“Лета з добрай кнігай” – у “Зялёным бары”
Аздараўленчы лагер “Зялёны бор”, што пад Заслаўем, ужо не ў першы раз запрасіў пісьменніцу Таццяну Каленік на сустрэчу з юнымі спартсменамі, якія адпачываюць там у перыяд летніх канікул.
У ходзе творчага дыялога, прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі, хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем распавядалі пра старажытныя прадметы побыту. Маслабойкі, гладышы, вышываныя ручнікі пазнавалі школьнікі на стылізаваных аўтарскіх паштоўках пісьменніцы і параўноўвалі з тымі, што бачылі ў вёсках у сваіх прабабуль і прадзядуль, якія магчыма, у страшныя часы вайны былі па ўзросце такія ж, як яны цяпер.
Не мог не ўразіць удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі і галоўны персанаж твора Таццяны Каленік “Сола абарваных струн” маленькі беларус-скрыпач. Ігрой на на адной струне, бо тры іншыя абарвалі фашысты, ён расчуліў нямецкага афіцэра і той адмяніў пакаральны прысуд мясцовых жыхароў. З якой жа любоўю і гонарам стваралі дзеці свае першыя мініяцюрныя кніжкі-паштоўкі з выявай свайго героя, з кароткім расповедам пра яго! Незалежна ад таго, што хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца спортам, а дакладней, сінхронным плаваннем, яны праявілі моцныя інтэлектуальныя і мастацкія здольнасці. А іх імкненне “апрануць” сваіх намаляваных персанажаў у нацыянальны строй кранула сэрца кожнага прысутнага дарослага.
Таццяна Рыгораўна выказвае шчырую падзяку бацькам, настаўнікам, трэнерам, а таксама арганізатару мерапрыемства — загадчыцы клуба Владыка Вользе Валер’еўне. Яе любоў да сваёй справы, да дзяцей, створаныя яе рукамі нацыянальныя лялькі-берагіні, зменшаныя копіі беларускіх палацаў, рыцараў, афармленне чытальнай залы — усё гэта спрыяе выхаванню маральна-этычных якасцяў у падлеткаў, пачуццё патрыятызму, павагі да роднай зямлі.
Мерапрыемства прайшло ў межах рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.
Прэс-служба МАА СПБ