Літаратурная традыцыя пухавіцкай райгазеты
На Міншчыне выходзяць 22 раённыя і адна гарадская газеты. Гэта калі гаварыць пра дзяржаўныя мас-медыя. Большасць з іх уважлівыя да творчасці мясцовых літаратараў. У “раёнках” рэгулярна змяшчаюцца “Літаратурныя старонкі”. Пры некаторых рэдакцыях працуюць літаратурныя аб’яднанні.
Вось і “Пухавіцкія навіны” (газета выдаецца ў Мар’інай Горцы – цэнтры Пухавіцкага раёна) выпускае літстаронку “Мар’інка”. Магчыма, гэта адбываецца яшчэ і таму, што галоўны рэдактар выдання Вольга Уладзіміраўна Савасцюк – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар цэлага шэрагу кніг для дзяцей.
Гартаю нумар газеты за 24 снежня 2016-га… На старонцы “Мар’інка” – вершы Алеся Пісарыка, Уладзіміра Рунцэвіча, Соф’і Меляшкевіч, Аляксандры Лагвіновіч, Мікалая Марына, Галіны Шаўчэнкі, Марыі Скапенка, Віктара Саланца, апавяданне рускага дзіцячага пісьменніка Віктара Баныкіна ў перакладзе на беларускую мову. Некаторыя творы напісаны па-беларуску, іншыя – на рускай мове. Член Саюза пісьменнікаў Алесь Пісарык хаця і жыве ў Мінску, але па бацьках сваіх звязаны з Пухавіччынай, нарадзіўся і жыў у вёсцы Дукора. Пра Пухавіччыну – многія яго вершаваныя творы. Шмат гадоў назад і сам Алесь Пісарык быў кіраўніком літаратурнага аб’яднання пры пухавіцкай раённай газеце. Даўно (недзе каля чатырох дзесяцігоддзяў) друкуецца ў “раёнцы” (раней яна называлася “Сцяг працы”) рабочы паэт Уладзімір Рунцэвіч. За гэты час ён выдаў некалькі вершаваных зборнікаў. Уладзіміра Рунцэвіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Дарэчы, нельга не згадаць і тое, што з лёсам “Пухавіцкіх навін” звязаны многія літаратары. Яшчэ ў даваенны час у “раёнцы” (яна насіла ў 1930-ыя гады назву “За калгасы”) працаваў адказным сакратаром паэт Антон Бялевіч. Першым галоўным рэдактарам пухавіцкай газеты пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў празаік, перакладчык Уладзімір Ляўданскі. З выданнем звязаны творчыя лёсы паэтаў Аляксандра Пармона, Захара Біралы, Алеся Цвяха, Мечыслава Шаховіча, Алеся Усені, публіцыстаў, празаікаў Анатоля Ярохіна, Браніслава Зубкоўскага, Міколы Аленчыка, Уладзіміра Глушакова.
Кастусь Ладуцька