходзiла на тэрыторыi Слуцкага, Капыльскага, Уздзенскага раёнаў Мiнскай вобласцi. Удзельнiчалi 13-ы нямецкi палiцэйскi полк СС, Слуцкая акруговая палiцыя, айнзатцгрупа (мэтавая ваенізаваная група) Вiльке. Знiшчана падчас аперацыi, спалена жывымi 2325 чалавек, 300 чалавек былi захоплены для адпраўкi ў рабства ў фашысцкую Германiю. Карная экспедыцыя «Горнунг» праходзiла ў лютым 1943 года на тэрыторыi Лунiнецкага, Ляхавiцкага, Жыткавiцкага, Слуцкага, Салiгорскага, Капыльскага, Нясвiжскага раёнаў. Удзельнiчалi тры нямецкiя палiцэйскiя палкi СС, чатыры ахоўныя батальёны, батальён СС Дзiрлiвангера. 13 тысяч мiрных жыхароў расстраляны, спалены жывымi, закатаваны фашыстамi ў ходзе карнай аперацыi. Фашысты разбурылi i спалiлi 1900 дамоў на тэрыторыі Мiнскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцей.