Літаратурная гасцёўня ў Мядзеле

“Паэзія як музыка душы” – пад такой назвай у Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка 25 студзеня прайшла сустрэча мясцовых аматараў мастацкага слова і прадстаўнікоў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

З пісьменніцкага боку ўдзел у мерапрыемстве прымалі старшыня аддзялення Леанід Крыванос і мядзельчане паэт Рагнед Малахоўскі, публіцыст і празаік Павел Жукаў, паэт Аляксандр Быкаў. З ліку аматараў – члены раённай ветэранскай арганізацыі разам са сваім старшынёй Уладзімірам Валасевічам, кіраўнік абласной арганізацыі ветэранаў Казімір Чарапкоўскі, удзельнікі аматарскіх творчых калектываў раёна. У якасці гаспадыні літаратурнай гасцёўні выступіла намеснік дырэктара бібліятэкі Ганна Падгол.

Адбыўся шчыры абмен думкамі пра стан сучаснай літаратуры, яе ролі ў жыцці грамадства. Госці расказалі пра сябе і сваю творчасць. Гучалі вершы ў аўтарскім выкананні Аляксандра Быкава, Рагнеда Малахоўскага, самадзейных паэтэс Святланы Роўды з курортнага пасёлку Нарач, Данаты Варабей і Валянціны Ефімавай з Мядзела. У выкананні ўдзельніц клуба аматарскай песні “Верасень” Валянціны Ефімавай, Ірыны Квяткоўскай і Людмілы Крупенкі прагучалі песні, словы і музыку якіх напісала Валянціна Ефімава.

Напрыканцы мерапрыемства старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі падарыў бібліятэцы кнігі пісьменнікаў аддзялення.

Прэс-служба

Мінскага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі