Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Марыя ШАКУН. Загінуўшых чакаюць вечна
Share the post "Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Марыя ШАКУН. Загінуўшых чакаюць вечна"
146 прозвішчаў на помніку Мемарыяла “Загінуўшых чакаюць вечна” у вёсцы Доры Валожынскага раёна. 146, сярод іх 37 хлопчыкаў і дзяўчынак, – ахвяры жудаснай карнай аперацыі, адной з многіх, праведзенай фашысцкімі захопнікамі на беларускай зямлі. 23 ліпеня 1943 года людзі былі сагнаны ў царкву. Праз вокны ў храм паляцелі гранаты, застракаталі кулямёты. Будынак падпалілі. Людзі гінулі смерцю пакутнікаў, гарэлі зажыва. Гарэлі і іх хаты, знішчаліся сляды чалавечай дзейнасці на зямлі. Аднак…
Загінуўшых чакаюць вечна,
Пакуль жыццё ёсць на зямлі.
Усё на свеце хуткацечна,
Загінуўшых чакаюць вечна,
Яны ў нябыт не адышлі.
Новы храм у іх памяць стаіць,
Узвышаецца мемарыял,
Толькі сэрца нязменна баліць,
Быццам бачыць той страшны пажар.
Дзе гарэлі не дровы ў кастры,
А жывыя, нявінныя людзі,
У царкве, у святым алтары,
Хай ніколі такога не будзе!
Гэту жудасць, пакуты і смерць
Нават цяжка цяпер уявіць,
Што прыйшлося ім перажыць,
А ўсім вельмі хацелася жыць…
Не забыць, не забыць, не забыць!