Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Наталля ЖЫЛЕВІЧ. Вогненная споведзь

Здаецца, учора быў дзень, былі справы,
А сёння –
сагналі у свіран, нібы для забавы.

Чужая гаворка нам, як “гергатанне”…
Надзею губляем мы на ратаванне.

Старыя і дзеці… Засовы закрыты
І полымем жудасным свіран спавіты….

Жанчыны галосяць… Старыя прыселі…
А там, у куточку, так жаласна пелі…

Крычаць, лемантуюць, грукочуць у дзверы…
Адказам гучаць кулямётныя стрэлы.

Заціхлі, замоўклі… Прад катам бяссілле…
Малітвай аб смерці збаўлення прасілі…

Чаму так баліць? А чаму так пячэцца?
Здаецца ў грудзях разрываецца сэрца.

Нібыта ад дыму, а можа ад болю
На вуснах сляза запяклася крывёю.

За што вашы здзекі? За што нам пакуты?
Хой стогны і плач вам пальюцца атрутай.

Для вас хай патухнуць і неба, і зоры…
За смерці нявінных – тапіцеся ў горы!

Згарэлі бярвенні, гарыць наша цела…
Душа у збаўленні у рай адляцела…

Ды толькі на ўзлеску сівая зязюля
Гады нашы лічыць – Кукуе.. кукуе…