Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Лілія МЯЛЕШКА. Шкатулка
Share the post "Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Лілія МЯЛЕШКА. Шкатулка"
Абцасаў постук гулкі трывожыць сэрца мне.
Нясу ў руцэ шкатулку, разглядваю яе:
Саломка ў колер збожжа, драўляных сцен цяпло.
…Бяздушнае бязбожжа тут здзейснена было!
Як бачу: лес зялёны. І колераў – няшмат:
Пад стрэхамі з саломы радок драўляных хат.
Такога прэцэдэнту – чакаць маглі яны?!!
Спалілі ўсё. Дашчэнту. І толькі каміны,
Што звоняць несупынна у мёртвых тых дварах,
Ды – бронзавы мужчына з падлеткам на руках.
Гарачыя каменні… Сясцёр Хатыні раць…
Па сонечных праменнях іх душам узлятаць.
Бетон. І строгіх літар суровае ліццё.
Не будзеш ты забыта, згарэлае жыццё!
Нячутныя маленні… Нябачны горні храм…
Шкатулка на каленях. Я ведаю, што там
Пакутнікі Хатыні мне у душу глядзяць.
…Ты, як Пандоры скрыня. Не буду адчыняць.