Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Уладзімір ЦАНУНІН. Мы – беларусы
Share the post "Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Уладзімір ЦАНУНІН. Мы – беларусы"
На Вялікдзень крыштальных званоў карагод
Да нябёс узлятае над краем.
Мы – маленькі, але старажытны народ,
І традыцый сваіх не губляем.
Ёсць у кожнага хата, садок, агарод,
Морам жыта хвалюецца ў полі.
Мы – маленькі, але працавіты народ.
Не былі гультаямі ніколі.
Не ірвемся на Захад, не прэм на Усход,
Да суседзяў адносімся роўна.
Мы – маленькі, але вельмі мудры народ
І разважлівы, і памяркоўны.
Спрабавалі чужынцы нас кінуць за дрот,
Знішчыць мову, пазбавіць сумлення.
Мы – маленькі, але вельмі горды народ.
Не паставіш такі на калені.
Толькі памяць Хатыні і Вострава Слёз
Цяжкім каменем стукае ў грудзі.
Проста мы – беларусы і гэта наш лёс,
І другімі ніколі не будзем.