Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Уладзімір ЦАЦУНІН. Лысая Гара
Share the post "Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Уладзімір ЦАЦУНІН. Лысая Гара"
Пажарам разліваецца зара,
Ірве тумана саван нетрывалы
Ў кутку, дзе вёска Лысая Гара
Над рэчкай Басяй у садах стаяла.
Гарыць пад сонцам слёзамі расы
Мурог лугоў над велічным спакоем.
Застылі моўчкі навакол лясы,
Нібыта ў вечнай варце над ракою.
Па хмызняку дарога, нібы роў,
Паўзе ўгару ад броду да крыніцы.
Па ёй суніц рассыпанная кроў
Здалёк туманам ранішнім дыміцца.
Адны сады, здзічэлыя даўно,
Яшчэ стаяць у тым баку паляны,
Дзе колісь даваеннае гумно
Свяцілася страхою саламянай.
Бяда вайны над Лысаю Гарой
Слупом страшэнным узвілася ў гуле.
Апошні плач дзяцей і іскраў рой
Ніводнага фашыста не расчуліў.
Цяпер плыве маўклівая зара,
Як успамін бяды, па ціхай плыні.
А вёска з назвай Лысая Гара
Сястрою роднай стала для Хатыні.